Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
— Усё можа быць, — думаючы пра нешта сваё, адказала Тамара, і потым дадала нечаканае для мяне: — Не падабаецца мне ўсё. Трэба хутчэй заканчваць.
— Як заканчваць? — разгубіўся я.
— Прыдумай, — Тамара ўзняла на мяне позірк, у яе вачах быў звычайны жаночы сум. — Вось чую я, няма тут па-сапраўднаму ніякага крыміналу, смерць — няшчасны выпадак.
— Але ж разабрацца трэба, — заўпарціўся я. — Лесбіянка раптам зацяжарыла, хавала гэта ад усіх, акрамя дачнікаў, нарадзіла. Дзе дзіця? І праз два дні пасля нараджэння няма ёй большай справы, як недзе з некім жартаваць. распрануўшыся цалкам!
— Разбірайся, — кіўнула згодна Тамара, — але надта не ўпірайся, не той, кажу, выпадак.
— Ну добра, — разгублена прамармытаў я. Мяне бянтэжыў настрой пракурора — яна заўсёды вельмі прынцыповая да следства, і раптам такое.
Тамара ўзнялася з-за стала, падышла да вакна, абаперлася на падваконне, нейкі час маўчала.
— Мне б хто лепш далажыў, калі сонца будзе. Хана маім памідорам, нейкія глісты растуць — тонкія, кволыя, дзыбатыя. Падаюць ужо.
Павярнулася да мяне, я ўстаў.
— Ты лепш, Васіль, пра жывых жанчын думай. Надзька твая ў самым часе раджаць. Ды і табе. Думаеш, лёгка нам, бабам, цераз людскія пагалоскі пераступіць?
Здаецца, я пачырванеў — адчуў, як прыліла кроў да твару.
— Ты выбачай, — Тамара шчыра павінілася. — Калі баба не хоча ні з кім жыць, дык ніхто і ведаць не будзе, з кім яна спіць. Вось пра мяне хто скажа хоць слова? Ці ты думаеш, за час пасля разводу ў мяне мужыкоў не было? А калі табе, не хаваючыся, жанчына есці гатуе, дык павінен разумець. Не кіпі, я табе як маці кажу. Надзея твая — добрая жанчына, ведаю яе.
— Ды неяк разбяруся сам, — прамармытаў я.
— Ага, разбярэшся, — згадзілася Тамара і ўсміхнулася з незвычайным для яе твару клопатам. — Але як жанчына хачу табе сказаць. Мужчына выбірае сабе жанчыну, якая нечым падобная да яго маці, выбірае жанчыну для сябе. А вось жанчыны выбіраюць сярод мужчын не сабе каханка ці гаспадара, а бацьку для сваіх дзяцей. Тая цябе па-сапраўднаму кахае, якая хоча ад цябе нарадзіць. Ну ўсё, не буду больш цябе вучыць жыць. Ідзі, чакае яна цябе. Шчаслівы ты, зразумей нарэшце: цябе штовечар чакаюць.
Я выходзіў з пракуратуры з цяжкім і прыкрым пачуццём: Тамара мела рацыю, больш за тое, яна кранула самае балючае, тое, пра што я стараўся не думаць. Справа ў тым, што нашыя адносіны з Надзеяй зайшлі ў тупік. З аднаго боку, усё было добра: мы бачыліся практычна кожны вечар, ужо двойчы бавілі разам выходныя. Ездзілі разам на рынак у суседні райцэнтр — Надзея была заявіла, што я зусім абнасіўся, трэба займець мне колькі сарочак на лета, джынсы і касцюм. Сабе набірала рознай драбязы. Гатавала есці — і на мяне амаль штодня. Сэкс у нас хоць і стаўся бадай рэгулярным заняткам, але не страціў той самай першай радасці валодання жаданым целам. І я з асаблівай уцехай адзначаў: Надзея радуецца мне ў ложку, ёй прыемна не столькі атрымліваць, колькі аддаваць мне — ласку, пяшчоту. Зрэшты, для мяне і самога незаўважна стала галоўным даць як мага больш Надзеі. І тут не мужчынская гордасць самім сабой, не задавальненне ад выніку былі галоўным: вось, маўляў, які я спраўны і ўмелы мужчына — жанчына са мной у ложку штораз узнімаецца на пік асалоды кахання. Не, мяне апаноўвала невытлумачальнае шчасце сузіраць яе крышку ашалелай ад пачуцця ў такія імгненні, хацелася доўжыць такія хвіліны. Невыказна цёпла было сустрэць яе глыбока пяшчотны позірк, калі пасля мы ляжалі сцішаныя побач і ўглядваліся адно ў аднаго, быццам бачыліся першы раз, і старанна вывучалі кожную рысачку на тварах. Мне не хацелася думаць нейкімі высокімі катэгорыямі, але я ўпершыню ў жыцці сапраўды адчуваў шчасце ад таго, што я — даю і атрымліваю ўзамен такое ж: мне аддаюць, і жанчына шчаслівая, што аддае.
Я не думаў пра тое, як называць цяпер нашыя адносіны, не казаў і не думаў казаць Надзеі пра каханне. Неяк занадта будзённа ў нас усё пачалося і развівалася, дасягнула вяршыні. Дакладней — тупіка. Я адчуваў — тупіка. Бо вось жа пачыналася, быў нейкі рух, была мэта, было куды і да чаго рухацца, а цяпер мы дайшлі да таго пункта ў адносінах, за якім павінна пачацца нешта якасна новае.
Карацей, альбо жыць далей ужо як муж і жонка, альбо. разбягацца.
Надзея ніводным словам не намякнула на тое, што ў нашых адносінах павінна з’явіцца нейкая яснасць, яны павінны перайсці ў новую фазу. Але Тамара мела рацыю, ды і я сам не мог не разумець: Надзея чакае, верыць у працяг. Было ясна, што яшчэ месяц-два — і Надзея стоміцца быць адданай каханкай, і блізкасць урэшце страціць галоўнае — пачуццё самаахвярнасці, стане проста актам задавальнення патрэбы. Гэта звычайная дыялектыка: колькасць павінна пераходзіць у якасць, усё мусіць развівацца, а застыласць — для мёртвага.