Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Нічога не разумела Алачка – нікога побач няма, і нехта загаварыў з ёю. Хто б гэта мог быць?
– Ну, прачніся, мама...
Толькі тады яна расплюшчыла вочы, прымружыла іх, пакрысе ачухалася.
“Божачка, які прыгожы сон бачыўся мне! Я ж так даўно не лётала ў сне... Дзіцячы сон. І такі прыемны, салодкі. Але да чаго ён? Ці ёсць якая рагадка гэтага сну?..”
– Падымаюся, сын, падымаюся. Пастаў толькі чайнік.
– Я ж не ўмею, – насупіўся сын, не адыходзячы ад яе. – Ты ж сама пра тое ведаеш...
– Ды ведаю-ведаю, што бязрукі ты расцеш у мяне, – яна пазяхнула, пацягнулася ў ложку, і не магла забыць, як лётала ў паднябессі, як цюцькі кідалі ёй пад ногі тысячы, сто тысячаў, і тут жа ўспомніла: “То ж сёння да сабакаводкі трэба з’ездзіць, абяцала ж прыехаць... Дык вось да чаго сон. Да прыемнага пачатку новага клопату ў яе жыцці. Грашавітага клопату.”
Сыну зрабіла снеданне на хуткую руку – адрэзала кавалак каўбасы і разбіла ў патэльню некалькі яек. Ён любіў паесці, апетыт быў як і ў бацькі, які мог за вячэру паўкабана з’есці.
З Графам яна вызначыла сыну спартыўную дарогу. Палічылі так – калі ён будзе вучыцца ў школе са спартыўным ухілам, то і есці там будзе, і вучыцца. Так сказаць, на дзяржаўным забеспячэнні. За ім там будуць прыглядваць, адказваць за яго.
А хлопец без бацькоўскага догляду разбэсціўся, стаў грубы і патрабавальны да сваёй асобы. Ён мог расквасіць нос таварышу ці сябру і не праявіць пры гэтым ніякага шкадавання ці спачування, наадварот, колер крыві выклікаў у ім задавальненне, нават асалоду.
Алачка назірала, як сын похапкам упіхваў у рот сняданак, а думала пра сваё – ёй мроіўся заўтрашні дзень чароўнай казкай, прыгожай марай, адчувала і верыла’ што перад ёю адкрываецца незнаёмая перспектыва яе жыцця, якое будзе інакшым, чым гэтае, у якім яна знаходзілася і пакутвала ад сваёй непаўнавартасці...
Антаніну Кірылаўну і сапраўды адшукаць было няцяжка. Як і гаварыла, аўтобус пад’ехаў амаль да самага дому, і ад прыпынку некалькі крокаў.
Гаспадыня чакала, адчыніла перад ёю дзверы.
У нос адразу ўдарыў пах псіны, сабачага юру і мачы. Алачка сабралася перакрывіць твар і зморшчыцца, што яна і зрабіла б у іншым месцы і пры іншых абставінах, але тут, падумала, трэба выцярпець, прывыкнуць, таму ветліва ўсміхнулася, падзеньдобрылася.
– Праходзьце, Ала Антонаўна, адчувайце сябе як дома. І муж мой дома, і дзеткі.
Скрозь у кватэры былі сабакі і сучкі. Яны не звярнулі ўвагі на новага чалавека, дурэлі між сабой, – у іх былі свае сабачыя клопаты і гульні. Адзін ляжаў на канапе і драмаў, другі чакаў, калі гаспадыня пакорміць, трэці паклаў галаву на лапы і назіраў спакойна за ўсім, што тварылася ў кватэры... Усіх сабак, калі Алачка палічыла, было недзе каля дваццаці. Яна тут жа імгова перамножыла колькасць сабак на кошт кожнага, і адзначыла пра сябе, што зможа цярпець такія невыгоды і жыць у антысанітарных умовах: не ўсё ж жыццё такое будзе. Ды, урэшце-рэшт, усё і акупіцца добрай капейчынай і дабрабытам...
Антаніна Кірылаўна ўсадзіла госцю ў мяккае крэсла, папярэдне засцяліўшы яго чыстым покрывам, сама ж пайшла на кухню – рыхтаваць частаванне. Да маці падышла малая дачка, хударлявая і плаксівая, нясмела папрасіла:
– Мамка, дай мне хоць кавалачак... Есці хачу...
Маці злосна прашаптала, прычыніўшы дзверы, каб не чула госця:
– Нягодніца, хто цябе зваў сюды? Ты ж бачыш, што да нас прыйшлі, гэта не для цябе.
– Ну, хоць кавалачак, я ж галодная.
– Марынка, ідзі адсюцль, сказала табе. Каб не бачыла цябе. Не памрэш, бач, губу раскатала на смачненькае. Ну, марш адсюль!..
Дзверы расчыніліся і дзяўчынка, нізка і вінавата апусціўшы галаву, зашморгала носам. Прайшла паўз госцю, не зірнуўшы на яе, не павітаўшыся. Зачынілася ў другім пакойчыку.
На кухні скварчэла, уперамежку з сабачымі пахамі панёсся пах смажаніны. Праз колькі хвілінаў Антаніна паклікала госцю да стала. І муж падышоў – выйшаў з таго пакоя, дзе схавалася Марынка. Павітаўся, папрасіў госцю не саромецца, адчуваць сябе як дома, заўсміхаўся.
Гаспадары паставілі на стол пляшку гарэлкі, але Алачка выставіла на стол сваю – пляшку армянскага каньяку.
– О, якая прыемнасць! – зарадаваўся гаспадар Селівон, і ў яго вочы загарэліся таемным шчаслівым цяплом. – За такую выдатную справу, за якую вы ўзяліся, Ала Антонаўна, не грэх і выпіць. Вам здорава пашэнціла, што вы сустрэлі Антаніну, маю Тонечку. А яна ў гэтай справе, сабачай справе, толк ведае, далажу я вам, адным словам – экстраклас!
Ён жа хуценька і наліў у шкалікі, гэта жа борздзенька і выпіў, яшчэ больш павесялеў, разгаварыўся. У яго ўзмакрэў пакаты лоб, востры нос блішчэў ад выпітага і вулічнага святла.