Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Шмат, браце мой, цудаў на свеце, і спасцігнуць іх сэнс, раскрыць змест не кожнаму і дадзена. Але нам з табой – тое пад сілу.
– А з капітанам карабля – Анатасам – вы даўно знаёмы?
– Не так каб і вельмі, але… Ён ведаў, што я займаюся пытаннямі Бібліі, дазнаўся і пра грыдпіс – прапанаваў мне свае паслугі. Я не адмовіўся. Скажы мне, дзе яшчэ такія ўмовы? Сучасная аргтэхніка, якой няма ў свеце. Інтэрнет, галактычная сетка, сувязь з іншымі сусветамі … Пра што яшчэ мог марыць вучоны-самавучка, як я?
На нейкі час усталявалася маўчанне, і мне прыйшлося парушыць яго.
– Дык, значыць, і вы паддаліся спакусе?
– Ды як сказаць, з якога боку падысці да гэтага… Паддацца ці саступіць – дзве вялікія розніцы. Калі мне капітан карабля зрабіў сваю прапанову, першае, пра што я падумаў ўспомніў, што сказаў з гэтай нагоды Оскар Уайльд, англійскі пісьменнік і крытык. Анатас, дарэчы, і яго спакушаў, доўга дамагаючыся згоды падпарадкавацца яму. Дык ён, стаміўшыся ад настойлівасці д’ябла, здаўся яму, а для чалавецтва зрабіў заяву: “Адзіны спосаб пазбавіцца ад спакусы – паддацца спакушэнню”.
– Анатасу ўдалося і залучыць да сябе Оскара Уайльда? Можа ён знаходзіцца сярод нас, а мы яго проста не бачым?
– Усё можа быць…
– Вы з ім не сустракаліся?
– Магчыма і сустракаўся… – Хурс паціснуў плячыма, пра нешта задумаўся.
Я спыніўся каля кніжных паліцаў, даставаў адну за другой кнігі, са здзіўленнем адзначаў, што ніводнай з іх раней не трымаў у руках. У асноўным усе яны былі па фізіцы і хіміі, па філасофіі і псіхалогіі. Няўжо Хурс іх усе прачытаў? Апантанасць ідэі грыдпіса засланіла ўсе ў ім іншыя жаданні?
Тым часам Хурс закіпяціў гарбатнік, заварыў, як і ў мінулы раз, сумесь лясных зёлак. За акном яго хаціны набірала сілу восень. Мусіць, абрынуліся на лісце дрэў першыя прымаразкі, таму што пачалі жаўцець першыя лісты клёнаў – іх пранізвалі промні зыркага сонца. Хацелася тут жа выйсці і пакратаць тое лісце рукамі.
– Заканчваеш партрэт?
– Так, ужо на стадыі завяршэння. Але пасоўваецца цяжка.
– У школе, як я памятаю, ты не хінуўся да малявання. Прыйшло тое да цябе пазней?
– Так, і гэта здарылася нечакана. Таму што другое было ў галаве. Пісаць хацелася – газета пацягнула да сябе. А потым…
– Ведаю. І газета абрыдла табе.
– У тым жа Піцеры пачаў наведваць гурток малявання, што быў створаны пры акадэміі мастацтваў. Пахадзіў па выстаўках, зразумеў, што буду мастаком.
Асцярожна, каб не апячыся, дакранаюся губамі да брыжыка кубка, уцягваю ў сябе чароўны напой. Позірк скіраваны на акно. Нечакана для мяне Хурс, падышоўшы да яго, клацнуў засоўкамі – знізу і зверху – расчыніў насцеж рамы. У пакой паляцелі пахі соснаў і елак, балотных выпарэнняў, пачулася гамана птушак…
“Гэта сапраўднае ці штучнае? – хацелася запытацца ў гаспадара але чамусьці не асмеліўся.
Але на языку пытаннечка сядзела, абпальвала яго, калола і, каб пазбавіцца ад той пякучкі, асцярожна вымавіў:
– Міхась Пятровіч, а вы – звышчалавек?
Ён амаль не адрэагаваў на маё недарэчнае пытанне. Моўчкі, зрабіўшы некалькі глыткоў, паставіў кубак на падваконнік.
– Ды не, зусім не… Які з мяне звышчалавек? Мяне гэтая тэма не хвалюе. Хаця чалавецтва і надае ёй вялікую ўвагу. Я ж падпарадкаваў ёй сваю формулу. Ідэя не новая. Старадаўнія народы складалі міфы і трактаты пра звышчалавека. Бачылі ў іх тытанаў, паўбогаў, прарокаў, месій, святых. А чароўныя казкі, эпічныя песні з вобразамі рыцараў, заступнікаў, якія змагаліся з драконамі, змеямі з трыма галовамі, людаедамі…
– Гэта ўсё выдумкі, так? Тады адкуль браліся такія сюжэты? Не на голым жа месцы яны нараджаліся.
Мы не адыходзім ад расчыненага акна, дыхаем восеньскім паветрам, нам хораша ад пахкага напою і цёплай гутаркі…
– Народная мудрасць… А яна ва ўсе стагоддзі разумела, што чалавек не ў стане сам пабудаваць сваё жыццё, яго трэба ўдасканальваць і ўдасканальваць…
– Цікава – да якой ступені? Дзе мяжа?
– Гэта асобная тэма. Каб адысці ад формулы грыдпіса, я зрабіў такія-сякія вывады. У вольны час можаш азнаёміцца, калі будзе цікава. – Хурс паклаў на падваконне агульны сшытак з зялёнай вокладкай. – Гэта проста развагі, нічога агульнага з асноўнай навуковай працай…
Да акна, лапочучы крыламі, падляцеў голуб. Сеў на выступ, недаверліва паглядзеў на мяне.
– А, Анфіса, – не здзівіўся Хурс, звяртаючыся да птушкі, – прыляцела? А дзе твой Зеўс? Пачакай, я прынясу табе што-небудзь пакляваць…
Ён схадзіў на кухню, прынёс паліэтыленавы пакет з-пад малака, дастаў з яго жменю чорных семак сланечніка. Высыпаў перад Анфісай. Яна тут жа прынялася іх кляваць…