Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Толькі не думай, Маша, у ложак ты мяне не зацягнеш. Сёння не баец я, сама бачыш, што анучка ..
– Нічога, ета самае, што не баец. Я і мёртвага падыму з таго свету. Табе і рабіць нічога не прыдзецца – я ўсё зраблю сама.
– Тады рабі, што хочаш. Засталася яшчэ кропля?
– А як жа! Засталося, дарагі суседзік, засталося. Ета самае, на два разікі яшчэ. Па грамульцы. Акурат на дваіх. Як ведаў, што я наведаюся. Трымай, і закусі во, ета самае...
Яна распранулася і легла побач, зашылася пад прасціну. Але не спяшалася, галоўнае, што сусед не прагнаў яе, а астатняе ўжо залежыць ад яе. Яна згодна і на тое, не першы раз...
На працу ён не пайшоў. Праз гадзіну зноў, знясілены, заснуў. Марына пакінула яго аднаго – падалася далей па сваіх клопатах.
Ачомаўся на трэція суткі – пад раніцу. Завінулі сябры, завінула Марына, – і ўсё пачалося спачатку, завіхуралася па новым крузе. У паліклініку з’явіўся счарнелы і сінякамі пад вачыма, – як хто таптаўся па ім, ці запрагаў у хамут. Але ніхто не папытаўся, не пацікавіўся, бо выдатна кожны ведаў, што з ім магло быць, як і ведалі, што цяпер ён будзе хадзіць маўклівы і паслухмяны, хоць да раны прыкладвай. Да яго адзін за адным падыходзілі зубныя тэхнікі, прасілі адліць зубы, бо ўсе тэрміны прайшлі, што галоўны бегае і шукае яго...
– Нічога, патрывае галоўны, патрываеце і вы. Не спяшайцеся, усе па чарзе. Будзеце прыставаць, зусім адліваць не буду...
Вось і пагавары з ім. Як барчук, як панок, як незаменны. І галоўнаму не паскардзішся, бо і Зуй яго баіцца зачапіць, бо пашле пра ўсіх і прыгразіць яшчэ, што пакажа, дзе ракі зімуюць...
Чакалі, калі душа памякчэе ў яго, калі на твары ўсмешка з’явіцца. Чарачку для яго падрыхтавалі, не больш, баючыся, каб зноў не нырнуў у запой ліцейшчык. Ён і сам не хацеў нырцы тыя даваць...
А потым і Мышка вярнулася. Абламейка перамяніўся, павесялеў, на працу прыйшоў паголены і наадэкалонены, з парога абвясціў:
– Ну, каму найперш трэба, налятай, браты і сёстры!
Вось тады яго працаздольнасці і апантанасці можна было пазаздросціць – за тыдзень выконваў месячную норму. Амаль начаваў у сваёй ліцейцы, каб замаліць свой грэх перад зубнымі тэхнікамі. І ўсё ў яго йшло спорна, ладзілася, усё спявала пад рукамі. Яму падсоўвалі дзяржаўныя работы і “хейфіц” – так называлі яны “левыя” работы, калі рабілі знаёмым ці па нечай просьбе.
Ён тады чараваў у сваёй ліцейцы бязвылазна, насвістваў сваю любімую мелодыю, смяяўся без прычыны, рагатаў. Не браў і кроплі ў рот. Яго і не запрашалі, не прапаноўвалі, бо ведалі, што Абламейка можа зноў забурыцца на паўмесяца, а тое ўдарыць не толькі па асабістай кішэні, а і па паліклініцы.
Тады і галоўны падыходзіў да яго, смела размаўляў загадчык артапедычнага аддзялення Петруноў. Шаўковы быў Абламейка, падатлівы, хоць на Дошку гонару яго партрэт прымацоўвай. Вось да такога і рахманага і падкацілася Мышка. У першыя дні не прыставала да яго – усё добра разумела, бо і трусы Марынчыны знайшла пад падушкай, выкінула іх адразу на сметнік, – насмажыла курэй, свініны на рынку адборнай накупіла. Нагатавала ўсяго, каб адкарміць, адхаяць мужа, выраўняць яго душэўны стан, улагодзіць добрым позіркам і словам, душэўнай спагадай. Сама ж падлашчылася, разбудзіла ў мужа тыя сонныя і стомленыя струны, падняла яго на тыя ранейшыя вышыні, калі яны яшчэ толькі пачыналі сямейнае жыццё.
У стомленага ўжо, улагоджанага і сытага, шампанскім падлечанага і папыталася:
– Як ты глядзіш, Колечка, на тое, каб я ў вясковай цішыні сабе дамок прыдбала?
– Як гэта?
– Мая сяброўка навучыла, даўняя, яна аграномам працуе ў саўгасе, што пад Рудняй. У іх шмат перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны. Даюць назусім, калі ўнясеш нейкі працэнт за дом.
Ён пакуль нічога не разумеў. Да яго не даходзіў сэнс таго, што прапаноўвала жонка. Домік? Для чаго? Навошта?
Мышка ўжо тысячы і тысячы разоў пракручвала лічбы ў галаве, асэнсоўвала варыянты, і той план пачынаў ужо набываць рэальныя рысы, рабіўся дасягальным і рэальным. Яна заблытвала сцежкі перад мужам, кружыла вакол галоўнага, потым зноўку выводзіла думку на роўную дарогу.
– Дык ты ж на рабоце лічышся тут, у горадзе... І гэты ж дом на табе лічыцца. А ў пашпарце ты распісана са мною. Як жа я? Ты ўсё абдумала?
Яна прытулілася бліжэй да яго, пяшчотней зашаптала:
– Абдумала ўсё да драбніц. Я ж не збіраюся перабірацца туды назусім жыць. Хачу аформіць на сябе дом. Ён і дачай будзе для нас, адпачываць будзем прыязджаць туды. Нейкі агародзік засеем. А распісаны... Абдумала. Нам трэба будзе на нейкі час развесціся з табою, каб мне быць маці-адзіночкай. Там уладкуюся на працу, аформлю на сябе селішча, а потым і ты прыедзеш да мяне... А не, дык я буду штодзённа прызджаць сюды.