Гары Потэр і патаемная зала
- Автор: Роулинг Джоан Кэтлинг
- Серия: Гары Потэр (be) #2
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Переводчик: Дзяніс Мускі
- Жанр: Детское фэнтези
Электронная книга - «Гары Потэр і патаемная зала». Краткое содержание книги:
— Што зда...
Рон, вытарапіўшыся на ветравое шкло, вохнуў; Гары азірнуўся і вельмі сваечасова, бо праз секунду на шкло абрынулася тоўстая бы пітон галіна. Дрэва ў якое яны толькі што ўрэзаліся цяпер атакавала іх. Камель дрэва сагнуўся амаль ў два разы, а каржакаватае галлё, калаціла кожную цалю аўтамабіля да якой магло дацягнуцца.
— Аааааа!— ўсклікнуў Рон, калі закручаная галінка прабіла дзірку ў дзвяры; лабавое шкло дрыжала пад ударамі кулакападобных галін, астатнее ж галлё быццам таран люта грукатала па даху, які амаль што пачаў прагінацца...
— Уцякаем!— прагаласіў Рон. Ён абрынуў усю сваю вагу на дверцы, аднак праз імгненне быў кінуты на Гары, чарговым злосным аперкотам дрэва.
— Ну ўсё, нам гамон!— прастагнаў ён, калі пад чарговым ударам правіс дах. Але тут нечакана падлога аўтамабіля завібравала... рухавік зноўку дзейнічаў.
— ДАВАЙ ЗАДНІ ХОД!— пракрычаў Гары і машына рванула з места. Дрэва ўсё яшчэ спрабавала атакаваць іх, хлопцы чулі як рыпяць яго карані. Дрэва ледзь не вырвала само сябе, каб дацягнуцца да машыны, але хлопцы ўжо былі па-за межаю яго дасягальнасці.
— Фуф, — уздыхнуў Рон. — Яшчэ б крыху і... Малайчынка, машынка.
Але форд здаецца ўжо быў зведзены на пусты канец. Пачуліся два рэзкія ляскаючыя шчаўчкі, дзверы расчыніліся і Гары адчуў як сядушка пад ім выгнулася. У наступны момант хлопчык ўжо ляжаў на сырой зямлі. Гучны стук паведаў яму, што машына выкінула з багажніка валізы. Клетка з Хэдвіг ўзляцела ў паветра, расчынілася і сава вылецеўшы з яе вонкі, моцна ды раз’юшчана віскнула і, не азіраючыся, паляцела ў бок замка. У наступнае імгненне пагнутая, пакрытая драпінамі і парам машына з грукатам ад’ехала некуды ў цемру, раззлавана мыргаючы заднімі фарамі.
— Вярніся!— услед ёй, размахваючы паламанай палачкай, загаласіў Рон. — Тата мяне заб’е!
Але машына, у апошні раз пыхнуўшы выхлапнымі газамі, знікла з вачэй.
— Ну нам і ПАШАНСАВАЛА, — змрочна прамовіў Рон, нахіляючыся, каб падабраць з зямлі свайго пацука Скаберса. — З усіх дрэваў у якія мы маглі ўрэзацца мы абралі тое, якое вырашыла нас забіць.
Ён праз плячо зірнуў на старое дрэва, якое ўсё яшчэ пагрозліва махала галлём.
— Ну до ўжо, — стомлена сказаў Гары, — Пойдзем да школы...
Іх прыбыццё было ані не такім трыюмфальным, як хлопцы сябе ўяўлялі. Здубелыя, пакрытыя чарнякамі і гузакамі, хлопцы пацягнулі свае валізы па травяным схіле да вялізных дубовых дзвярэй замка.
— Думаю святкаванне ўжо пачалося, — апусціўшы валізу ля прыступак і ціха зірнуўшы на яскрава асветленныя вокны, прамовіў Рон. — Гэй, Гары, пайшлі паглядзім... ці пачалося ўжо сартаванне!
Разам з Гары яны паспяшалі да вокан, каб зазірнуць у галоўную залу.
Незлічоная колькасць свечак лунала ў паветры асвятляючы чатыры доўгіх перапоўненных вучнямі сталоў, застаўленных залатымі талеркамі і бліскучымі кубкамі. А столя панад галавой, што як заўжды адлюстроўвала неба знадворку, зіхацела зоркамі.
Праз лес востраканцовых капелюшэй, Гары ўбачыў, як ў залу ўвайшоў доўгі шэраг перапалоханых першагодак, сярод якіх, ён разглядзеў Джыні, якую было добра відаць з-за яе яскрава-рудых візлеўскіх валасоў. Між тым, прафесарка МакГонагал, вядзмарка ў акулярах і з валоссем сабраным у тугі пук, вынесла і паставіла перад першагодкамі зэдлік, на які паклала знакаміты хогвартскі Сартавальны капялюш.
Штогод гэты жудасна стары, зацыраваны, пацёрты і брудны капялюш, размяркоўвае новых вучняў па чатырох хогвартскіх Дамах — Грыфіндоры, Хафлпафе, Рэйвенкло і Слізэрыне. Гары добра памятаў, як сам ў мінулым годзе стаяў і, скамянеўшы, чакаў яго рашэння, а капялюш размаўляў з хлопчыкам, мармычучы яму на вуха. Колькі жудасных секундаў, Гары баяўся, што капялюш адправіць яго да слізэрынскага Дому ў якім вучылася большасць самых цёмных чараўнікоў і вядзьмарак чым дзе-небудзь яшчэ... аднак капялюш, нарэшце адправіў яго ў Грыфіндор, разам з Ронам, Герміёнаю і астатнімі Візлі. А потым, яны нарэшце дапамаглі Грыфіндору, у першы раз за апошнія сем год, перамагчы Слізэрын у Кубку Дамоў.
Наперад быў пакліканы вельмі малы хлопчык з мышынага колеру валасамі і на яго галаву быў апрануты капялюш. Між тым гарыны вочы прамінулі хлопчыка і пачалі глядзець на Дамблдора, які сядзеў, назіраючы за размеркаваннем, за настаўніцкім сталом, а яго акуляры ў форме паўмесяцаў і доўгая сівая барада зіхецелі ў святле свечак. У колькіх крэслах ад Дамблдора, апрануты ў аквамарынавую мантыю, сядзеў Гільдэрой Локхарт. А на самым краі стала, Гары заўважыў агромістага і кудлатага Хагрыда, які добра прыклаўся да свайго кубку.