Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Раней прыляталі ўдвох. Але нешта здарылася з яе спадарожнікам – адна. Інвалідка, бачыш, правая нага пашкоджаная… Яна прыляцела да мяне за дапамогай. Я вылечыў яе, але нага, як бачыш, зраслася няўдала.
Сапраўды, кіпцюрык у галубкі быў сагнуты, але яна ўпэўнена апіралася на яго, не звяртаючы на нас увагі, частавалася прапанаваным гасцінцам.
– Міхась Пятровіч, спытаць яшчэ хачу – Анатас Алкепаў, а ён хто – звышчалавек, звышшарлатан, ці – прафесійны аферыст?
Хурс падсыпаў зярнятак Анфісе, адышоў ад акна.
– Ні першае, ні другое, ні, тым больш, – трэцяе… Ён ёсць, і яго няма. Гэта як сусветнае павучынне Інтэрнэта: убачыць немагчыма, але яно існуе… Віртуальна. Існавала заўсёды, яшчэ задоўга да таго, як вынайшлі кампутар, нават як нарадзіўся чалавек. І без кампутара і тэлефона душы людзей былі злучаны між сабою нябачнымі ніцямі. І іх усіх злучыў Творца. Анатас стварыў слабое падабенства таго, што было яшчэ да яго…
Доўга мы гаварылі з Хурсам, як ніколі да гэтага не гаварылі. І невядома, колькі магла доўжыцца нашая сустрэча, маё знаходжанне і гасцяванне ў майго былога настаўніка, калі б не ўспомніў, што пара вяртацца ў сваю “майстэрню”. Дзіўна, але я адчуваў у яго – у Хурса – сябе спакойна і ўпэўнены быў, што тут мне нічога не пагражае. Не трывожыўся, не турбаваўся, што нанясу сабе тым самым нейкую шкоду. Даведаюся для сябе пра нешта новае, пра што раней і не здагадваўся.
Хурс правёў мяне да дзвярэй галоўнага калідора. Толькі прачыніў дзверы, каб я выйшаў, сам жа застаўся на сваёй тэрыторыі.
Паціснуўшы яму руку, пераступіў нябачны парог….
Да майго пляча дакранулася чыясьці рука.
Расплюшчыў вочы. Побач са мной, у крэсле, сядзеў Анатас.
– Здароў быў, маэстра! Паўгадзіны сяджу каля цябе, чакаю, калі сам прачнешся, а ты ў снах купаешся, як у роднай Прыпяці...
– Быў здароў! Добрай раніцы, добры вечар, добры дзень... Як адказваць табе, Ной? Што цяпер сапраўды – раніца, вечар, ноч, дзень?
У маім голасе выпірала незадаволенасць і раздражнёнасць, і таму чакаў, што адкажа заказчык.
– Ты, я бачу, не з той нагі ўстаў? Перанапруціўся, стоячы каля мальберта? Быў у майстэрні. Скажу шчыра, вельмі спадабаўся мне твой пейзаж. Магу купіць яго. І мой партрэт, бачу, блізкі да завяршэння… Працуеш, значыць, напоўніцу, як жартаваў твой сябра Пушкар – не прыкладаючы рук. Мог бы пад час перапынкаў намаляваць партрэт і афіцыянткі Яніны – як-ніяк яна корміць цябе, даруй, нас корміць…
– Сам бы хацеў…
– Слухай, дарагі мой Антоне, у мяне нарадзілася ідэя. Ніколі не здагадаешся. Мы можам тут стварыць Карцінную галерэю і назваць яе – “Салон Антона Клімовіча”!... Ты будзеш маляваць тутэйшых жыхароў. Сотні, тысячы, мільёны партрэтаў… Ты не абмежаваны ў прасторы, як і ў часе. Але я бачу, што ты хандрыш, вялы нейкі, абыякавы…
– Ды справа не ў маёй хандры, мой капітан! – я разгублены, збіты з панталыку. Па-першае, скажы, колькі я знаходжуся ў цябе, адарваны ад свету, людзей, сям’і, сяброў… Закладнік, палоннік...
– Палоннік? – шчыра падзівіўся заказчык. – Палонік ты, а не палоннік. Ты лічыш, што гэта палон? Ты, мусіць, хочаш сказаць, што ў няволі нельга быць творцам ці мастаком? Цікава ты павярнуў кружэлку. І ці ты гэта гаворыш, Антон?! Ты? Калі пайшло ўжо на тое, дык ідзі ў майстэрню, заканчвай мой партрэт – і вяртайся ў свой рэальны свет. Каціся на ўсе чатыры бакі! Дагарай там у сваім міфічным і дэманічным творчым агні, як на кастры інквізіцыі… Ты ж там – ніхто! Ні-хто! Няўжо не разумееш? Ці – не хочаш разумець? Вяртайся! Скатертью дорога! Але запомні адно: зваротнай дарогі для цябе не будзе. Недарэмна нехта з вялікіх сказаў: “Ззаду мастака – толькі апраметная…”
Капітан апусціў галаву, пакрыўджана ўздыхнуўшы, дадаў:
– Не трымаю я цябе тут – і ў думках не было такога. Я сам магу прыходзіць да цябе ў тваю навабеліцкую майстэрню, заказваць новыя працы. Але там ты не маеш патрэбных умоў. Нават і грошай няма, каб купіць патрэбныя фарбы, цябе абмінаюць мастацкія выстаўкі, і ты знаходзішся на самым нізкім – бяздарным і графаманскім – узроўні. А тут – фігура, постаць! Ды што я гавару… Хочаш вярнуцца? Калі ласка. Дарабі партрэт – і каціся. Божа, як ты мне абрыд са сваім ныццём, скуголеннем, творчай свядомасцю і падсвядомасцю. Ты хоць сам гэта разумееш?
– Разумею, разумею. І таму ты даруй мне, калі пакрыўдзіў.
– Што я чую? – падняў рукі заказчык. – Ты ў мяне просіш прабачэння? Кракадзіл у Ніле здох, няйначай. Ды ладна, дробязі гэта ўсё, выведзенага яйка не каштуюць. І я на тваім месцы паводзіў бы сябе вось гэтак жа, праўду кажу. Нічога дзіўнага. Усё натуральна, па-чалавечы. Што яшчэ? Колькі часу ты знаходзішся тут? Заўтра ці ўчора будзе роўна год. Гэта па вашым часе.