Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Алачка папарадкавала ўсё ў кватэры – прапаласкала бялізну, нагатавала для дзяцей катлет на заўтрашні дзень, адпрасавала бялізну, якая высахла на балконе – на вуліцы было цёпла і суха; зашыла старэйшаму сыну дзірку ў штанах, гледзячы адначасова ўрыўкамі мексіканскі серыял; уклала дзяцей на ноч...
Зноў замачыла бялізну, і глыбокай ноччу прылегла ў ложак.
Над галавой, на брыжыку ложка, ляжалі апошнія газеты і “Каралева Марго”. Перад сном падабалася ёй ныраць у Гарбачоўска-Ельцынскую газетную сварку і звягу. Прабягала вокам па беларускіх газетах, чытала на той мове, якую ненавідзела, і дзецям з малых год унушыла, як, дарэчы, і бацька яе, што гаварыць на “дзеравенска-калхознай” мове вельмі “непрылічна”, што гэта не ўпрыгожвае інтэлігентную сям’ю савецкага медыцынскага работніка...
Алачка жыла Масквой і Варшавай.
Яна са скуры вылузалася б, каб паказаць, асабліва на людзях, што яна самая сапраўдная інтэлігентка, і не бяда, што бацька яе, і бацькавыя бацькі да такой касты ніколі не належалі, а сама яна ужо колькі год не можа прачытаць адну-адзіную кнігу “Марго”... То яны, бацькі, а вось яна ўмее ўсё, што ёсць у інтэлігентаў – машыну і відак, хату і мэблю ў ёй, апранаецца па апошняй модзе, чытае разумныя кнігі і газеты, цікавіцца палітыкай... І размаўляе на чыста русском языке. І за сталом есць як сапраўдная інтлігентка – выстаўляе какетліва мізінчык, і міміка, і пастава, усё-усё ў ёй гаворыць пра тое, што ў яе жылах цячэ тая блакітная кроў інтэлігенцкага саслоўя...
Ледзь чутна зазумерыў тэлефон – мякка, быццам прасіў у гаспадыні прабачэння за турботы. Рука адклала “Каралеву”, узяла слухаўку.
– Да-да, – з пявучым расцягам прамовіла Алачка, напручваючы слых, хто б гэта мог званіць у такі позні час.
– Гэта я – Валера, – пачуўся ў трубцы вясёлы і бадзёры голас. – Прывітанне з добразычлівай Прыбалтыкі!
– А, ты? Думаю, дзе падзеўся – як скрозь зямлю праваліўся.
– Правільна, я там быў, дзе скрозь зямлю і правальваюцца.
– Дзе гэта, Валера?
– Прабач, што не падаваў голасу. Кінулі ў гарачую кропку – у Арменію, дзе ліецца кроў. Там ні з кім сувязі не трымаў – нельга было.
– Зразумела. Адкуль звоніш – з дому?
– Не, Алачка, з дзяжурства.
– Таксама зразумела.
– Алачка, я адразу да галоўнага. Ты любіш прыроду?
Яна насцярожана задумалася: “Куды ён гне? Для чаго славесная гульня?”
Адказала ж коратка:
– Канечне ж, люблю.
– Тады як ты глядзіш на тое, што мы маглі б адправіцца ў суботу на паляванне. Пераначуем у лесе, ёсць добрыя палаткі і будуць усе выгоды. Шашлыкі падрыхтуем. Ёсць добрае крымскае віно. А ў нядзельку, пад вечар, вернемся дадому... Што адкажаш на маю прапанову?
Яна нейкі час маўчыць, абдумвае і ўзважвае, не хоча адразу ж і абрадавана адгуквацца на яго заляцанне, успамінае, ці вольная субота, ці не паламаецца які іншы план, і што з таго будзе, калі яна згодзіцца на паездку...
– Ну, што маўчыш, Алачка?
– Думаю. Нечаканая прапанова. А я гляджу на календар, ці не загружана ў суботу і ў нядзелю.
– Да суботы яшчэ два дні. Я проста прапанаваў, а ты глядзі. У мяне будзе ўсё гатова, астатняе залежыць толькі ад цябе. Табе спадабаецца, даю слова. Будуць яшчэ маіх два сябрукі, і яны са сваімі сяброўкамі. Людзі правераныя, надзейныя. Таму заўтра вечарам, у такі ж час, я табе пазваню зноў. Вазьму спецыяльна дзяжурства, каб у два выхадныя мяне не маглі чапнуць, і гэтак далей...
Ёй і хочацца адразу сказаць, прызнацца, што яна на ўсё згодна, але ж і разважлівасць інтэлігенткі, якой яна сама сябе лічыць, не дазваляе адразу кідацца ў вір з галавой, цвярозы розум бярэ верх і яна расцягвае паўзу, стараючыся прыдаць размове значымасць і вагу, уздыхае:
– Трэба падумаць. Баюся, каб хто не паламаў планы...
– Тады пазваніць заўтра?
– Так лепш будзе. А я пастараюся ўсё ўладзіць. Думаю, што мы здзейснім твой план. Добрага табе дзяжурства.
– А табе добрых сноў. Усяго найлепшага, цалую.
Яна ўсміхнулася, паклала слухаўку. Аб’явіўся, усё-ткі, а думалася, што ніколі больш не падасць голасу. Пэўна ж, хлусіць, што знаходзіўся ў Арменіі, але ж не праверыш, ды і навошта ёй тое, якая ў тым розніца. Пазваніў жа, значыць, засумаваў, значыць, хоча пабыць разам, ды і вунь якую забаву прапаноўвае. Родненькі граф вунь амаль кожныя выхадныя на паляванні знікае разам з Абламейкам і сябрамі. Вось яна і паглядзіць, як яны там страляюць, якія трафеі здабываюць у тым лесе, на лугах ды азёрах...