Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Чамусьці захацелася пагладзіць яго, дакрануцца да мяккай шорсткі. Калі дакрануўся да спіны Цэзара, той нечакана выгнуўся дугой, зашыпеў зллосна ад нябачнай небяспекі, выпусціў кіпцюры і ўпіўся ў маю руку. На падваконнік закапала кроў.
Вучні павярнуліся да акна.
– Цэзар, што з табой? – спытала Ліка, спрабуючы ўзяць яго на рукі, каб супакоіць. – Хто цябе напалохаў?
А кот, лёгка саспружыніўшы, што было сілы, падскочыў як не пад столь і, распушыўшы рыжы хвост, праляцеў, як вавёрка, міма настаўніцы, адначасова выдаючы такое верашчанне, што хоць вушы заціскай... Куляй выскачыў у калідор. Нейкі час чулася яго спалоханае мяўканне...
– Яму сабака прысніўся, – выказаў здагадку вучань з першай парты – у акулярах, з пшанічнымі валасамі.
Смяшынка пракацілася па класе і адразу ж зглухла.
– Можа і так, Міхась, – згадзілася Ліка, прыглядаючыся да акна, дзе толькі што сядзеў Цэзар, дзе стаіўся, як злодзей, я, чакаючы і верачы, што ўсё ж жонка ўбачыць мяне, прызнае. Не ўбачыла, не прызнала...
– Але давайце прадоўжым урок.. На чым мы спыніліся? Бальшавіцкая ўлада рабіла ўсё для таго, каб...
Ліка павяла далей урок, і не-не ды і зіркала на акно. Потым і падышла, стала побач са мною. Быццам нешта адчувала, ці мо нават і здагадалася пра нешта, бо хацела рукой намацаць тое, што так напалохала Цэзара, – абаперлася аб падваконне, пальцам памацала чырвоныя кроплі.
Я паклаў сваю руку на яе – і нічога не адчуў.
Але яна аддзёрнулася – быццам апалілася...
У клас забег завуч школы Зміцер Панцеляймонавіч – рухавы, вёрткі, невысокага росту, з пышнай чорнай шавялюрай. З парога жэстам рукі загадаў, каб не ўставалі, падаў сшытак класнай:
– Ліка Сяргееўна, дырэктар падтрымаў вашую ініцыятыву.
– Дзякую, Зміцер Панцеляймонавіч!
Завуч як нечакана ўляцеў у клас, гэтак жа нечакана і знік, пакінуўшы пасля сябе пах цыгарэтнага дыму.
Ліка разгарнула сшытак, што прынёс завуч. Сярод старонак ляжала кароценькая запісачка. Я стаяў за яе спіной і лёгка змог прачытаць тэкст:
“Ліка, любая! Ну, чаму ты аббягаеш мяне? Я настойваю на сённяшняй сустрэчы! Яна неабходна для абаіх. Чакаю цябе ў “Залатым пеўніку” – а дзевятнаццатай гадзіне...”
Жонка загарнула сшытак, паклала на стол. На яе твары ніякіх пачуццяў.
– А цяпер запішыце, калі ласка, дамашняе заданне.
Ліка, дыктуючы заданне, падышла зноў да акна, і доўга задумліва глядзела ў двор...
– Ліка Сяргееўна, нічога ў вас новага? – пацікавілася ружовашчокая дзяўчынка са светлымі кудзеркамі, якая сядзела на апошняй парце.
– Нічога, дзеці, нічога... – адказала яна сумна, не паварочваючыся да класа. – Пакуль што нічога... Але Бог дасць, усё праясніцца...
“Пра каго яны – пра мяне? Вучні ведаюць пра яе гора, перажываюць за яе, хвалююцца..”
Клас маўчаў, чакаў, калі зазвініць званок, абвяшчаючы перапынак.
Каб зноў не папасці ў дзіцячы вір, хуценька выйшаў з класа, не забыўся прыхапіць сумку, што стаяла каля дзвярэй. Потым спусціўся на першы паверх, прайшоў паўз тэхнічку Кацярыну, якая трымала на руках Цэзара.
Ён зноў натапырыў вушы, зашыпеў, гледзячы ў мой бок.
Жанчына мацней прыціснула яго да сябе.
Ужо на вуліцы мяне дагнаў голас электрычнага званка...
Да дома, у якім знаходзілася мая майстэрня, рукой падаць.
У ёй нічога не змянілася – усё на сваім месцы. Ясь і Яніна пра нешта спакойна размаўлялі, гледзячы адно на аднаго.
Я выгрузіў палову грошай з сумкі, склаў у шафу.
Пасядзеў ў крэсле. Наліў сабе чарачку каньяку, выпіў. Наліў яшчэ. Стала спакойна.
Калі прымружыў вочы, пачуў, як на шафе нешта захрабусцела.
“Мышук? – падумаў абрадавана. – Як жа я забыўся пра цябе? Жывы? Што ж ты еў увесь час?”
Падняўся, падышоў да шафы. У вялізнай місе ляжала паўбохана хлеба.
“Хто прынёс табе яго, Мышук? Ліка? Адкуль дазналася, што ты стаў маім сябрам? Сам сказаў?”
Разумеў, што ён не бачыў мяне. Але ж натапырыў вушы, прыслухоўваўся. Тады я яго ўзяў дзвюма далонямі і зняў з шафы.
– Я вольны! – крыкнуў яму, даючы зразумець, што гэта вярнуўся я, і што засумаваў па ім.
Сеўшы ў крэсла, паклаў яго на жывот і пачаў гладзіць па мяккай галаве. Мышук зажмурыў ад задавальнення вочы...
– Як мне не хапала, Мышук, цябе, каб ты б толькі ведаў...
Шмат чаго гаварыў яму, шмат на што скардзіўся... Ён слухаў мяне, сцішыўшыся на маім жываце, драмаў.
Гадзіннік на сцяне паказваў а шаснаццаць гадзінаў.
У маім распараджэнні было яшчэ шмат часу – больш шасці гадзінаў. Як іх выкарыстаць? Як іх правесці так, каб потым не шкадаваць?..