Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
За акном плыў ранейшы туман – суцэльны, аднаколерны, як усё роўна глядзеў я ў матавае шкло.
“А можа мне ўсё ж уцячы, застацца там і не вяртацца? – падпаўзла невядома адкуль нечаканая думка. Але тут жа яе адпрэчыла другая: – Ну і дурань жа ты, аднак, – хіба ж Ной не знойдзе цябе ўсюды?”
Сядзеў ў задуменні і развагах з гадзіну, а мо і больш, – а колькі дакладна, не ведаў...
Неўзабаве парог каюты пераступіў капітан Нэма. Усміхаўся. Меў, значыць, добры настрой. На ім шэры плашч. У руцэ яшчэ адзін такога ж колеру.
– Гэта для цябе, – падаў мне. – Там, у вас, дождж ідзе... Ды і халодны.
– Дзякую за клопаты, мой капітан!
– Ну, цяпер гатовы?
– Як салдат перад маршам! – вясёла выгукнуў, нават казырнуў яму.
Во-во зірнуў на маю сумку, выгнуў недаўменна ніжнюю губу:
– А ці не замала ўзяў? Не любіш насіць цяжкае?
Можа, ён і падколваў мяне, не ведаю, але адказаў спакойна і ціха:
– З мяне досыць. А лішняга нават і свіння не есць...
– Во-во... Усё ў меру, казаў Неру. Ну, глядзі...
Мы ішлі па доўгім калідоры. Наблізіліся да шырокіх і высокіх дзвярэй, якія тут жа расчыніліся перад намі. Кабіна ліфта прасторная, сцены з люстраў. Столь і падлога – таксама. Уражанне такое, што ў шасці накірунках былі мы, мы і мы... Куды ні глянь – Анатас і я, я і Анатас...
– Вось па гэтым прынцыпе і пабудавана маё царства, – прамовіў ён, гледзячы ў люстры на мяне. – Бясконцасць усяго – дзвярэй, часу, жыцця...
Міргалі кнопачкі на панелі, на якой ні лічбаў, ні ўказальнікаў. Пяць паверхаў мы падымаліся, дзесяць, а мо і ўсе сто, нельга разабраць. Як і пра час.
Маўчаў капітан, маўчаў і я, не выказваючы сваёй узрушанасці. Ён глядзеў у адну нябачную кропку, якая знаходзілася недзе пад нагамі. Ліфт не гудзеў, не ўздрыгваў, але на вушы ціснуў цяжар – быццам знаходзіліся мы ў самалёце...
Нарэшце, ліфт скалануўся і застыў на месцы.
Расчыніліся дзверы і мы выйшлі на пляцоўку прасторнай і светлай залы. Скрозь хадзілі людзі, размаўлялі, смяяліся, на нас не звярталі аніякай увагі.
– Антон, брат мой, – звярнуўся да мяне капітан Нэма, не адыходзячы ад дзвярэй ліфта. – Цяпер запамінай... Глядзі, тут тры ліфты. Наш самы левы, крайні. Як вернешся, калі зойдзеш у яго, то націскай самую ніжнюю кнопачку – ліфт давязе цябе да патрэбнага месца. Запомніў?
– А што тут запамінаць – усё проста.
– Ну, глядзі. Бо, калі пераблытаеш, то...
– Не пераблытаю. Левы крайні і – ніжнюю кнопку.
– Далей слухай. Колькі цяпер на тваім гадзінніку?
Глянуўшы на цыферблат, здзівіўся: набліжаўся поўдзень.
– Дванаццаць гадзінаў.
– Дык вось... Да поўночы, да таго часу, як вунь на тым табло, што перад уваходам, выскачыць чатыры нулі, што азначае дваццаць чатыры гадзіны, альбо чатыры нулі, ты павінен ускочыць у гэты ліфт.
– А калі спазнюся? Ну, рознае бывае, абставіны недарэчныя, тралейбус зламаецца... Што тады?
Анатас паціснуў плячыма:
– Тады ты застанешся тут назаўсёды... І я тады не здольны буду табе памагчы выбавіцца... Захочаш, дык можаш і не вяртацца. Але лепей вяртайся... Для цябе лепей. Ну, ды, зрэшты, глядзі сам – тут я табе не камандзір, за табой сачыць не буду... Пайшлі, правяду цябе да прыпынку.
Мы выйшлі з памяшкання. Я азірнуўся, каб ведаць, куды, да якога будынка трэба вяртацца. Над фасадам вялікімі літарамі абазначыўся надпіс “МэбляАлкепБанк”.
– Яго ж не было ў маім горадзе, мой капітан! – усклікнуў я, не адрываючы позірку ад высотнага сучаснага будынку.
– Правільна, не было. А цяпер ёсць... Яго пабудавалі праз шэсць месяцаў, як ты пакінуў горад... Па еўрапейскай тэхналогіі. Хутка і якасна.
“Усяго за паўгода? – ледзьве зноў не ўскрыкнуў. – А колькі ж тады адсутнічаю? Што падумае пра мяне жонка?!”
Сапраўды, месца знаёмае. Каталіцкі касцёл, які ўзвялі вернікі замест нашых мастацкіх майстэрняў каля сквера, побач – універсітэт імя Францішка Скарыны. А паміж імі ўзвышаўся банк. І быў ён, трэба адзначыць, прыгожы, сучасны, аж зіхацеў пад промнямі сонца, якога я даўно не бачыў і з вялікай асалодай і задавальненнем падставіў яму твар... Паверхаў мо з сорак налічваў будынак.
Прыпынак насупраць філалагічнага факультэта ўніверсітэта. На асфальтавую пляцоўку высыпала купка дзяўчатак-студэнтак. На ганку стаяў мой дружбак – Янка Штэйнер, доктар філалагічных навук. Размаўляў з нашым земляком – Андрэем Федарэнкам. Выцягнуў усё-ткі яго Янка са сталіцы, каб студэнтам пра сябе расказаў. Нас яны не бачылі, хаця мы праходзілі ў некалькіх кроках ад іх.
Мусіць, скончыліся заняткі, і дзяўчаткі спяшаліся раз’ехацца па сваіх маршрутах, весела шчабяталі, расказваючы адна адной пра нешта сваё...