Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Воляй абраны. Дамова на спакусу
Воляй абраны. Дамова на спакусу - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Воляй абраны. Дамова на спакусу

Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:

У першую кнігу аўтар уключыў два раманы – “Воляй абраны” і “Дамова на спакусу”. Першы раман – пра падзеі 1863-га года, пра вызвольнае паўстанне супраць расійскага царызму, якое ўзначаліў Кастусь Каліноўскі. Пра каханне кіраўніка паўстання і яго нарачонай – Марыі Ямант. Аўтар паспрабаваў з вышыні сённяшняга часу паглядзець на супярэчлівую і выбітную асобу Вікенція Канстанціна Каліноўскага, спроба разабрацца ў тым, чаму паўстанню з самага пачатку была наканаваная параза... І чаму духоўны подзвіг дыктатара Каліноўскага застанецца ў памяці нашчадкаў на вякі. “Дамова на спакусу” – раман-фантасмагорыя. Пра тое, што побач з намі штодзённа крочыць спакуса, патойбаковыя сілы падсцерагаюць нас, калі мы “паслізнемся”, калі захочам атрымаць прывідную асалоду жыцця, спакусіцца на багацце. Пра тое, што для чалавека азначае Біблія і вера ў Бога. Як пазбегнуць спакусы, як разабрацца ў тым, якой дарогай мы павінны крочыць у заўтра і ад каго чакаць дапамогу, калі нас нечакана засмокча багна хлусні і падману, – аўтар паспрабаваў адказаць на гэтыя і іншыя пытанні. Кніга разлічана для чытачоў рознага ўзросту.
1 ... 241 242 243 244 245 246 247 248 249 ... 332
Перейти на страницу:

Насільшчыкі апусцілі мары на зямлю.

Юнак лёгка саскочыў з іх, падбег да маці, якая не магла і слова вымавіць, толькі радасна глядзела, не верачы ў цуд, на свайго сына.

Ён абняў, прытуліў да сябе...

Адзін толькі іўдэй, у белай кужэльнай барадзе, далёкі родзіч удавы, які, як і яна, не апусціўся на калені, гледзячы ў неба, прамовіў:

– Вялікі Прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў народ Свой.

Далёкі і глухі гром пракаціўся за горадам, доўга не аціхаў, перакатваўся з гары на гару...

Марыя Магдалена не мела сілы ўстаць, і хоць бы падысці на колькі крокаў – яе як хто прывязаў ці закаваў у ланцугі, быццам не дазваляў, каб яна і на адлегласці не набліжалася да Яго.

– Хто ты? – праз плячо спытаў юнак, не адрываючыся ад маці.

Ужо здалёку данёсся Голас:

– Я той, які даруе грахі чалавечыя... Я той, хто дае, пасля пакаяння, жыццё вечнае...

Марыя Магдалена ў пустыні не адчувала ні спякоты, ні начнога холаду, ні павеву ветру... Збіла ногі, і яны крывянілі, пакідаючы на пяску чырвоныя адмеціны, – але яна і болю не адчувала. Кроў сцякала на камяні і пясок, запякалася на сонцы... У горле перасохла, але і сухасці не адчувала...

Яна стала падобнай на здань, на прывід, які не меў ні душы, ні нават цела...

Яна не лічыла дні, колькі знаходзілася ў пустыні.

Запомніла толькі, што ў першую ноч убачыла ў небе сярод зорак тоненькі сярпочак маладзіка... А пасля яшчэ прайшло некалькі начэй – колькі, не лічыла... А аднойчы падалося, што яе пачалі пакідаць сілы. І ўжо не была нават упэўнена, што здолее дабрысці да горада...

Тую адлегласць, якую ў першы дзень яна прайшла за гадзіну, вяртаючыся назад, пераадольвала ад усходу да захаду сонца.

І Нехта зноў, Нябачны, але добра Чутны, гаварыў ёй: “Светач целу – ёсць вока. Дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, дык і ўсё цела тваё будзе светлае; а калі яно будзе благое, дык і цела тваё будзе спрэс цёмнае. Дык вось, глядзі святло, якое ў табе, ці не ёсць цемра? А калі цела тваё ўсё светлае, і не мае ніводнай цямноцінкі, дык будзе светла ўсё так, як бы калі светач асвятляў цябе ззяннем...”

– Чую, усё чую. Дай, Божа, мне толькі сілы дайсці да Цябе...

Падала і зноў уставала, уставала і зноў падала... Губляла свядомасць і вярталася да яе, траціла прытомнасць, і зноў вярталася да жыцця... Балансавала між жыццём і небыццём. Змэнчаная і счарнелая, застаўшыся ўжо зусім без сілаў, дабрыла да гарадской брамы і села на тое месца, ля сцяны, дзе сядзела апошні раз – калі адчувала сябе прыкутай тут... На ёй вісела не адзенне, а рэшткі лохмы ад яго... Побач з сабой, на зямлі, ўбачыла нейкае рыззё і абрадвалася – будзе чым прыкрыць грудзі. Раней яна не саромелася гэтага, а цяпер ёй не хацелася выглядаць перад Ім і перад людзьмі непрыстойна, хаця ж адчувала, што тое і не так ужо і важна...

Да твару дакрануліся першыя промнікі ранішняга сонца.

Па целе разлілася радасць, калі пачула ад людзей, як яны ўзбуджана гаварылі між сабой:

– Сёння Іісус Назаранін будзе на плошчы, ацаляць зноў людзей будзе...

“Туды мне трэба, – падумала Магдалена, – толькі б дайсці да плошчы... Хаця б апошняй мне падысці да Яго, і хаця б Ён пачуў маё слова...”

Нішто і ніхто ўжо не прыкоўваў яе да сцяны.

Нечакана яна адчула нават і лёгкасць у сваім целе. Ногі наліліся сілай, з вачэй упала паляндра туману. Марыя Магдаліна яскрава бачыла перад сабою дрэвы і хаты, дзяцей, што гулялі, даганяючы адно аднаго; мурашак бачыла, што перапаўзалі сцежку, – як быццам і яны імкнуліся, спяшаліся на сустрэчу з Ім...

Абапіраючыся рукамі аб сцяну брамы, выпрасталася, адчула, што ногі трымаюць яе, прайшла дрыготка... Адчула на твары подых ранішняй прахалоды... Волглае паветра сцялілася па наваколлі...

Марыя Магдаліна адышла ад сцяны, выйшла на вузкую сцежку, а потым і на дарогу. Яна была ўпэўнена, што яе не пазнаюць, што яна ў сваіх рызманах падобная на прышлую знекуль, на прыблуду, прыхадня, не з гэтых нават мясцінаў...

Яна не выбірала месца на плошчы, дзе б ёй сесці. Прайшла колькі крокаў і апусцілася на цёплую зямлю. Накінула для большай маскіроўкі на галаву, знойдзеную, брудную і ў пылоце, дзяружыну, прыкрыла грудзі... Потым, праз нейкі час, убачыла, што і іншыя – калекі і жабракі, – выбраўшы месца, пасядалі на зямлю...

Марыя Магдаліна пачала ўжо драмаць, сагрэўшыся пад сонцам, і хораша ёй так стала сядзець, усміхацца захацелася.

– А, вось яна, гэта яна – блудніца! – крыкнуў нехта над самым вухам, крыкнуў абрадавана, падхапіў яе пад пашкі. – То ж мы яе заспелі пад час блуду, ды ўцякла яна ад нас, збегла...

– Вось і пакажам Назарэю, што ж Ён на гэты раз скажа нам... Можа, і схопім Яго сёння...

1 ... 241 242 243 244 245 246 247 248 249 ... 332
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)