Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Усе адмаўляліся ад гэтай пасады, а яна сама напрасілася, папрасіла нават асобна кожнага, каб за яе прагаласавалі на сходзе, калі прапануюць яе кандыдатуру. Прапанавалі. Па яе ж падказцы.
І прагаласавалі – баба з воза, кабыле лягчэй. А тут наадварот – баба на воз ускочыла, як коніку быць?
Зуй тады перайшоў на строгі тон:
– Што здарылася, Святлана Віктараўна?
– Што здарылася? – хапілася жанчына за кінутую нітачку, за галоўную жылу, абрадвалася нават, што ёсць магчымасць праявіць сябе, даказаць, што яна недарэмна есць прафсаюзны хлеб. – А здарылася вельмі непрыемнае. Гэта вандалізм, далажу я вам, паважаны Іван Мінавіч, калі муж прыходзіць дадому і правярае моц сваіх кулакоў на твары жонкі. Калі кожны вечар п’яны, калі з-за палявання закінуў сям’ю і блукае невядома дзе... Вядома, канечне, дзе – да маладых бегае, бо свая прыелася...
– Хто такі? Што вы загадкамі гаворыце? Усё вакол ды каля...
– ... прыелася, а свежанькага хочацца. А яна, бедная жанчына, выбілася з сілаў, выхоўваючы дзяцей. Ды ён выконвае свае абавязкі мужа раз у два месяцы, і то хапае на тры хвіліны...
– Ты з секундамерам стаяла, Святлана Віктараўна? – галоўрач пачаў ужо налівацца злосцю, нерваваць. – Тут работы процьма, а ты прыйшла са сваімі фантазіямі...
– Пры чым тут секундамер, Іван Мінавіч? Тут справа надта сур’ёзная. І вось у прафсаюзны камітэт паліклінікі прыйшло пісьмо, у якім няшчасная жанчына просіць аказаць дапамогу ў наладжванні сямейнага жыцця.
Зуй усміхнуўся:
– Ты так дасканала і глыбока ведаеш прадмет размовы, што ў мяне закраліся сумненні – а ці не ты сама прыклала да гэтага руку? Ну, пісьмо такое скласці, га?
Твар Святланы заліўся густой бурачковай чырванню, забегалі неспакойна вочы, і яна апусціла галаву. Потым зноў страсянула галавой, каб паправіць прычоску, як конь грыву, працягвала ўладарна:
– Я, Іван Мінавіч, на пасту прафсаюзных інтарэсаў. І падлогам не займаюся. І вам сорамна абвінавачваць мяне ў нечым недазволеным. Я павінна ўсё ведаць падрабязна перад тым, як ісці да вас.
– Можа і так. Але я ведаю, што ты памагала пісаць такія пісьмы. І пры тым з ахвотаю. Але я не пра тое. Хто ж такі той вырадак і алкаголік, які ў нас завёўся? Столькі доўга гаворыш, а ўсё ў сакрэце трымаеш.
Святлана набрала ў сябе паветра, ад чаго ўзняліся да самага падбароддзя – акруглага, парослага нябачным мохам-пушком, глянула ва ўпор на галоўнага – як расстрэльвала позіркам.
– Гэта ўрач-пратэзіст Віктар Шарамецьеў!
Галоўны хмыкнуў, перакрывіўся тварам, заўсміхаўся. Зразумеў усё, бо ведаў пра ўсё тое, як і ведаў, адкуль растуць ногі ў гэтай гісторыі, і які тут мела інтарэс прафсаюзная дзяячка.
– І Ала здагадалася напісаць тое пісьмо, скаргу? Слова ў слова?
– Сама. Аддала мне ў слязах, папрасіла даць ход.
– Сама? З рук у рукі? І ты яе не схіляла да гэтага? Не абяцала ў сваім кабінеце, што прафсаюз можа паставіць яго на месца?
Зноў выступіла чырвань на твары жанчыны. Зуй добра ведаў пляткарскі характар і Святланы, і яе сябровак. Бо сам жа не раз піў з тым жа Шарамецьевым, Абламейкам. У Абламейкі быў нават за кума – хросным бацькам дачкі. Хаця, праўда, па п’янцы ўсё выйшла, нечакана.
– Іван Мінавіч, а вось пра тое вы ў яе самі і спытайце.
– І спытаю. Пакліч. Толькі пакінь мне паперы. Каб я ёй іх паказаў. І – толькі без цябе.
– Пажалуйста, – прафарг крутанула азадкам, як усё роўна спакушала галоўнага, паднялася, і крэсла зноў незадаволена піснула, што яго патрывожылі і такі груз узвалілі на яго. Свянціцкая паклала на стол паперы, спісаных з абодвух бакоў, счэпленых разам металічнай змацоўкай, горда ўзняла галаву і пайшла да двярэй.
– Э-э, Святлана, хвілінку, – спыніў яе Зуй. – А на паперы няма ніякіх пазнакаў. Можа, ты яго знайшла на вуліцы. Павінна быць дата, калі атрымана, пазначыць канверт. Запісаць у журнал прыходу карэспандэнцыі. Адваротны адрас з прозвішчам, хто прыслаў, хто аўтар. Тут жа нічога няма, Святлана! Як ты можаш мне аддаваць такія паперы і ўцягваць мяне ў вашыя плёткі? Пастой, я прачытаю хуценька вашыя ананімкі...
– Гэта не ананімкі. А крык душы.
– Пабачым...
Ён прабег вачыма напісанае. Сапраўды, почырк быў урача стаматолага Алы Шарамецьевай. Скардзілася на свайго мужа. “У прафсаюзную арганізацыю стаматпаліклінікі...” Аўтарка падрабязна, з інтымнымі падрабязнасцямі і дэталямі, расказвала пра грахі і недахопы свайго мужа. Пісала, што ён абірае просты люд, вымагае з іх грошы за дзяржаўную работу, што б’е яе, гуляе з чужымі жанчынамі, што... І просіць разабраць яго паводзіны на прафсаюзным сходзе, строга пакараць пры гэтым. Як пакараць, не пісала. Зуй асцерагаўся, каб яна дзе не ўспомніла, што і ён ездзіў з імі на паляванне. Не, не напісала... Ці хто іншы не напісаў?