Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
За дзвярыма патрабавальна гаўкнуў сабака.
– Чомб, не перажывай – мы занятыя. Патрывай трошкі, і да цябе чарга дойдзе.
Антаніна ўстала з-за стала, вынесла Чомбу абгрызеную костачку, паклала каля дзвярэй. Пачуўся хруст.
У гэты ж час гаспадар яшчэ раз наліў. Падняў, пачакаў, калі падыме і госця, стукнуўся з ёю – далікатна, ледзь чутна. Зірнуў на жонку, кіўнуў і выліў вадкасць у раззяўлены і шчарбаты рот. Хукнуў, ухапіў відэльцам скрылік агурка, пачаў жаваць.
– У гэтай справе галоўнае што? – пракаўтнуўшы, пачаў даваць парады. – Цярплівасць. І веданне таго, чаго дабіваешся. Але мы паможам, абяцаем, што не пакінем вас у адзіноце. Колькі ў вас пакояў?
– Чатыры. А правільней – тры. Мой бацька жыве ў чацвёртай.
– Гэта ж выдатна! І балкон ёсць, ці не так?
– Ёсць. Не вельмі, праўда, вялікі.
– А паверх які?
– Другі.
– Вельмі добра. А чаго ж вы не п’яце, Ала Антонаўна? – толькі цяпер угледзеў гаспадар, што ў госці амаль некранутая чарачка, ды яшчэ адстаўленая ўбок.
– Я болей не магу, даруйце.
У Антаніны і другая чарачка была пустая. Селівон наліў ужо трэцюю, падняў над сталом сваю.
– Калі другую не выпілі, то наступную я проста раю – за вашую прыбытковую справу. Яна не толькі дасць прыбытак, але ж і міласэрнасць вашай душы праявіцца. Гэта ж нашыя малодшыя браты, як сказаў паэт. А да іх мы павінны адносіцца з душой, усім сэрцам. Ці не так, Тоня?
– Правільна, Селівон, гэта справа міласэрная. Прыходзіш дадому з нікудышным настроем, аж чорна на душы бывае, а пагладзіш аднаго, зазірнеш у вочы другому – і адразу на душы прасвятленне, як на свет нараджаешся. Сабакі вельмі чуйныя да дабрыні, і адплочваюць тым жа. Нездарма ж кажуць, што сабака – лепшы друг чалавека.
Алачка для прыліку адпіла палову, падахвоціўшы гаспадароў, каб яны не саромеліся, пілі і закусвалі. І гаспадара, і гаспадыню прымушаць не трэба было – пілі і елі яна спраўна, на поўны рот, яна не паспела і агледзецца, як ад курыцы засталіся толькі костачкі. І ўспомніла пра дачку, якая прасіла хоць кавалачак, і стала ёй вельмі шкада Марынкі. У сумцы ляжала тры шакаладкі, забылася дастаць. Вось яна і пачастуе Марынку, як устане з-за стала...
– Дык з чаго мне пачаць, Антаніна Кірылаўна?
– З чаго? А з таго, што купіце ў нас суку. Выгадуеце яе, а праз дзесяць месяцаў павяжаце з пародзістым псом. А потым атрымаеце прыплод. Падгадуеце і, калі ласка, давайце аб’яву, што ад пародзістага сабакі ў вас ёсць гадавалыя шчанюкі, што яны каштуюць столькі і столькі. Прадсце, а потым зноў сучку на новую злучку. І новаму пакаленню дасце рады. Як выхоўваць, што ім трэба даваць, як карміць, мы вам падрабязна раскажам дома. Літаратурай неабходнай забяспечым. Сучку мы вам даставім дадому, выберам самую лепшую. Каштаваць яна будзе пяць тысячаў.
– Пяць? – не ўтрымалася Алачка ад здзіўленага воклічу, і ў яе забілася дыханне.
– Пяць, пяць – вы пачулі правільна. Не хвалюйцеся, Ала Антонаўна. Ад пародзістага бацькі дзеці будуць каштаваць ад пяці да васьмі тысячаў, а то і больш. Мы вам прадаем па заніжанай цане, ніжэй ужо нельга, яй-Богу, праз год вы не толькі акупіце свае выдаткі, а і памножыце у дзесяткі разоў свой прыбытак, а пры жаданні – і ў дваццаць-трыццаць...
– Зразумела.
– Калі да вас прыехаць? Калі прывесці шчанюка? Вось я вам пакажу яго, адну хвілінку.
Селівон крутануўся на табурэце, хуценька выкульнуўся з кухні, і праз момант вярнуўся назад, трымаючы ў руках карычневай масці шчанюка.
– Гэта – экстэр’ер. Пародзісты. Радаслоўная маецца, усё, як мае быць. Без падману, без балды.
Шчанючок цікаўна паглядаў на госцю жаласлівым позіркам, як быццам прыцэньваўся – ісці да гэтай жанчыны на выхаванне, ці застацца дома.
– Падабаецца? Праўда, прыгожанькі?
– Вельмі, – заўсміхалася Алачка, пагладзіла псіну па галаве. – А як зваць яго?
– Пакуль ніяк. Мы не даем клічку, яе павінны даць той, хто купіць.
– Граф! – чамусьці прамовіла Алачка і тут жа зарагатала. – Канечне ж, Граф. Граф! Граф! Во, і адгукваецца ўжо на покліч. Так і быць, будзеш Графам.
Алачка ўзяла на калені шчанюка, зноў пагладзіла, прытуліла да сябе. Адчула яго цяпло. Граф ледзь-ледзь падрыгваў, як змерз усё роўна. Але будучая гаспадыня ведала, што ён хвалюецца, перажывае, вунь як б’ецца яго ўсхваляванае сэрца.
– Не бойся, Граф, не пакрыўджу цябе, – запэўніла Алачка, тулячы да сябе маленькае стварэнне.
Селівон зноў узяўся за пляшку, наліў у шкалікі:
– Вось за знаёмства з Графам і вып’ем, і за яго хрышчэнне. Ала Антонаўна, мы віншуем вас з удалай пакупкай!