Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Гэта толькі табе здаецца... Як толькі кніга была надрукавана, я адразу ж і ажыла, стала кроўю і плоццю. Сам вінаваты, майстра, маёй віны ў тым няма... Таму і даруй, калі я буду рабіць нешта такое, што будзе цябе здзіўляць, і не да спадобы...
– Я не выдаваў яе, павер, Жана. Недасканалае я сам ніколі на суд людскі не выношу.
Жана не была п’янай. Я слаба супраціўляўся яе юрлівым жаданням, але яна, жартуючы, заламала мне рукі назад і, усміхаючыся, загадала не рухацца, інакш паабяцала пакрамсаць самую сябе вострым нажом...
– Не сябе, канечне ж, а палатно, на якім ты мяне намаляваў... – шаптала мне на вуха, тым часам скідваючы з мяне кашулю. – Ты плаціў мне вельмі мала. Пагэтаму і хачу ўзяць з цябе галоўную плату. Я хачу нарадзіць ад цябе сына. Такога ж таленавітага, як і ты... Мышук, – звярнулася да майго сябра, – будзь ласка, пакінь нас адных, бо я саромеюся цябе...
Мне б, дурню, праявіць настойлівасць, адпіхнуць ад сябе, а я… Не хацеў яе пакрыўдзіць адмовай... “Если женщина просит…» Пень без мазгоў! Інакш сябе не мог абазваць...
Мышук паслухаўся дзяўчыну, нячутна юркнуў са стала ўніз і схаваўся пад падлогай.
А далей адбылося тое, што і павінна, ў такіх выпадках, адбыцца.
Але тыя імгненні застануцца ў маёй памяці ўсё жыццё. І тут я як быццам апынуўся на раздарожжы: з аднаго боку, я быў удзячны Вышняму, што паслаў мне ў жыцці такія шчаслівыя хвіліны, а з другога... праклінаў сябе за сваю слабасць, і прасіў у Бога дараваць нечаканы грэх... Існуючы ці неіснуючы? А калі гэта быў мой толькі сон, юрлівая мроя? Але ж і ў думках можна саграшыць, і тое будзе таксама грахом...
Северанін некаму памахаў рукой, заўсміхаўся. Ён ужо, здавалася, не звяртаў на мяне аніякай увагі. Мне падалося яшчэ, што я перастаў і цікавіць Паўла, і што прыйшла пара мне пакінуць яго...
Не ведаў, што сказаць на развітанне, лезлі нейкія няўклюдныя і не да месца словы. Запознена пашкадаваў, што адчыніў гэтыя дзверы. Паспавядацца? Пераканацца ў сваім граху? Не ведаю... Хіба толькі для таго, каб пабачыцца са сваім сябрам, для якога стаў няхай не ворагам, дык чужым?
Але ж і ўцяміў адну ісціну: сваю віну, тым больш грэх, перад кім-небудзь выкупіць немагчыма ніколі. Нават нельга замаліць яго ў царкве, пазбавіцца і на споведзі перад святаром... Гэта ўжо як кляймо. Мецінка на ўсё жыццё...
– Я пайшоў, Павел?
– Так, так, табе пара.
Ён усміхаўся, весела пазіраў на мяне, стараючыся прыдаць свайму твару бесклапотнасць і ўсёдараванне.
– Заходзь, калі што якое... Ды вось што яшчэ... Будзь цвёрды ў сваіх памкненнях і жаданнях. Мы з Жанай будзем побач. У цяжкія хвіліны мы прыдзем табе на выручку. Дзеля гэтага мы і знаходзімся тут.
– Добра, буду мець на ўвазе.
Дзверы расчыніліся гэтак жа лёгка, як і перад гэтым, калі ўваходзіў.
За спіной пачуўся смех. Па якой прычыне ён быў, не ведаю, але падалося мне, што смяяліся з мяне. І ад таго яшчэ непрыемней стала на душы.
Жана, Жаначка, Жанета...
Яна больш не прыходзіла да мяне. Я не ведаў яе прозвішча, як і не ведаў, дзе і з кім жыве, хто яе бацькі. Да глыбокай ночы блукаў па горадзе, спадзеючыся сустрэць ці то ў натоўпе, ці то ў глухім завулку... Не сустрэў, не сутыкнуліся нідзе нашыя вочы.
А праз год прыйшла да мяне незнаёмая дзяўчына. Нясмела пастукалася ў дзверы майстэрні.
– Вы – Антон Клімовіч?
– Я. Заходзьце.
– Я толькі на хвіліну. Толькі каб уручыць вам канверт.
– Ад каго?
– Ад яе, ад Жанеты.
– Дзе яна?! – сціснуў яе за плечы. – Скажыце, дзеля Бога! Яна болей не прыходзіць да мяне.
Яна ўздыхнула:
– І не прыдзе, майстра. Так яна, здаецца, называла вас?
– Так. А як вас называць?
– Пра мяне ў апавяданні вы толькі два словы сказалі. І нават імя мне не далі. Я яе сяброўка.
– Даруйце за такую бестактоўнасць.
– Скажыце, сяброўка Жаны, дзе яна?
Дзяўчына марудзіла нечага, а потым адказала:
– Няма яе, майстра... Памерла пры родах. Ёй рабілі кесарава... Не вытрымала.
Я абхапіў галаву рукамі. Адчуў сваю непапраўную віну. У тысячу разоў большую, чым перад Паўлам. І ў маёй душы нарадзілася шкадаванне, што ўзяўся за пяро, стварыў іх, – нельга мне было гэтага рабіць. Але ж і не мая віна ў тым, што нехта ўкраў сцэнарый-рукапіс і на свой лад перарабіў яго, перапісаў, і не ў лепшы бок, іх лёс... Трагічны лёс. Я стаў палонным, заложнікам свайго ж уласнага рукапісу. Няўжо ў кожнага з пісьменнікаў так?
– Во яе ліст. Яна напісала яго за дзень перад гэтым... Я не ведаю, што яна напісала, і пра што. І ў сябе трымаць яго больш не магла, ён прызначаны толькі для вас...