Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Скончыўся перапынак і зазвінеў званок. Пранізліва, аж вушы закладвала.
Першыя, самыя дысцыплінаваныя вучні, рванулі да дзвярэй, ледзьве не збілі мяне з ног, адтапталі чаравікі...
Прыйшлося адысці ўбок, стаць каля акна. Не хацелася замінаць хлопчыкам і дзяўчынкам. Школа гудзела, як патрывожаны вулей, а калі больш дакладна, то як патрывожанае кубло дзікіх пчол, – дзеці вішчэлі, крычалі, смяяліся, свісталі...
Падумалася пра жонку: “І як яна вытрымлівае штодня такое? Хопіць аднаго дня ў гэтым гармідары, каб трапіць у дурдом… Недарэмна жонка часта і прыходзіла дадому раздражнёнай, нават злой...
Няўжо для таго, каб зразумець сваю жонку, мне патрабавалася прайсці праз вароты Д’ябла, як быццам скрозь чарнобыльскую атрутную зону? Гэтая думка апякла мяне. А я ж яшчэ і раўнаваў яе немаведама з-за чаго і да каго… Даруй, Божа, грэх мой!
Калі ўсё аціхла, настаўнікі разышліся па сваіх класах. Я ачомаўся, успомніў, дзеля чаго прыйшоў у школу...
Падняўся на другі паверх. На шчасце, дзверы 9-га “б” класа аказаліся расчыненымі. Яшчэ здалёку пачуў голас настаўніцы:
– Сёння мы з вамі, дарагія мае дзевяцікласнікі, вернемся зноў да тэмы, якую праходзілі на пачатку вучэбнага года: “На шляху да бальшавіцкай дыктатуры”. У гэтай тэмы два падраздзелы. Першы – “Абвастрэнне палітычнай сітуацыі. Кастрычніцкі пераварот”. Другі – “Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух. Абвяшчэнне БНР”. Такім чынам, мы павінны з вамі...
Мне хацелася, каб убачыла мяне жонка ў расчыненых дзвярах, войкнула ад нечаканасці, ды перад усім класам кінулася мне на шыю – якім я тады шчаслівым чалавекам пачуваўся б!
Стаў перад парогам – за тры крокі ад яго, – нябачны вучням з першых партаў. Уваччу адна яна, іх настаўніца, мая жонка. Выцягнуўся ў струнку, як салдат на парадзе, рукі апусціў па баках – па шоўчыку, па-дурному ўсміхаўся: “Ну зірні, павярніся ў мой бок! Павярніся! Ну, няўжо не адчуваеш мяне, не адчуваеш мяне?!?”
Не адчувала.
– Ліка!.. – пагукаў напаўголаса.
Не пачула.
– Лі-ка! – мовіў трошкі мацней.
Рэакцыя тая ж самая.
Але голасу, здаецца, не пачуў ні клас, ні яна сама.
Зноў падаў голас. Крыкнуў, здаецца, гучна, як пракукарэкаў. Потым яшчэ раз – на ўсю школу, не асцерагаючыся, што мяне пачуюць іншыя.
– Лі-ка-ааа! Лі-іі-іка-аааа! – крычаў ўжо на ўсю моц сваіх лёгкіх, як у пустыню, – і з тым жа вынікам.
Тады рашыўся на апошняе.
Паставіўшы каля дзвярэй сумку, пераступіў парог класа Падышоў да жонкі, стаў побач. Чакаў, што яна ўсё ж убачыць мяне, усклікне ад радасці.
– Ліка!?! – ужо з усяе сілы крыкнуў ёй на вуха. Лі-ка-ааа!
Ніякай рэакцыі з яе боку. Ніякай рэакцыі і ад класа...
Чаму, чаму мяне ніхто не чуе? Чаму? Чаму?
Дакрануўся да рукі жонкі, але не адчуў дотыку. Не адчуў яе цела. Толькі яна, на момант, перапыніла свой аповед, як бы здзіўлена зірнула ў мой бок, на мяне, праз мяне, – і зноў працягвала тлумачэнне...
Мне боязна самому сабе прызнацца ў тым, што я зразумеў.
Мяне ніхто не чуе і не бачыць? Чаму так адбываецца? Які такі злы жарт сатварыў нада мною Анатас? Пакараў мяне ці, наадварот, даў магчымасць пабыць нябачным? Але ці не марыў аб гэтым некалі я сам: пабыць нябачным ды пахадзіць-пасядзець побач з сябрамі, паслухаць, што яны кажуць пра мяне; паглядзець-паназіраць, чым займаецца жонка, калі мяне няма... Дык жа радуйся, мары збыліся... Чаму ж не рады, га? Збыліся, здзейсніліся мары ідыёта!
Прайшоўся між партамі, пасядзеў за апошняй, пустой.
А настаўніца працягвала весці ўрок…
“Ну і сітуацыя, – разважаў я, – як мнеўспрымаць тое, што адбываецца са мною?..”
Пытанне напаўзала на пытанне, і ні на адно не мог нічога пэўнага адказаць. Але падсвядомае пачуццё падказвала мне, каб ўсё ўспрыняў спакойна, з гумарам.
Не слухаў, што казала жонка, – глядзеў за акно, дзе ўжо буяў травень, квітнелі сады, пеніліся грушы і вішні, пялёсткавы пах далятаў ў расчыненую фортку і ў клас, п’яніў галаву, дурманіў. Захацелася ўстаць і падысці да форткі, удыхнуць на поўныя грудзі вясновага паветра, адчуць сябе зямным чалавекам... А хіба ж я незямны? Які я, усё ж такі, чалавек? І ці чалавек я – урэшце рэшт?
Ну і ўліп... Ну і папаўся ж я! Як паляшуцкі ўюн у сак.
Ды нічога ўжо не паробіш, шаноўны спадар Антон! Нічога не зменіш. Становішча тваё і нельга сказаць каб зусті кепскае, але ж і не з найлепшых...
У класе, правільней, у школе, жыў кот. Звалі яго Цэзар. Шэрай масці, шыкоўныя вусы, зялёныя вочы. Я і ўбачыў яго на падваконніку трэцяга, апошняга акна. Цэзар драмаў, грэўся на сонцы...