Гары Потэр і патаемная зала
- Автор: Роулинг Джоан Кэтлинг
- Серия: Гары Потэр (be) #2
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Переводчик: Дзяніс Мускі
- Жанр: Детское фэнтези
Электронная книга - «Гары Потэр і патаемная зала». Краткое содержание книги:
Каб выехаць з дому на наступную ранніцу ўсім спатрэбілася даволі шмат часу. Ня гледзячы на тое, што ўсе падняліся разам з пеўнямі, здавалася што засталося яшчэ шмат чаго зрабіць. Місіс Візлі, прабываючы ў благім настроі кідалася паўсюль у пошуках запасных шкарпэтак і пёраў; сям-там на сходах сутыкаліся адно з адным паўапранутыя людзі з кавалкамі тостаў у руках; а містэр Візлі ледзь не зламаў сабе шыю, калі спатыкнуўся, пераносячы да машыны джыніну валізу, аб блукаючую па двары курыцу.
Гары аніяк не мог зразумець, якім чынам восем чалавек, шэсць валізаў, две савы і пацук змесцяцца ў адным невялічкім Фордзе Англія. Хаця, ён падазраваў, што тут не абыйшлося без спецыяльнай даробкі містэра Візлі.
— Толькі Молі анічога не кажы, — прашапатаў ён Гары, калі раскрыў багажнік і паказаў яму, што той быў магічным чынам пашыраны так, каб туды маглі з лёгкасцю быць пакладзены шэсць валізаў.
— Гэтыя маглы могуць больш, чым пра іх мажліва падумаць, — зірнуўшы на заднюю сядушку, дзе з лёгкасцю памясціліся Гары, Рон, Фрэд, Джордж і Персі, прамовіла місіс Візлі, калі ўсе нарэшце ўселіся. Яна сама, разам з Джыні села на пярэдняй сядучцы, магічна пашыранай да памераў паркавай лаўцы. — Я мела на ўвазе, звонку і не скажаш, што машына такая прасторная.
Містэр Візлі завёў матор і яны пакрысе выехалі са двара. Павярнуўшыся, Гары апошні раз зірнуў на дом, разважаючы, калі ў яго атрымаецца ўбачыць яго ў наступны раз. І тут ім прыйшлося вярнуцца, таму што Джордж забыў узяць скрыню з флібусцьераўскімі феерверкамі. Праз пяць хвілінаў, яны зноў супыніліся ў двары, таму што Фрэду трэба было бегчы дамоў па забытую ім мятлу. Яны ўжо амаль даехалі да шашы, калі Джыні завішчала, што забылася ўзяць свой дзённік. Калі яна нарэшце зноў села ў машыну, яны ўжо вельмі спазняліся і таму былі на ўзводзе.
Містэр Візлі зірнуў на гадзіннік, а потым на жонку.
— Молі, даражэнькая мая...
— АНІ, Артур.
— Нас ніхто не ўбачыць. Вось бачыш маленечкую кнопку — гэта я ўсталяваў у машыну прывад нябачнасці... ён дапаможа нам... мы зробімся нябачнымі, падымемся да аблокаў. На месцы мы будзем праз хвілінаў дзесяць і ніхто нас не ўбачыць...
— Я сказала НЕ, Артур, не сярод белага дня.
Калі яны дабраліся да вакзала Кінгс Крос было ўжо без чвэці адзінаццатая гадзіна. Містэр Візлі паімчаўся праз дарогу, каб здабыць вазочкі для ўсіх валізаў і яны ўсе паспяшалі да станцыі.
Гары ўжо ездзіў на Хогвартс Экспрэсе ў мінулым годзе. Было даволі складана трапіць на платформу дзевяць і тры чвэрці нябачную для маглаўскіх вачэй. Дзеля гэтага трэба было прайсці праз калону, якая раздзяляла платформы дзевяць і дзесяць. Гэта не было балючым, аднак прайсці трэба было так, каб ані адзін магл не замеціў вашага знікнення.
— Персі, ты ідзі першым, — загадала місіс Візлі, пазіраючы на наручны гадзіннік, які казаў, што ім засталося ня больш чым пяць хвілінаў, каб непаметна прайсці праз калону.
Персі бадзёра крочыў наперад і знік за бар’ерам. Гэтак жа зрабіў містэр Візлі, а следам за ім Фрэд і Джордж.
— Так, я іду разам з Джыні, — хапаючы дзяўчынку за руку прамовіла місіс Візлі, — а вы паспяшайце за намі. — яны вокаімгненна зніклі ў калоне.
— Хадзем разам, — прапанаваў Рон. — Ці то засталася адна хвіліна.
Гары пераканаўся, што клетка з Хэдвіг, надзейна замацавана на вяршыні яго валізы і накіраваў свой вазок на калону. Гары адчуваў сябе ўпэўненна, больш упэўненна чым пры выкарыстанні парашка фло. Абодва хлопца нахіліліся над ручкаў сваіх вазкоў, мэтанакіравана рухаючыся на калону. Да яе засталося колькі футаў, хлопцы перайшлі на бег і...
БАХ.
Абодва вазка стукнуліся аб калону і адкаціліся назад. Ронава валіза перакулілася з гучным стукам, Гары паваліўся на зямлю, а клетка з Хэдвіг, якая пачала з абурэннем галасіць, падскокваючы, пакацілася па брудным пероне. Людзі здзіўлена паглядзелі на Гары і Рона, а вакзальны службовец загаласіў:
— Што вы, дзяры вас халера, тут тварыце?
— Прабачце, мы страцілі кантроль над вазкам, — хапаючы ротам паветра і трымаючыся за рэбры, прамовіў Гары. А Рон пабег да клеткі з Хэдвіг, каб хутчэй яе падняць, бо сям там у натоўпе пачаліся размовы аб жорсткім абыходзе з жывёламі.
— Чаму ў нас не атрымалася прайсці праз бар’ер?— шэптам спытаўся Гары ў Рона.