Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Усё, князь Мышкін, – аднёс яго на шафу, да хлеба, – мне пара, браце... Я яшчэ вярнуся.
Знаёмай дарогай, паўз сасновы бор, кіраваў дадому.
Ад гругання ў небе аж чорна – як усё роўна ноч апусцілася на лес. Як выходзіў з ляска, да мяне прыбіўся нічыйны сабака. Ён лашчыўся, не бачачы мяне, адчуваючы цяпло маёй рукі. Скуголіў ад задавальнення, жмурыў вочы.
– Цюцька, цюцька, – казаў я, расчулены, – і ты зразумеў мяне, як і Мышук... Як добра, што ты сустрэўся мне на дарозе, што вы ў мяне ёсць!..
Я сеў на зямлю. Абняў яго за шыю, прытуліў сваю галаву да яго – і пагатоў быў расплакацца ад замілавання і пяшчоты. Над намі каркалі крумкачы, на нас падалі промні сонца, якое яшчэ не схавалася за высотнымі дамамі, – а мы не маглі зрушыцца з месца. Як быццам у гэтых абдымках знайшлі для сябе самую вялікую асалоду і – неабходнасць адно ў адным...
Калі ж ўстаў з зямлі і пайшоў далей, – праводзіў мяне да самага дома.
Потым дадому прыйшла і Ліка.
Яна перакусіла і легла ў ложак.
Я сядзеў побач, у крэсле, і як усё роўна аберагаў яе сон. Падумаў: “А ці пойдзе яна на сустрэчу? А калі пойдзе, то пра што будуць гаварыць? Пра каханне?..”
Зазірнуў у сябе і адзначыў, што ў маёй душы не было ні грамачкі рэўнасці і крыўды. Ды і з-за чаго крыўдаваць на яе?
Здаецца, задрамаў разам з Лікаю.
Потым глядзеў на яе твар, змэнчаны педагагічнымі клопатамі, пачынаў шкадаваць, што знясільвалася сваёй працай, што ўсе свае сілы і энергію, сваю пяшчоту і дабрыню паклала на алтар школы. Усё сваё жыццё паклала. Да кропелькі. Мо ўпершыню ў жыцці пачаў глядзець на яе з другога, нечаканага для мяне, боку.
Доўга, здаецца, і не ляжала. Паднялася, пайшла няспешна ў ванную. Зазваніў тэлефон, але жонка не чула гудкоў – замінаў струмень вады, што ліўся ў балею. Сігналы доўгія, з перапынкамі – гудкоў з дзесяць. Пошум вады аціх. Ліка, нагрузіўшы на левую руку вымытай бялізны, як абярэмак дроў, прайшла на балкон – паўз мяне. Пачала развешваць на тонкую лёску, нацягнутую паміж сценкамі балкона, бялізну.
Скончыла развешваць, прычасалася, гледзячыся ў люстэрка.
Уздыхнула, не адрываючы позірку ад самой сябе. Пра што яна
думала ў гэты момант, я не ведаў, але ўпэўнены, што думкі невясёлыя...
Потым Ліка паднесла табурэтку да тэлефона, села, узяла слухаўку.
“Каму званіць сабралася? Свайму завучу?”
– Алё, пракуратура? Алег Паўлавіч? Добры дзень! Я па сваім пытанні – ці ёсць якія навіны па пошуку майго мужа? Чаму ніякіх, калі прапаў чалавек, і няма яго ўжо тры гады... Ён жа не належаў ні да апазіцыі, якой вы так баіцёся, ні да партыйных лідэраў... Што? Робіце ўсё магчымае? Як не хвалявацца – я нічога не ведаю пра свайго мужа, а вы “не хвалюйцеся”...
Ліка паклала тэлефонную слухаўку. Яна, здаецца, плакала. Па мне? З-за мяне? Ці ад сваёй адзіноты? Тое, што мяне расшуквала пракуратура і што тое ініцыіравала жонка, мяне вельмі здзівіла. І абрадвала адначасова.
Зноў зазваніў тэлефон.
– Алё... Добры дзень, дачушка! Ды нічога... Навінаў ніякіх. Толькі што званіла ў пракуратуру – і нічога новага. Не, вечарам схаджу ў “Залаты пеўнік”. З завучам. Ды не, якое каханне. Пагаварыць чалавек хоча, выгаварыцца... Як у цябе там вучоба? Ну і дзякуй Богу...
Ціха ў кватэры. За акном чуваць чалавечыя галасы, дзіцячы смех, брэх сабакі. Усё знаёмае, усё роднае і прывычнае.
Зноў зазваніў тэлефон.
– Алё... Добра, Зміцер, буду. Памятаю. Толькі ці трэба гэтае спатканне? Яно нічога не зменіць. Ну, калі так... Добра, што тут збірацца.
“Не хоча ісці, а ідзе. Навошта? Завінавацілася нечым перад завучам, ці – ад няма чаго рабіць? Мо і так... А што я зрабіў бы на яе месцы? Хто ведае...”
З’явілася жаданне схадзіць разам з імі ў кавярню. Для чаго? І сам не ведаў. Пераканацца?.. У чым пераканацца? У распусце і граху жонкі? Ці ў яе невінаватасці? Але, падумаў, каб была пажадная ў распусце, то запрасіла б Зміцера да сябе – хоць на дзень, хоць на ноч... Ці прызначыў бы ёй спаткацца ў людным месцы... Неразумна і незразумела.
Ліка нават і не начапурылася, толькі пераапранулася ў свой, не галоўны святочны, касцюм – светла-зялёны пінжачок з карычневай спадніцай. Прыхапіла сумачку – і пакінула кватэру.
Я ж існаваў, як нябачны цень. Як і яна, ускочыў у тралейбус, але не сеў побач з ёю, бо нехта ж мог сесці на мяне, – а на Ліку, ці ў яе, сядаць мне не хацелася. Стаяў ззаду, назіраў.
У тралейбусе ўсё вакол выглядала і звычайным, і незвычайным. Звычайныя людзі, звычайныя размовы, але я пачуваўся ненатуральна. Для гэтага свету я не існаваў, ці то гэты свет не існаваў для мяне?
Завуч школы чакаў Ліку задоўга да сямі гадзінаў.