Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Так, Святлана, я пагутару з Шарамецьевай. Калі яна пацвердзіць напісанае, то вы ўсё роўна павінны аформіць гэта афіцыйна, а яшчэ лепей выкінуць у сметнік. Не тым займаецеся, шаноўная спадарыня, не тым. За сваёй сям’ёй сачыце. Я не здзіўлюся, калі следам прыдзе пісьмо і на вашага мужа. І вы разам напішаце тое пісьмо... Ідзіце.
На твары Святланы незадаволенасць і расчараванне. Яна думала, што Зуй падтрымае яе, дасць ход лісту Алы, а ён...
– Ну, ведаеце, я...
І выйшла з кабінета.
У дзверы пастукалі. Потым яны расчыніліся і на парозе стаяла Ала Шарамецьева. У беласнежным халаціку вышэй каленяў – стройненькая, ружовашчокая, маленькая, бы школьніца, падслепавата глядзела на гаспадара кабінета з выглядам няшчаснай, прыгнечанай сваім мужам. Чакала. У Алачкі вось-вось выкацяцца на шчокі буйныя слёзы. Слёзы вялікага гора.
– Ала Антонаўна, толькі чэсна. Вы самі вось гэтае напісалі? – Зуй узяў пісьмо, трымаў над сталом.
– Я. А што?
– Ды нічога. Дык вы хочаце, як я зразумеў, каб калектыў пакараў вашага мужа?
– Прашу разабраць яго. Каб прызнаўся, што ён кат і п’яніца, што збівае кожны дзень мяне. Хай ведае калектыў, хто з нас праведны, а хто грэшны і вінаваты. Хай не прыкідваецца ягняткам.
“Ну і гадзіна ж ты, графіня Шарамецьева. Ён не анёл, праўда, але ж і ты не нашмат лепшая за яго. І так табе хочацца вынесці свой сямейны бруд на вочы і слых людзей... Не дай Бог мець такую жонку...”
– А вас не будзе потым пячы сорам, калі яму і вам будуць задаваць розныя пытанні?
– Ну і што з таго? Няхай задаюць. Адкажу на ўсе. Але хто іх будзе задаваць – усе адным маслам мазаныя. Ва ўсіх амаль тое ж самае. То я магу ўсім задаваць пытанні. І вам у тым ліку, Іван Мінавіч, што вы не прымаеце ніякіх мераў, і таму ў паліклініцы працвітае п’янства. Абламейка ў сваёй ліцейцы цэлы рэстаран адкрыў і гарэм наладзіў, а вы, як кум яго, скрозь пальцы на ўсё глядзіце. І гэта ў той час, як Міхаіл Сяргеевіч выдаў строгі ўказ па барацьбе з гэтым злом. Калі ж хоць адзін сігнал дойдзе да райкама партыі, то вы і партыйнага білета пазбавіцеся... і пасады. Тады вашае месца зойме мой муж, чаго ён і дамагаецца, сама чула ад яго тое. А ён тады тут такі парадак навядзе, што і вам месца не знойдзецца. А што?
Зуй хацеў крыкнуць ёй: “Выйдзі вон!”, але маўчаў і выслухоўваў маналог Алы Антонаўны. Мусіў выслухоўваць. Бо не хацеў пападаць пад строгі абстрэл яе злобнай артылерыі.
“І як толькі з такой жыве Віця? – у каторы раз пытаўся сам у сябе галоўурач. – Горшага пакарання для яго Бог прыдумаць не змог...”
– А што? Няхай ведае, што і на яго ўправа знойдзецца. Ці я няпраўду кажу, Іван Мінавіч?
– Праўду, праўду, вашай бы праўдай ды суп саліць, – згадзіўся галоўны, жадаючы хутчэй пазбавіцца ад Алачкі, бо чаго добрага яна яшчэ ўпадзе прама перад ім на крэсла і будзе расказваць падрабязна, як здзекваецца з яе граф. – Вы ідзіце, а мы падумаем, што рабіць, як і якія прыняць меры. Не хвалюйцеся...
Дзверы зачыніліся.
Зуй застаўся адзін. Званіць у абласны аддзел аховы здароўя ўжо расхацелася – не пад такі настрой трэба гаварыць з абласнымі чыноўнікамі, не з такім. Ён яшчэ раз узяў у рукі данос, пачаў зноў чытаць. Адначасова думаў, як выйсці з гэтага непрыемнага становішча.
9.
Алачка зайшла ў свой кабінет, падышла да крэсла, у якім сядзела жанчына з раззяўленым ротам – чакала дакторку.
– Ну, як? – затоена спытала Святлана, і ў яе аж загарэліся вочы ад цікаўнасці, як не сліна цякла па барадзе ад прадчування інтымных адкрыццяў.
– Аніяк. Выплюньце, што ў роце, – павярнулася яна да хворай. – Раскрыйце зноў, я пагляджу, што ў нас атрымалася.
Жанчына выканала загад-просьбу, глядзела на Алачку, якая, жмурачыся, накіроўвала бор да хворага зуба. Рухавічок загудзеў, як чмель...
Калі ж скончылася працэдура з лячэннем, Алачка прамовіла:
– Заўтра ў шаснаццаць я чакаю вас. І прынясіце тое, што паабяцалі. Калі тое не абцяжарыць вас.
– Добра, Ала Антонаўна. Не забуду. Дзякуй вам.
– Да заўтра.
Жанчына выйшла за дзверы, а Алачка са стомленым выглядам села ў драўлянае крэсла, уздыхнула. Глядзела безуважна на Мадону, што весела паглядала з каляровага календара, выставіўшы напаказ сваё багацце, адзначыла пра сябе: “І ўсё роўна ў мяне не горшыя грудзі, чым у цябе... А што? Нездарма ж капітан міліцыі нахвальваў, калі абдымаў, прызнаючыся ў каханні...”