Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Я ўздыхнуў:
– Што б ты ні казаў, Паўлюк, а вінаваты я, толькі я... Упэўнены ў гэтым...
– Можа, і вінаваты... Дык што з таго. Мы абодва вінаваты, калі ўжо на тое.
– Мусіць жа, так...
……………………………………………………………
Жана, Жанета... Мая мілая натуршчыца! Я добра памятаю тыя дні, калі яна прыйшла ў майстэрню і спытала, ці трэба мне натуршчыцы. Пазіравала ў чым маці нарадзіла. Але ніводнага разу не ўздрыгнула ў мяне сэрца, калі паглядаў на яе, калі вывучаў кожную рысачку цела і твару. У яе быў дасканалы стан, целасклад, а твар гожы і прыцягальны. Доўгія косы звісалі да пояса, прыкрывалі, як усё роўна хавалі, яе тугія, налітыя жыццёвай сілай, грудзі. Ніводнага разу не падкацілася да мяне пажаднасць – адчуванне юрлівасці забаранялася па прафесіі. Не ведаю, кім, але не дазвалялася...
Я ж бачыў толькі яе косы і вочы. І – душу. І падалася мне яна незямной істотай...
Паглядала на мяне і ўсміхалася. Як быццам здзеквалася позіркам кажучы: “У мяне такія цудоўныя грудзі, тугія і нікім не чапаныя, а ты, мастак, абыякавы да мяне...” Жана прыходзіла і знікала, то жартавала, то гаварыла сур’ёзна, смяялася ці плакала, – але ніколі не расказвала пра сябе.
Я ж не прыставаў да яе з роспытамі, таму і не ведаў, хто яна і адкуль узялася, як зарабляла на жыццё. Мая плата ёй выглядала сімвалічна, можа, і платай зусім назваць нельга.
Пазіравала яна па дзве гадзіны – праз дзень. Прыходзіла, віталася, моўчкі распраналася, ускоквала на канапу, і потым ужо сядзела нерухома у той паставе, якую вызначыў ёй напачатку.
– Майстра, пачнем? – пыталася з усмешкай, сарамліва адварочваючыся ад мяне.
– Пачнем... – адказваў коратка, настройваючыся на працу.
– Майстра, а хто тут яшчэ з табою жыве?
– Ніхто. А што?
– І няпраўда твая. З табою мышка жыве, чую, як хрумстае коржыкам. Ты ж і пра яе пісаў. Ці не так?
– Пісаў. Толькі гэта не яна, а ён. Мышук. Так назваў яго...
Мышук як быццам пачуў, што ўспомнілі пра яго, і прыбег на канапу да Жаны. Яна не ўскрыкнула, не спужалася, а толькі падхапіла мяккі камячок і прыставіла да грудзей...
– Ты харошы, Мышук, харошы, і разумны, – шаптала яна, смяялася. – Няхай мастак нас намалюе абодвух...
А аднойчы яна ўбачыла на маім стале віно.
– Хачу, майстра, паспрабаваць віна. Ніколі не піла яго... А гэтае, што ў цябе, такое прыцягальнае і спакушальнае...
– Пі, – сказаў абыякава, беручы ў рукі пэндзаль.
– Сама піць не буду, з табой хачу.
Яна ніколі не называла мяне па імені, а толькі – “майстра”. Хаця які я быў майстра, так, падмайстра, рамеснік.
Наліў ёй і сабе. Дзяўчына адпіла некалькі глыткоў. Прымружыла вейкі, паправіла на спіне косы, потым, падняўшы фужэр, глядзела праз яго на сонца.
На стале, разам з намі, частаваўся і Мышук.
– Сонца чырвонае, крывавае, – прамовіла Жана. – Бяда будзе, мінулае будзе стукацца ў дзверы... І пасачак у мяне чырвоны, ты заўважыў?
– Навошта так сумна? – паглядзеў на яе.
– Хіба ж гэта сумна, майстра? Гэта ж – радасна. І дзякуй табе, што ў сваім апавяданні такой намаляваў мяне. Прызнаюся, мне дужа падабаецца мой вобраз.
Жанета прыслухалася да нечага – навастрыла слых. На палічцы, побач з Янінай і Ясем, стаяў старэнькі прымач “Спідола”. З яго дынамічка ледзь чутна праразалася мелодыя “Аргецінскага танга”. Яна ўскочыла, падбегла да яго, павялічыла гук. Потым, сеўшы на канапу, з нейкім радасным сумам прамовіла:
– Люблю гэтую мелодыю... Боскае танга! Майстра, запрасі мяне на гэтае танга... Калі не запросіш, то я памру тутака ад невыноснага гора...
Вясёлая Жана, гарэзлівая, у вачах іскрынкі шчасця.
Потым яна, голая, села мне на калені. Адпіла зноў трошкі, пачала расшпільваць гузікі маёй кашулі... Дакранулася вуснамі да майго вуха, сціснула зубамі. А ў гэты час яе рукі распраналі мяне. І я не працівіўся, бо не ведаў, чым тое ўсё можа скончыцца...
– Ты мяне малюеш голую, а я цябе не магу распрануць. Хачу намаляваць цябе. Вачамі...
– Малюй.
– У табе няма жыцця, – папракнула яна мяне. – Прачніся...
– Я не маю права кахаць натуршчыцу... І такога павароту падзей я не будаваў, здаецца, у апавяданні... Хто павярнуў сюжэт у іншы бок?
Яна закрыла мне рот даланёй.
– А я хіба – натуршчыца? – прашаптала юрліва яна. – Ты мяне ні з кім не блытаеш? Тады навошта спатрэбілася табе выдаваць няскончаную працу? “Рэквіем” жа яшчэ сыры, яго трэба перапісаць разоў з дваццаць... Тады б і героі атрымаліся б ўстойлівыя, аформленыя, паслухмяныя закону існавання, ідэйна, так бы мовіць, вытрыманыя...
– Я не выдаваў яго, – апраўдваўся перад ёй, як школьнік, і гаварыў чыстую праўду.