Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– За Графа! – усклікнула Тоня.
На гэты раз Алачка выпіла да дна. З каленяў не спускала цюцьку, леваруч сядзеў і тыцкаўся мордачкай у жывот яе новы жыхар. Прыкусіла скрылікам дзяшовай каўбасы, адкусіла, але есці не стала: усё, здавалася, было прапітана сабачацінай – і хлеб, і гуркі, і тая ж курыца, якая амаль і не дасталася ёй, як і Марынцы. Яе пачало ванітаваць. Добра, што на стале яшчэ была мінеральная вада. Калі ж адпіла, то яна падалася ёй сабачым потам.
“Божа, няўжо я вытрываю ўсё? – жахнулася яна ад адной толькі думкі, што ёй прыдзецца вынесці за той час, як нечага даб’ецца, і асцярожна апусціла шчанюка на падлогу. – Як я прывыкну да гэтага смярдзючага смуроду, як есці буду і спаць, адчуваючы ўсё тое ў сваёй хаце? Як аднясецца Віктар да маёй задумы? Адно што дзеці будуць задаволены, бо даўно прасілі купіць сабачку... Але ж гэты сабачка не для забавы, а для... Але ж сто тысячаў, сто тысячаў, – нехта з’едліва пытаўся, стоячы за спіной. – Пра іх забылася? Забылася, так?..”
– Дзякуй вам, гаспадары. Мне пара ўжо дадому. Паабяцала, што не затрымаюся доўга. Шмат клопатаў дома.
– Тады – аглабельную, на пасашок, як кажуць! – зразумеў намёк Селівон. – За вынік будучай справы, Ала Антонаўна! За ваш бізнес! За поспех!
Выпіла, але закусваць не стала. Каньяк, здаецца, трошкі перабіў непрыемны пах і адчуванне агіднасці, прыглушыў адмоўныя асацыяцыі. Паднялася з-за стала. Пайшла ў ванную, памыла рукі з мылам і твар, як быццам хацела змыць з сябе ўсё тое, чым набрыняла ў гэтай хаце. У ваннай было больш ванюча і непрыемна, патыхала нечым кіслым і вільготным. Але халодная вада супакоіла яе, выраўняла збольшага душэўны стан.
Марынка сядзела на падлозе з Графам, гладзіла яго, як быццам развітвалася з ім.
– Вы яго выбралі? – папыталася дзяўчынка ў госці.
– Яго, Марынка. Графам назвала.
– Графам? – шчыра падзівілася малая, нахіляючыся да пысы шчанюка. – Граф! Граф! Гаф!.. Гаф!... Але ж гэта не хлопчык, а дзяўчынка, значыць, Графа.
– Хай будзе Графа, Графка. Прыгожа.
Алачка дастала з сумачкі шакаладкі, і падала Марынцы.
– Гэта табе.
– Дзякую, Ала Антонаўна.
– На здароўе! Прыязджай да мяне ў госці, добра?
– Добра. Як возьме мамка.
– Возьме. Я папрашу яе.
Хацелася забраць Графа зараз жа, але падумала, што калі ў аўтобусе ён абмочыць ёй спадніцу, не будзе ведаць, што рабіць.
– Грошы калі вам аддаць – цяпер, ці пазней, калі прывязеце Графа?
– Не-не, усё па-чэснаму, – заківаў адмоўна Селівон. – Як прывязем – тады і грошы аддасце. Я падбяру кнігі і выразкі з газет і часопісаў, каб вы ведалі ўсё пра сабак. У вас дома і будзе першы ўрок. Згодны так?
– Згодна. Дзякую вам. Прыязджайце.
Алачцы такая пастаноўка пытання спадабалася – не рвачы, здаецца, людзі простыя, са сваімі заганамі і недахопамі (а ў каго іх няма?), якія хочуць сваёй працай здабыць капейчыну. Яна і перажываць не будзе за грошы, якія б аддала загадзя.
Падышла да дзвярэй:
– Калі вас чакаць?
– А калі вам зручна? – падышла Тоня, расчырванелая, задаволеная, што гешэфт адбыўся, што ёй гандаль дае прыбытак, глядзела прыхільна ў вочы. – Заўтра? Паслязаўтра?
– Давайце паслязаўтра. Пасля работы. У гадзін шэсць.
– Добра. І нам такое падыходзіць. Чакайце. Мы прыедзем з Графам. Так, Граф?
Марынка ляжала на падлозе, сваім носам дакранулася да носа Графа. У руцэ – распачатая шакаладка. Шкада, мусіць, было ёй развітвацца са шчанюком. Але ж бізнес ёсць бізнес. Паслязаўтра яна аддасць за яго пяцяь тысячаў, і ён будзе бегаць па кватэры, радаваць сыноў. Алачка верыла, што выгадуе і выхавае з яго выдатнага сабаку – разумнага і паслухмянага. А за ўсе яе клопаты і турботу, пяшчоту і ласку прынясе прыбытак у сто тысячаў... Сто тысяч...
– Тады – да паслязўтра. Адрас я свой вам дала. Ехаць проста і лёгка. Як і ў вас – дом каля прыпынку. Ды я вас убачу з акна. Усяго добрага. І Марынку не забудзьце ўзяць з сабой.
– Добра. Да пабачэння!
Зачыніла за сабою дзверы і пастаралася як хутчэй выйсці на вуліцу, каб ўдыхнуць у сябе свежага паветра. Выйшла ў двор, села на лавачку ў цені, і доўга не магла ачомацца. Недзе ў глыбіні душы ледзь прыкметна жыла, віравала думка – плюнуць на ўсё, вярнуцца назад, пастукаць у дзверы і сказаць, што перадумала, што не будзе займацца сабачай справай... Але перад вачыма настойліва блішчэла лічба з адзінкай і некалькімі нулямі, і яскрава бачыла тых сабак, у сне, якія клалі перад ёю купюры, купюры, купюры...
“Не! Я яшчэ пазмагаюся! Я не здамся! Дакажу, што і сабакі могуць абагаціць мяне. А што?”
Пераламала сябе, і ўздыхнула лягчэй, паспакайнела на сэрцы. О, Алачка не такая, каб здавацца абставінам у палон! Хутчэй абставіны здадуцца ёй...