Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Тады слухай, – ажывіўся Зміцер Панцелямонавіч, – але перад гэтым уяві, што мы з табой сядзім на беразе ракі – на вечаровым пляжы – і больш нікога няма вакол. Назваў верш “Вечаровае”. І напісана тарашкевіцай.
Зміцер замоўк, апусціў галаву, чакаў прысуду ад сваёй спадарожніцы. На мой густ, дык верш добры, меладычны.
– Харошы верш, Змітро. Цёплы. Настраёвы. І каму ж ён прысвечаны, калі не сакрэт?
Ён усміхнуўся, пяшчотна паглядзеў на жанчыну:
– Таму, хто і пачуў яго першы...
Ліка схіліла галаву:
– Мне ніхто ніколі не прысвячаў вершаў. Ты – першы.
– Няпраўда. А Антон жа маляваў твой партрэт. Той, дзе ты каля бярозы. То – таксама верш. Мо і лепей, чым верш. Ён таксама пісаў яго сэрцам...
– Можа быць, – уздыхнула Ліка, не адрываючыся ад сваіх думак.
Выходзіла так, што Зміцер выступаў у маю абарону. Ён быў за мяне, цаніў мяне як мастака, як творцу... Дарэмна, выходзіць, я кепска думаў пра гэтага чалавека, дарэмна. І мне стала нават і сорамна за свае паводзіны...
Можа, гэта і быў той першы “плюс”, першая плата за тое становішча, у якім я апынуўся. Пачуць пра сябе добрыя словы, ды яшчэ з вуснаў таго, каго лічыў няхай не ворагам, але… Гэта не абы што. Другі “плюс” – я ж пабачыў сваю жонку зусім з іншага боку, – у рэальных абставінах не ўбачыў бы яе такую, не зразумеў бы яе душу, яе спакутаванага сэрца. Я ж жыў побач з ёю як глухая і сляпая істота, і яна цярпела мяне такога…
Гадзіннік паказваў а палове дзевятай вечара...
Меў я, значыць, на сваім рахунку яшчэ шмат часу...
Мне расхацелася сядзець з імі да канца.
Ужо не цікавіла, як яны развітаюцца, як Зміцер будзе праводзіць настаўніцу дадому.
Падняўся з крэсла.
Найперш пацалаваў Ліку ў вусны – толькі дакрануўся на імгненне. Яна ўздрыгнула, але не спужалася. Пальцам правяла па вуснах, як сцерла невядомы павеў ветру.
– Што з табой, Ліка? – устрывожыўся завуч. – Ты перамянілася ў твары.
– Нічога... Проста так.
Фужэр Зміцера стаяў на самы краёчку стала – вось-вось упадзе. У той момант, як ён хацеў яшчэ пра нешта папытацца ў маёй жонкі, я дакрануўся пальцам да фужэра – падпіхнуў яго, і – ён бразнуўся на падлогу і разбіўся...
Яны пераглянуліся. Ліка схапілася за шчокі – далонямі рук прыкрыла іх. У вачах сполах і недаўменне: стол ніхто не хітаў, і да фужэра ніхто не дакранаўся...
– То я зачапіў... – вінаваціўся Зміцер Панцеляймонавіч. – даруй, няўклюдны я нейкі... Мядзьведзь я, а мо і слон... Выпіў задужа…
– Не, гэта не ты. Не ты, – перапуджаным голасам прамовіла Ліка, не адрываючы далоняў ад шчок.
– А хто ж, калі не я? Сам жа не мог упасці.
– Сам – не, а вось...
Падышла афіцыянтка, супакоіла, папрасіла не хвалявацца і не звяртаць на тое ўвагі. Хуценька прыбрала аскалёпкі з-пад ног.
– І Цэзар гэтаксама... – уздыхнула жонка.
– Што – Цэзар, які Цэзар? – не разумеў завуч, здзіўлена глядзеў на яе.
– Гай Юлій Цэзар – рымскі пісьменнік і палкаводзец, – пад’южыла яго Ліка, адняла далоні ад шчок, заўсміхалася, дадала: – А цяпер нам пара. Мне пара – позна ўжо, Зміцер... Ён незадаволены, што затрымліваюся.
– Хто – ён, Ліка?
– Зміцер Панцеляймонавіч, мне і сапраўды пара ўжо.
– Добра, – пагадзіўся завуч, – але дазволь яшчэ пяць хвілінаў, не больш...
Ліка ў знак згоды кіўнула галавой. Мне, як я разумеў, у іх кампаніі больш прысутнічаць не выпадала. Бо мог утварыць і яшчэ большае, якое-небудзь, глупства.