Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Пачутае гучэла як праўда.
Алкепаў не толькі спакушаў мяне, а і ператвараў, падпарадкоўваў сабе.
Рызыкоўным і гібельным было маё будучае…
……………………………………………………………
Рука стамілася, і незразумелы цяжар лёг мне на плечы. Да ног як нехта прывязаў каменні.
– Ты ж са мной згодзен, спадар мастак?
– У асноўным. Адно хіба – дэталі... Але то, можа, і неістотна.
– Істотна тое, што фанаты бачаць больш, чым астатнія. У іх бачанне з вышэйшых формаў дзейнасці. Але тут галоўнае не пераступіць парог, не перайсці мяжу. Балансіроўка паміж жыццём і смерцю, паміж розумам і ...
– Шызам? – удакладніў я, нарываючыся на невядома што.
– Во-во... Я некалькі разоў быў у коме, вяртаўся з таго свету, але вызначыў усё ж той парог ці мяжу, за якія нельга ступаць. Паміж тым светам і гэтым – зразумеў: пераступіўшы, знойдзеш смерць. Прыкладам фанатычнай адданасці навуцы можа служыць Зміцер Мендзелееў. Яго стан, калі, так бы мовіць, “дах паехаў”, яго прага адкрыцця базіравалася на ведах у галінах фізікі, хіміі, матэматыкі – і гэтак далей, – прывялі да адкрыцця перыядычнага закона, які існаваў даўным-даўно. Але не ўсе, – асабліва падкрэсліваю, – не ўсе валодаюць такім уменнем працы ў інфармацыйных палях – з дванаццацю галоўнымі памочнікамі, – і застаюцца пры сваім розуме. Колькі ўжо разумных і геніяльных падыходзілі да гэтага рубікона, і былі на правільным шляху, ды не разлічылі свае сілы, забыліся пра свае “дванаццаць апосталаў”, пільнасць і перасцярогу, і... вар’яцелі.
– Як і папярэджваў Іісус, што нашле на такіх пошасці.
– У яблычка! Бачу, і ты цяпер смелы, бо ведаеш пра кожны крок свой, пра памер затрачанай энергіі, колькі крокаў засталося да таго рубікону?
– Сапраўды так – смелы. І – самаўпэўнены.
– Добра быць самаўпэўненым. Але дзякуючы каму, ты стаў смелы?
– Табе ж, безумоўна.
– Дзякую, што ацаніў мяне. Падабаецца табе знаходзіцца ў такім стане?
– Падабаецца. Але ... нецікава.
– Гэта ж чаму, дазволь спытаць?
– А таму, што ўсё даецца лёгка. А дзе ж пакуты творчасці? Дзёрзкасць фантазіі?
– А мне даспадобы. Бо для мяне не існуе сёння аніякіх тайнаў. Не ведаю, што такое пра нешта не ведаць. Знік страх, бо мне падуладна ўсё-усё...
– Усё-усё? “Няма нічога тайнага, каб не стала вядомым?”
– Во-во... Так, майстра, так...
Анатас зпадылба зірнуў на мяне:
– І ты гэтаму можаш навучыцца… Станеш усёмогучым.
– Богам?
– Навошта – Богам? Ты ж ведаеш, што Бог адзіны, – мы з Ім існуем, як шалі – хто каго пераважыць. І таму я веру не ў Яго, а веру ў сябе. Бо роўны з ім толькі Ён, Іісус, прыдуманы, а я – сапраўдны. І ты можаш стаць упоруч з намі.
– Добра, я падумаю...
– І маё ўладарства будзе доўжыцца 1260 дзён. Тры з паловай гады...
– А што пасля гэтага? Што?
– Хрэнаў сто! – усклікнуў заказчык і стаіўся. Не захацеў адказаць шчыра, не захацеў...
“Во куды заносіць яго, на Каго замахваецца…”
Ён, мусіць, стаміўся ад размовы, распачатай ім жа, бо замоўк надоўга, Схіліў на грудзі галаву, і брыль засланіў яго твар, стому, пакору...
“А можа такім яго стварыць? – прыйшла нечакана да мяне думка. – Вось іменна такім – ні дэманам і не чалавекам, ні зверам і ні птушкай... А можа ён і ёсць у чатырох тварах, як вечка каўчэга Гасподняга – з чатырма галовамі?”
Маўчаў хвіліну і дзве і тры... Як усё роўна заснуў.
Прыйшлося чакаць, калі сам схамянецца, – працягваў вадзіць пэндзлем па палатне.
А Ноя як і не было побач. Падумалася: адляцеў.
Мусіць, мы стаміліся абодва. Ён ад стараннасці ўразіць мяне сваімі ведамі пра Біблію,– ці не галоўную працу свайго жыцця, – а я ад той увагі да кожнага яго слова...
– Калі ты паверыў ва ўсё тое, што я паведаміў табе, – не падымаючы галавы, глуха пачаў Ной, і голас у яго сапраўды быў стомлены, млявы, – то магу адкрыць перад табою і самае сваё найвялікшае адкрыццё... Нікому ў свеце нават не заікаўся, а табе скажу...