Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– А дзе Ён цяпер?
– Казалі, што на гару Аліўную пайшоў...
– Хутка ў храм прыйдзе, вучыць зноў будзе.
Праз плошчу, у суправаджэнні сваіх вучняў, накіроўваўся да храма Іісус Назарэй.
Хто падыходзіў ці падпаўзаў да Яго, абавязкова прасілі аб нечым... І Ён кранаўся кожнага рукой... Марыя Магдаліна памкнулася даганяць Яго, але ўчэпістыя рукі кніжнікаў і фарысеяў трымалі яе моцна за локці... Хацела крыкнуць, паклікаць Іісуса, ды яны даланёй сціснулі ёй рот, зноў закавалі ў нябачныя ланцугі...
Счакалі, пакуль процьма народу збярэцца ў храме, потым пацягнулі яе, як агнца на закланне...
Іісус Назарэй сядзеў і гаварыў народу прытчы, і яны разумелі Яго, здзіўляліся з яго вучэння, і на кожнага з іх сыходзіў Дух Божы.
Кніжнікі імкнулі на сярэдзіну храма, адпіхвалі тых, хто сядзеў на падлозе, вялі пад рукі жанчыну. Іісус не глядзеў у іх бок, не перапыняў свае словы, не звяртаў увагі на валтузню, якую ўтварылі кніжнікі, бо ведаў, з чым яны прыйшлі да Яго, каго прывялі...
– Настаўнік! – дачакаўшыся, калі Ён скончыць тлумачэнне прытчы, звярнуўся адзін з іх – ніжэйшы ростам, з белай барадой, з едка-пісклявым голасам і злым позіркам. – Настаўнік! Усё, што Ты гаворыш народу, усё правільна, нічога абвергнуць не можам... Але скажы, Назарэй, нам вось пра што... Мы гэтую жанчыну заспелі ў блудзе, і мы сведчым, што яна блудніца і грэшніца. А Майсей у Законе наказваў нам такіх пабіваць камянямі. Ты што на гэта скажаш?
Іісус усміхнуўся, і, не гледзячы на іх, пішучы пальцам па зямлі, спытаў:
– Выпрабоўваеце Мяне, знайсці ў Маіх адказах хочаце нешта супраціўнае Майсею, і такім чынам звінаваціць Мяне?
Яны зноў прыставалі да Яго, яшчэ больш настойліва. Людзі з цікавасцю назіралі за кніжнікамі і Госпадам. Ведалі, што кніжнікі ні на адну літару не адступалі ад Законаў Майсея, усе Законы ведалі напамяць – хоць днём у іх спытай, хоць ноччу...
Ён, па-ранейшаму, не падымаючы галавы, схіліўшыся нізка, крэслячы пальцам па зямлі, сказаў да іх:
– Кажаце, што Майсей заклікаў пабіць камянямі? Добра, згодзен. Тады хто з вас не мае на сабе граху, той хай і кіне першым камень у яе!
Прамовіў, зноў нахіліўся і працягваў пісаць на зямлі.
Кніжнікі пераглянуліся. Адпусцілі Марыю Магдаліну, – аднялі ад яе рукі. Старэйшы з іх першы пакінуў храм. Потым наступны, адзін за адным, – і застаўся адзін Іісус і Магдалена, якая стаяла, апусціўшы вінавата галаву.
Іісус, схіліўшыся, і не бачачы нікога вакол Сябе, акрамя жанчыны, спытаў у яе:
– Жанчына! А дзе твае абвінаваўцы? Ніхто не асудзіў цябе. Ніводзін камень не паляцеў у твой бок?
– Ніхто не асудзіў мяне, Госпадзе!
– І Я не асуджаю цябе. Ідзі, і больш не грашы.
Яна стала на калені:
– Дзякую, Госпадзе Ісусе! З тым і прыйшла...
Тады Ён зірнуў у яе бок, усміхнуўся, прамовіў:
– З вераю ты прыйшла да мяне... З вераю пойдзеш і далей. Яна выратавала цябе... Памочніцай мне будзеш, – ідзі з Госпадам...
І, ужо больш не зважаючы на жанчыну ўвагі, прамаўляў адно да людзей:
– Я – святло свету. Хто пойдзе следам за Мною, той не будзе больш блукаць у цемры, а будзе мець святло жыцця...
“Я пайду за Табою, Госпадзе, – прашапталі асмяглыя вусны Магдаліны, – толькі не адпрэч мяне ад Сябе...”
Ніхто не звяртаў на яе ўвагі, – не дакараў, не ўшчуваў.
Слухалі Літасцівага.
Невядомы падарожнік, накінуўшы на галаву балахон, схіліўшыся, баючыся, каб не ўбачылі яго твару, сядзеў каля парога, нешта пісаў на невялічкім пергаменце.
Магдаліна пазнала ў ім таго, хто сустракаўся ёй у пустыні. Але адвяла ад яго позірк, слухала і глядзела на Таго, словы Якога былі чуваць і праз тысячагоддзі…”
Доўга хадзіў з кутка ў куток па каюце.
Думкі роем віліся ў галаве. Я не вераў, што Анатас-Во-во пайшоў на такі рызыкоўны крок – выпусціў мяне са сваёй вязніцы. Чаму не баіцца, што я магу і не вярнуцца? А калі заявіць пра тое ў пракуратуру ці міліцыю?.. Тут жа і высмяяў сябе за гэта – хто ж мне паверыць, што мяне ўкрала нячыстая сіла, яшчэ і ў “псіхушку”, чаго добрага, запіхнуць...
Калі ж падступіла стома і захацелася спаць, заваліўся ў ложак. Але яшчэ доўга не ішоў да мяне сон...
Прачнуўшыся, пачаў збірацца ў дарогу.
Рабіў ўсё няспешна, стараючыся не паказваць залішне радасці. Расчыніў дзверы свайго пакоя, адчыніў шафу. Узяў дарожную, сярэдніх памераў, сумку фірмы “Аdidas”, і ўкінуў туды некалькі пачак “зеляніны”. Паважыў у руцэ. Потым падумаў і адклаў меней паловы назад – каб не паказацца задужа сквапным. Пасля гэтага сумка падалася мне ў меру важкай, і ў меру лёгкай.