Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Спыніся, Магдалена, – Нехта сказаў ёй, – і ў грахах ёсць свая мяжа...
– А як спыніцца? Не ведаю, як тое зрабіць...
– Перастань займацца блудам. Адумайся...
Задумалася Магдалена над папярэджваннем, спалохалася, – ніхто да гэтага так ёй не гаварыў. Нябачны, мусіць, хацеў захаваць яе душу і жыццё. І голас у Нябачнага быў даверлівы, бацькоўскі...
Яшчэ хацела папытацца пра нешта, але адчула, зразумела, што Нябачны адляцеў ад яе, пакінуў. І ёй стала страшна. Невыносна страшна.
Уявіла свой заўтрашні дзень, і сэрца апаліла горыч. Успомніла папярэднія – бесклапотныя, ахутаныя шалам і жарсцю, дні, – і сэрца апёк сорам...
“Божа! То д‘ябал збіў мяне з тропу, усяліў у мяне імкненне да граху... І я наталяла сваю смагу пад любым кустом, на любым лапіку зямлі. І ніколі нікому не адмаўляла, – мяне і кідалі ў агонь беспамятства, бо ведалі, што я не адкручуся ад іх... Я ўжо не чалавек, а паслухмяная цацка ў чужых руках. Божа, дай мне сілы спыніцца на маёй дарозе, усялі ў мяне розум. Навучы бяспутных шляхоў Тваіх!..”
Першае, з чаго яна пачала, сказала свайму чарговаму каханку:
– Я не ведаю цябе, чалавеча! Ты, мусіць, памыліўся, ідучы да мяне... Не ў тыя дзверы ты зайшоў, не ў тыя...
Той здзіўлена паглядаў на яе, падумаў, што сапраўды памыліўся, бо не пазнаваў яе, – стала Марыя Магдаліна раптоўна чужой і непрыступнай. І голас іншы, і пагляд, і рухі, і позірк... Не Магдаліна была перад ім, а нехта іншы, чужы і незнаёмы...
Пазаўчарашняму каханку зусім нічога не адказала на яго заляцанні, – злосна зірканула на яго, як пранізала зневажальным позіркам, плячом павяла і, апусціўшы вочы долу, прайшла ціха паўз яго, пакінуўшы яму недаўменне і незразумеласць...
На апошняе месца сустрэчы – пад разгалістай смакоўніцай – яна высыпала з горшчыка попел, набраўшы яго з таго кастрышча, у якім спаліла сваё адзенне, у якім штовечара выходзіла для таго, каб кінуцца ў абдымкі ўцех і жарсці... Высыпала, і потым той жа горшчычак разбіла – і ён рассыпаўся на дробненькія аскалёпачкі...
“Ну, усё... – падумала, страсаючы з сябе нябачны груз, – я падышла да таго парога, які пакуль што нельга пераступаць... За ім і пачнецца маё новае жыццё. Але перад гэтым павінна здзейсніць галоўнае, без чаго не магу жыць...”
Яна адправілася ў пустыню – як мага далей ад мора Галілейскага. Не брала з сабой ні ваду, ні віно, ні праснака... Бо ведала, што не адчуе іх смаку, не натоліць смагу і голад, бо яго ў яе і не будзе...
Надарылася ёй быць надоечы ў горадзе Наін.
Стомленая, сядзела каля гарадской брамы, прыхінулася да халоднае сцяны... Ёю апанавала нечаканае здранцвенне. Гайдалася перад вачыма блакітнае мроіва, шэры туман... У людзей, што праходзілі міма, былі запаволеныя рухі, – быццам яны не хадзілі, а плавалі ў паветры...
Як у сне паўсталі перад ёю дванаццаць, і іх Настаўнік, апрануты ў чырвоны хітон – да пятаў. У гэты ж час праз браму на марох выносілі нябожчыка – юнака, адзінага сына ў маці. А перад гэтым у яе памёр муж, і яна засталася ўдавой...
Гора невыноснае абрынулася на жанчыну. Марыі Магдаліне здавалася, што яна чула, як выказвала сваё гора ўдава: “Божа, Божа! За што Ты так караеш мяне? Які грэх я ўчыніла? Ты забраў ад мяне мужа, адабраў і адзінага сына... Навошта ж жыць мне, Божа? Забяры і маё жыццё, хачу быць разам з імі ў Царстве іх...”
За ёю шмат народу ішло з горада – многія ведалі жанчыну, і ўсе пранікліся яе горам.
Моўчкі рухалася пахавальная грамада людзей.
Нешта сказаўшы сваім вучням, Настаўнік, аддзяліўся ад іх. Падышоў да яе, крануўся пляча, вымавіў:
– Не плач, маці сына свайго жывога!
– Хто Ты? Сын мой памёр, а не жывы.
– Я Той, да каго ты звярталася. Толькі Я не выканаю просьбу тваю, а вярну сына табе.
– Навошта ж так здзекавацца над беднай удавой, – вымаўляла жанчына з цяжкасцю словы, не бачачы Таго, Хто стаяў побач з ёю...
Ён больш нічога не сказаў, а падышоў да тых, хто нёс памерлага, дакрануўся рукой да мароў. Убачыўшы тое, насільшчыкі спыніліся.
Нахіліўшыся над юнаком, наблізіўшыся да самага твару, шапнуў на паўголаса:
– Хлопча! Ці чуеш ты мяне? Табе кажу – устань!
Нябожчык падняўся і сеў. Здзіўлена агледзеўся, не разумеючы, чаго так багата сабралася народу, загаварыў да Таго, Хто абудзіў яго:
– Ты – хто?
– Я той, хто ўваскрашае людзей. Ідзі да маці сваёй, супакой і абрадуй яе...
Усіх, хто бачыў тое, апанаваў страх. Самыя бліжнія пападалі на калені, баючыся глядзець на Таго, Хто на іх вачах зрабіў цуд. Такога людзі ніколі не бачылі, і не чулі пра такое. Бо тыя, хто паміраў, каго пакідала душа, ужо ніколі не вярталіся да жыцця...