Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Пазіроўшчык адказаў не адразу – сваёй манеры разважлівай і грунтоўнай:
– Пераканаўся, і ў які раз, што Біблія – гэта не вера ў Бога, а веды на падмурку веры. Калі ж дакладней – на базе ісціны. Сусветнай ісціны. А Сусвет сёння яшчэ не гатовы для раскрыцця яе. А Сусветаў жа – процьма, мільёны розных формаў жыцця. А людзі зямлі – гэта як бы камячок жывой матэрыі, якая яшчэ не ачышчана духоўным агнём... Калі я сказаў бы табе, Антон, што равін Іісус з Назарэта памёр толькі для таго, каб даказаць, што не існуе смерці, то твой варварскі розум аказаўся б пахіснуты, – бо ты, выбачай за шчырасць, яшчэ невук. Пакуль што. Ты – і паўчалавек, і – паўзвер, і пазбягаеш быць адным цэлым…...
– Дзякую, мой капітан, за высокую думку пра мяне, – адарваўся я ад працы і паглядзеў на яго. – І што з гэтага, скажы мне, вынікае?
Кароткае маўчанне, глыбокі ўздых.
– А тое, што Біблію сёння можна прачытаць толькі праз прызму сучасных ведаў і навукі. Праз усе галіны разумовай дзейнасці чалавека разумнага, якія расчынілі перад ім дзверы трэцяга тысячагоддзя. Але парадокс заключаецца яшчэ і ў тым, што тэксты здольны правільна прачытаць і расшыфроўваць не дарослы, не ўмудроны вопытам чалавек, а дзіцё...
– Дзіцё? Як гэта разумець, мой капітан? Жарт?
– Блізка каля гэтага... Біблія – гэта гумар і забаўляльная праграма. Накшталт “Поля цудаў” ці “Як стаць мільянерам?”. Пытанне – адказ. Пытанне – адказ. Дарослыя хмураць бровы, перабіраюць варыянты, перажываюць, хвалююцца, каб не прайграць... А дзеці доўга не думаюць, не баяцца памылак.
– Ну, дапусцім, што так...
– Таму я, пачынаючы раскадзіроўку тэкстаў, ператвараюся ў дзіця. Гуляю з Евангеллем, якое маецца ў арсенале і Старога Запавету. Новы ж Запавет я разглядваю і ўспрымаю толькі як тлумачальную запіску да прачытання ўсіх кніг, што ўвайшлі ў Збор – Біблію...
– І толькі?
– І толькі. Паслухай. “Іісус, паклікаўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх і сказаў: праўду кажу вам, калі не ператворыцеся і не будзеце, як дзеці, не ўвойдзеце ў Царства Нябеснае; і ад гэтага, хто ім зробіцца, той і большы ў Царстве Нябесным; і хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае. А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, хто верыць у Мяне, таму лепш было б, каб яму павесілі мельнічны жоран на шыю і ўтапілі яго ў глыбіні марской”. Гэта ад Мацвея, у васемнаццатым вершы. І яшчэ адтуль жа: “Але Ісус сказаў: пусціце дзяцей і не перашкаджайце ім прыходзіць да мяне, таму што яны – Царства Нябеснае. І, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль”.
– Ты хочаш сказаць, што «устами младенца глаголет истина»?
– Так. Бо і далей сказана: “Бачачы ўсе гэтыя цуды, якія Ён зрабіў, і дзяцей, што ўскліквалі ў храме і гаварылі “Асана сыну Давідаву!”, першасвяшчэннікі і кніжнікі разгневаліся і сказалі яму: “Ці чуеш Ты, што яны кажуць?” Ісус жа адказвае ім: “Так! Хіба ж вы ніколі не чыталі: “з вуснаў немаўлят і грудных дзяцей ты наладзіў усхваленне?” І, пакінуўшы іх, выйшаў прэч з горада ў Віфанію, і правёў там ноч”. Гэта з дваццаць першага верша...
Голас у субяседніка нейкі ціхі, прыглушаны, ён як быццам стараўся зачараваць мяне, ахутаць патаемным туманам свайго пераканання і сваёй, алкепаўскай, веры, апошняй ісціны, без сумненняў і пярэчанняў. І я не пярэчыў яму: маўчыць часцяком і той, хто сумняваецца…
– Калі ж даслоўна разглядаць тэкст, то льга ўбачыць наступнае – спрэчкі свяшчэннікаў, немаўляты, жорнавы мельніцы для тапельца... Але ж для чалавека разумнага гэта неабмежаванае поле думак, а не “поле цудаў”. Чаму ў расейскіх казках дракон аб трох галовах? Мы ж можам падумаць і пра трохступенчатую ракету, якая выводзіць карабель, ці Ноеў каўчэг, на арбіту. Я сцвярджаю, бо пераканаўся ў тым, што ў складальнікаў тэкстаў Пісання нараджалася і засталося між радкоў пачуццё гумару і вясёлага гратэску. Як і прысутнічае быццам бы жорсткасць, жаданне нагнаць на чалавека страх і жахі, але гэта, калі разабрацца, не што іншае, як усяго толькі папярэджанне, калі кажуць малому – “зюзя”, каб ён не ўстрыкнуў пальчык у электрадзірачкі... Калі ж не рабіць спасылку на гэта, то немагчыма будзе і зразумець сэнс асноўных вершаў, якія і нясуць зашыфраваную інфармацыю, – ужо канкрэтную, аксіёмную для нас... І, каб не было інакш, Бог і папярэджвае ў радках ад Мацвея, у дваццаць другім раздзеле: “Ісус жа адказаў ім:”Вы памыляецеся, не ведаючы Пісанняў, ні сілы Божай. Я – Бог Аўраама, і Бог Ісака, і Бог Іакава. Я – Бог не мёртвых, але жывых...”
Працягваў маляваць, слухаў, у большасці згаджаючыся з яго разуменнем тэкстаў Пісання. І не раз прыходзіла да мяне пытанне – хто ж ты, капітан Ной, на самай справе? Вялікі вучоны, даследчык Бібліі, тэолаг, крытык, ці тая істота, якая знайшла патаемны ключ да расшыфроўкі тэкстаў Бібліі? Ці ты самы звычайны бязбожнік, таму не прымаеш Вышняга і Яго запаветы, а прыкрываешся ведамі, як шчытом. Не адмаўляеш, на словах, існаванне Бога, прызнаеш, што гэта Ён даслаў нам Вучэнне Дабра і Святла, – а насамрэч у цябе далёкія-далёкія планы, пра якія я яшчэ не здагадваюся...