Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Адчувала, ды і ведала, што паляванне – гэта толькі шырма, бабы і гарэлка галоўнае... Вось і яна далучыцца да таго, у чым варыўся Віцік, зразумее асалоду і водар начных вогнішчаў... Рука пацягнулася да выключальніка, пстрыкнула клавішай, і ў пакоі стала цёмна.
Потым з вуліцы ад начнога ліхтара ў спальню прабіўся прамень святла і прыліп да сцяны, да светлых шпалераў. Але яна ўжо таго не бачыла, прымружыла вейкі і чакала, калі яе агорне цёплы і спакойны сон. Уяўляла, як добра будзе разам з Валерам, як ён зноў закіне яе пад воблакі, і яна будзе лётаць шчаслівай птушкай у тым чароўна-салодкім мроіве...
Мышка... Так ахрысцілі маладую жонку Абламейкі. Вяртлявая, хітрая, вочы так і шныраць туд-сюд, ніводнае слова вухам не прапусціць, ніводзін жэст чый-небудзь не праслізне па-за яе ўвагай...
Худзенькая, росту невысокага, гнуткая станам, прычоска з завітымі залацістымі косамі. Ходзіць нячутна, сапраўды як мышка, знянацку вынырне з дзвярэй і здзіўляе усіх – пра яе гавораць, а яна тут як тут. Таму стараліся пра яе і не гаварыць зусім, каб не ўчула, каб пасля не нагаварыла ў запале чаго непрыемнага для кожнага...
Абламейка сівеў з кожным месяцам усё больш і больш. Наколькі сівеў, настолькі ж і аддаляўся ад жонкі. Раней і паддобрываўся да яе пачкамі грошай – суне пад сталом на рабоце пачак, а яна праз колькі хвілін шмыг за дзверы – толькі яе і бачылі. Па крамах пабяжыць, будзе шнырыць, шукаць нешта, купляць усё, што пад рукі пападзе. Пакуль не растрыньчыць тыя тысячы, дадому не прыдзе. Проста хвароба ў яе такая была – траціць грошы.Сама ж зарабляла мала, амаль меней за ўсіх. А навошта? А Абламейка для чаго ў яе? Да яе, як да жонкі Абламейкі, галоўны не чапляўся, бо з аднаго боку быў і кумам (ведаў Абламейка, чым абязброіць Зуя), а з другога боку сам ліцейшчык пад п’яную руку мог нагнуць такіх мацюкоў, не кантралюючы сябе, што галоўны не ведаў бы куды і падзець сябе. Не ведаў, як ад яго пазбавіцца – і шкадаваў, і пабойваўся адначасова.Ліцейшчык з кожным днём заліваў у сябе гарэлку ўсё больш і больш.Калі-нікалі жонка прыходзіла на працу з падбітым вокам ці сінякамі на плячах. Не пыталіся пра тое, а яна сама і не расказвала, не хвалілася, не скардзілася. Напачатку хлусіла, што ў пограб спускалася, ды з драбіны сарвалася, а потым і перастала, ведала, што не паверыаць яе хлусні, бо і муж прыходзіў на працу з драпінамі на твары – як з катамі біўся.
Мышка магла з’ехаць на месяц-два да сваёй цёткі ў далёкі Растоў. Абламейка заставаўся адзін, без мышкі, без дачкі, без сняданкаў і абедаў. Піў тады да паўсмерці...
Тады ж прыходзіла, ведаючы пра яго адзіноцтва, суседка Марына, прыходзіла без запрашэння, спадзеючыся на нешта.
– Галава гудзіць, Абламейка, пасля ўчарашняга. Ці не пачаставаў бы грамчыкам... – наведалася на цямочку, расфуфыраная, наквэцаная парфумай, каб не прамазаць, каб прама “у дзесятачку”, каб сябе не абразіць і яго не пакрыўдзіць...
Ён ляжаў у ложку – у самога трашчала ў галаве, нават не памятаў, з кім учора сядзеў да поўначы, у кутку стаяла батарэя пустых пляшак з-пад піва і гарэлкі.
– Я і сам такі – каласнікі гараць. Не ведаю, ці ёсць, ці засталося што... Здаецца, на падваконне ставіў учора паўпляшкі, за фіранку. Паглядзі...
Яна, віхляючы зазыўна азадкам, да якога колькі разоў прыкладваўся ён і не шкадаваў пра тое, паглядзела на ўсе вокны, але безвынікова. Пакіравала да таго, што знаходзілася каля дзвярэй. Адхінула фіранку і шчасліва заўсміхалася – стаіць родненькая, аж паверыць у тое немагчыма, стаіць, але паўпляшачкі, заткнутая коркам. За вазончык схаваная. І то шчасце. Марына прытуліла яе да грудзей як немаўля, пацалавала потым за халодны бачок, усклікнула:
– Які ты малайчына, Абламейка! На сёння пакінуў... Такое рэдка здараецца – гудзяць жа да канца, а ты вунь... Ай і малайчына, ай і мудрэц, ета самае!..
Жанчына акуратна наліла ў шклянку, якая стаяла тут жа, на стале, меней паловы, падал першаму гаспадару:
– Каўцяні, ета-самае, палячыся...
Ён не чакаў, калі яна сабе налье, каб выпіць разам, каб стукнуцца бакамі шклянак, адным махам выліў у асмяглы рот, не скрывіўся, толькі крактануў ад задавальнення, прымружыў вочы. Марына ж расцягвала асалоду, трымала ў руцэ налітае, глядзела на Абламейку, прыкідвала, што з яго можна будзе ўзяць – ці здатны ён на што-небудзь. Палову намечанага яна ўзяла, а вось як з астатнім? Як бы гэта акуратна падкаціцца да яго, не ўзлаваць. Ведала і адчувала нутром, што вельмі кепска папасці мужчыне не пад настрой, вельмі кепска... Але надзеі не пакідала, настройвала сябе, настройвала і яго... Выпіла, не спяшаючыся, за некалькі доўгіх і працяглых глыткоў, цмокнула языком, няспешна паставіла шклянку на брыжык стала. Адламала ад сухой скарынкі крышыначку, у рот укінула...