Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
А з другога боку, адкуль мне ведаць? Я ўмею чытаць думкі Надзеі? Фізічна здаровая жанчына, са мной у ложку яна навучылася поўнай бессаромнасці (дарэчы, і я таму навучыўся), атрымлівае ад нашых з ёй хвілінаў усё, што можа атрымаць. Усклала на сябе невялікі абавязак іншы раз гатаваць для мяне нешта са страў, дазволіла карыстацца сваёй пральнай машынай-аўтаматам (праўда, пад яе кіраўніцтвам. ды па шчырасці, я больш стаю збоку). Але ж і я нечым дапамагаю ў яе гаспадарчых справах: ужо корпаўся на агародзе, рамантаваў водаправод, памяняў выключальнік… Карацей, пакуль у нас атрымліваецца гэткае бяскрыўднае суіснаванне, амаль сімбіёз. І галоўнае — ні я перад Надзеяй, ні яна перада мной не маем ніякіх абавязкаў! Хіба ж не адсутнасць абавязкаў і ёсць галоўны ўмацавальны фактар нашых адносінаў? Хіба не таму мы стараемся не пакрыўдзіць і не абразіць адно аднаго, бо нічога нас не трымае, акрамя нашай прыязнасці? Проста супала так: мы суседзі, падыходзім адно аднаму. А калі разбяжымся, хіба праблема — знайсці новага партнёра?
Але на гэтым месцы маіх разваг — не маіх нават, а нейкага бескампраміснага і цынічнага аналітыка, які часам прачынаўся ўва мне — я спатыкаўся.
Таму што — праблема.
Надзея пражыла без каханка некалькі гадоў пасля разводу. І зусім не пераймалася праз адсутнасць у яе жыцці мужчыны. І сам я, падсвядома адзначаючы сярод сустрэтых мной жанчын тых, якія патэнцыйна мне падыходзілі, не запомніў ніводнай, ніводная не захвалявала.
Пакуль не сустрэліся з Надзеяй. Я з ёй і яна са мной.
Мае сумневы тлумачыліся проста. У вёсцы, дзе я рос, выбар імёнаў быў надзіва небагаты. Сярод жанчын было па некалькі Надзяў, Таццян, Тамар. Сярод мужчынаў было тры Васілі, два Шуркі і ажно пяць Міколаў. Таму зазвычай кожны з вяскоўцаў меў дадатак да свайго імя. Надзька Пецькава (па імені мужа) і Надзька Прэдкава (па прозвішчы мужа). Шурка Кузьмоў — бо бацька быў Кузьма — і Васіль Таньчын, Шурка Тамарын. Доўгі час я не звяртаў на тое ўвагі, задумаўся толькі на трэцім курсе ўніверсітэта, калі нам чыталі лекцыю пра прозвішчы, мянушкі і падобнае.
А і сапраўды: чаму Надзька была Пецькавай, а Васіль — Таньчыным? Пытанне не столькі захапіла, колькі вярэдзіла сваёй нявырашанасцю. То прыехаў на вакацыі і спытаўся ў тады яшчэ жывой мамы. Тлумачэнне аказалася надзіва простым: Надзька была Пецькавай, бо прыйшла жыць да Пецькі, у пабудаваны ім дом. А Васіль быў Таньчыным, як і Шурка — Тамарыным, бо яны прыйшлі жыць у дамы сваіх жонак. І іх жонкі пасля замужжа зваліся па-вясковаму гэтаксама, як і да яго: Танька была Дуньчынай (так звалі яе маці) — і засталася Дуньчынай, Тамара — Грышкавай (па бацьку), хоць і выйшла замуж за Шурку. Васіль і Шурка былі прымакамі. І якімі б яны ні былі гаспадарамі, як бы ні шчыравалі на зямлі і ў двары, як бы ні перараблялі дамы, ды прымачы хлеб — сабачы. Не сталі яны гаспадарамі ў вачах вяскоўцаў, і не іхнімі сталіся жонкі, а яны — жончынымі мужамі.
Добра помню дзядзьку Шурку, суседа нашага. Здаравенны мужчына, першым хапаўся за самую цяжкую работу, за траіх касіў і сек. Васіль быў дзядзькам сціплым, але майстравым, на многія справы здатным. І паважалі іх вяскоўцы, і не чуваць было ў іх бок слоў асуджэння, ды назаўсёды загучала ў іх імёнах нечым здзеклівая, у нечым грэблівая прывязка залежнасці ад іх жонак…
Надзьчын Васіль — так і мяне могуць некалі назваць у нашым паўмёртвым шэрым райцэнтры, і мяне зробяць не гаспадаром, а дадаткам да гаспадаркі адзінокай жанчыны. Хоць які там той дом — невялічкі, стары, у два пакоі, але ж — не мой, а яе. І пасля скажуць пра Надзею: «Прывяла сабе мужыка», і тут будзе гучаць ухваленне разумнай жанчыны і погляд на мяне, як на істоту, якую выбралі недзе ў базарны дзень…
Мабыць, яшчэ і з гэтай прычыны я ніколі не заставаўся ў Надзеі на ўсю ноч. Не ведаю чаму, але і Надзея, застаючыся з вечара ў мяне, хоць пад самы ранак, аднак вызвалялася з маіх абдымкаў, нацягвала на голае цела сукенку ці шорты з майкай, заціскала ў жменю станік і трусы, хутка цалавала ў вусны, дзячыла і спяшалася праз агарод у свой дом.
Пасля трэцяй нашай сумеснай ночы я думаў пра тое, што добра б было запрасіць Надзею да сябе, пажыць разам. тым самым грамадзянскім шлюбам. Чаму б і не? Але ж як мне запрашаць яе з асабістага дома, які побач, жыць да мяне на здымную кватэру? Ды каб на кватэру — у пакойчык! Не, тое было недарэчна, нават смешна. Ісці самому проста пажыць, паспрабаваць? О, не.