Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Афіцыянтка ўжо накрыла столік. На ім – пляшка каньяку і шампанскае, салаты, яблыкі, апельсіны...
“Мяне так Анатас частуе, – падумалася весела, – а яе Зміцер... Адно хіба адрозненне, што тут шмат народу і на стале няма груш...”
Убачыўшы ў дзвярах маю жонку, ён борздзенька падняўся, пайшоў насустрач. Радасна заўсміхаўся...
– Праходзь, праходзь, Ліка, – запрашаў, адсунуў крэсла.
Яна агледзелася, як усё роўна прыйшла ў гэтую залу ўпершыню. З ёю мы ніколі ў “Пеўнік” не наведваліся. Мы, здаецца, ніводнага разу так і не сабраліся пасядзець сам-на-сам, усё неяк адкладвалі, пераносілі на далейшы, больш спрыяльны, час...
А завуч не зводзіў з яе вачэй, не хаваў сваёй радасці.
– Ты сёння нейкая незвычайная, – прамовіў Зміцер, і тое прагучэла як камплімент, ці то як заўвага. – У вачах тваіх як быццам і стома, як быццам і весялосць...
– Ды якая, Зміцер, у мяне можа быць весялосць? Званіла сёння зноў у пракуратуру.
– І што?
– Анічога. Глуха.
– Ён жа ім нічога не зрабіў. Хто ж мог яго выкрасці?
– Не ведаю. Як пайшоў да таго заказчыка, так і не вярнуўся... А хто той заказчык, як яго прозвішча? Антон казаў, што на караблі будзе працаваць, во і назву ўспомніла – “Алкеп”. Але ніхто той карабель на беразе Сажа і ў вочы не бачыў. Казала ж яму, што вялікія грошы да дабра не давядуць... Хаця ён не на грошы паквапіўся, як мне здаецца...
– Грошы, грошы... – няўцямна паддакнуў ёй Зміцер. – А давай не будзем пра сумнае, Ліка, – ажывіўся, паклаў сваю руку на яе. Яна маўчала, не адымала руку. – Ты як хаваеш яго ўсё роўна. Думай пра жывога – так яно і будзе. Будзем верыць, што вернецца, што ты зноў убачыш яго...
– Каб жа так...
– Ліка, што табе наліць?
– Каньяку.
Завуч выканаў просьбу – наліў чарачку, амаль поўную, – яго і не перапыняла Ліка. Смакуючы, глытком за глытком, выпіла ўсё. Зажавала тоненькім скрылікам лімона, пасыпаным цукрам, задумліва глядзела ў адну кропку.
Трэцяе крэсла каля іх пуставала. І на ім сядзеў я.
Гледзячы на іх, таксама захацелася выпіць і мне. Але я мог толькі панюхаць.
– Можна да вас падсесці? – нехта спытаў над маёй галавой.
– Не, мы чакаем свайго сябра, – схлусіў Зміцер, адпрэчыў невядомага наведвальніка – трохі паддатага, трохі нахабнага, расхрыстанага, няголенага...
– Выбачайце...
Я ў думках пахваліў завуча за кемлівасць. І не толькі за гэта. А і за тое, як ён адгукнуўся пра мяне. І на лавеласа ён непадобны. Калі б яны кахаліся, то і паводзілі б сябе зусім па-іншаму.
Далей ужо Ліка піла шампанскае. Яна любіла яго заўсёды. І выпіла поўны фужэр. Але ні добры настрой, тым больш весялосць, не прыходзілі да яе. У меру сур’ёзная, у меру вясёлая, не плакалася Зміцеру пра свае цяжкасці.
Зміцер пачаў размову пра школьныя клопаты, пра тое, што дырэктар нагрузіў звыш меры настаўнікаў, а зарплата мізэрная. Не зусім добрая атмасфера ў калектыве, дырэктар школы любіць падхалімаў і падлізаў, што не мае свайго голасу, а выконвае слепа дырэктывы райана...
Пашкадаваў ужо, што выправіўся следам за імі.
Нічога цікавага не ўбачыў, не пачуў – ніякай такой сваёй тайны яны мне не раскрылі. А і ці была яна хоць ў іх – іх тайна? А клопаты, пра якія яны расказвалі, мяне абсалютна не цікавілі. Хвалявала хіба толькі адно, – як у тых дзікіх і нечалавечых абставінах выжывае мая Ліка?
Змітро наліваў сабе каньяк, субяседніцы – шампанскае. Але піў найбольш сам. Не п’янеў, не балаболіў лішняга і непатрэбнага. Мне падалося, што ён найбольш стараўся развесяліць Ліку, суцішыць яе ўнутраны боль...
У зале стала душнавата, і ён адпусціў вальней на шыі гальштук.
Іграла прыглушана музыка – мелодыі спрэс замежныя. Сваёй, роднай, як і ўсюды, у такіх установах, не чулася. Падумалася пра тое, што добра паступілі на Львоўшчыне. Выкінулі з ужытку чужыя мелодыі, а танцавалі і спявалі толькі пад свае.
У другім канцы залы танчыла некалькі параў.
Але чамусьці ніводнага разу Зміцер не запрасіў Ліку на танец – не ўмеў ці адчуваў, што ёй не да гэтага?
Замест гэтага прапанаваў прачытаць свае вершы.
“Цяпер прыступіў да галоўнага, – натапырыўся я, – не вытрымаў?”
– Я іх нідзе не друкаваў, – прызнаваўся Зміцер, – і нікуды не дасылаў. А табе прачытаю першай. Добра?
– Чытай, – пагадзілася Ліка, адпіваючы з фужэра шампанскае.
На яе твары адбілася лёгкая ўсмешка. Ліка трошкі павесялела, расчырванелася.
Я, і толькі я, вінаваты ў яе пакутах, кінуў у невядомасць і журбу. А гэта самае страшнае – невядомасць. Яна ж не ведае – жывы я ці не, чакаць ці не чакаць мяне, валацугу і бадзяжніка... Вывад жа напрошваўся сам па сабе: быў бы жывы – абавязкова абазваўся б…