Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– А, ты? Ну, заходзь, заходзь... А то столькі часу за галоўнага мастака, а саромеешся праведаць нас. Прыдворным чыноўнікам стаў, заганарыўся?
То гаварыў да мяне мой сябар Павел.
Непадалёк ад яго сядзелі і другія людзі, мусіць, таксама мастакі. У старадаўнім адзенні, у шырокаполых капелюшах.
Тады толькі, асмеліўшыся, пераступіў парог. Але далёка усё роўна не адыходзіў ад дзвярэй, каб у выпадку чаго тут жа шусьнуць назад.
– Ды не бойся ты, дзверы нікуды ад цябе не ўцякуць, – разгадаўшы маю трывогу, супакоіў Павел, прапанаваў сесці. – Выпі таматнага соку, больш у мяне пакуль нічога няма. Заўтра падвязуць усяго, а на дадзены момант я жыву толькі сокам. І, ведаеш, цудоўна сябе адчуваю.
Ён ні кропелькі не перамяніўся. Такі ж вясёлы і бесклапотны, не помніў зла і крыўды. Даверлівы і прастадушны.
– Даўно тут? – сам не зразумеў, чаму спытаў у яго.
– Дакладна не памятаю... Але яшчэ недастаткова для таго, каб называцца абарыгенам гэтага карабля. Я тут часова.
– Часова – чаму?
– Хіба ж не ведаеш? Ты ж паклікаў мяне сюды.
– Я? Цябе? – здзіўлена паглядзеў на яго. – Для чаго?
– У сябе і папытайся... Ды жартую, не хмурся. Я сам тут па сабе. Таму, што ў адказе за цябе. Таму, што я старэйшы за цябе. Яшчэ – што я твой сябар. Але самае галоўнае па той прычыне, што героі сваіх аўтараў заўсёды ў адказе за сваіх стваральнікаў. А раз у адказе, то і павінен ахоўваць і ратаваць...
– Ратаваць? Мяне? Ад каго?
– Ад твайго ж глупства.
Я не разумеў, пра што ён гаварыў, таму, глянуўшы на тых, хто быў побач з ім, папытаўся:
– Хто тут з табой яшчэ?
– А, гэтыя?.. Сальвадор Далі, а там далей – Ван Гог. Купаецца ў моры – Веласкес... Мы сябруем, хаця не абыходзіцца і без спрэчак. Але спрэчкі мірныя, і толькі на тэмы мастацтва. Ніхто нікому не зайздросціць. Рафаэль не раўнуе Леанарда да Вінчы... Я іх паклікаў сюды на нейкі час, яны, так бы мовіць, у групе падтрымкі... Мы тут, напэўна, адзіныя, якія не маюць дачынення да Анатасавага свету, ён да нас ніколі і не заглядвае...
Я, здаецца, пачырванеў. Бо зразумеў, у чый агарод ён кінуў каменьчык. Ён успомніў маю рэўнасць і зайздрасць да яго творчасці. Ён, Павел Северанін, маляваў, як гуляў усё роўна. Як быццам мастацтва і не было яго галоўным заняткам.
У яго намячалася адбыцца выстава. І ў мяне. Камісія прыйшла да вываду, што першым павінен выстаўляцца я. Хаця першапачаткова стаяў першым ён.
Я не адмовіўся ад выставы. Мне б, дурню, сказаць, што саступаю першынство Севераніну, што ён даўно чакае той падзеі, жыве ёю. А я... Змоўчаў. Узяў грэх на сваю душу.
Ён не прыйшоў на выставу. Не прыйшоў таму, што не мог прыйсці – яго збіла машына. Гаварылі, што ён вельмі напіўся ў той вечар. А мо і не напіўся, прыдумалі ўсё. Мяне зваліла хвароба, загрыпаваў, не падымаўся цэлы тыдзень з ложка. Мроілася ў гарачцы, што Павел прыходзіў да мяне ў адведкі і паіў гарачай гарбатай...
– Ды не перажывай ты з-за гэтага, – супакойваў ён мяне, адпіваючы маленькімі глыткамі чырвоны сок, а мне здавалася, што то і не сок зусім, а яго кроў. – Што здарылася, тое мінула... Ты так захацеў. Так працавала тваё ўяўленне і фантазія. Хіба ж аўтар адказвае за сваіх герояў? Ты вунь і пра Ірада пісаў, дык што, і за яго ты ў адказе?
– Адказваю, яшчэ і як... Хаця і позна гаварыць пра гэта, але ты ўсё ж даруй мне, Павел, што так атрымалася.
Паглядзеў яму ў вочы, шукаючы ў іх спачування, чакаючы, што ён здыме з мяне той боль, які сядзеў пастаянна і глыбока ўва мне.
– Ды няма табе з-за чаго вінаваціцца, – нахмурыўся дружбак. – Я ва ўсім вінаваты сам...
– Я павінен быў уступіць тую выставу табе. Я мог тое зрабіць...
Северанін перакрывіўся, як быццам яго працяў зубны боль, зірнуў на мяне:
– Антон, не будзь дзіцёнкам... Я дарую табе ўсё, і не трымаю на цябе зла. Задаволены цяпер?
Не ведаў, што адказаць. Ён сказаў такім тонам, што лепей і прамаўчаць.
– Перада мною ты зусім не вінаваты, а вось перад Жанай-Жанетай, можа, і вінаваты. Гэта ж, як-ніяк, жанчына, ды яшчэ закаханая...
– А дзе яна цяпер? Тут, з табой? І адкуль, скажы, вы ведаеце адно аднаго? У рукапісе вашы шляхі не перакрыжоўваліся... Хто аб’яднаў вас у адно? Гэта ж супраць жадання аўтара.
І толькі цяпер я ўбачыў за яго спіной мальберт. На палатне намалявана Жанета. Яна ўсміхалася. Лоб перавязаны чырвонай стужкай – любіла так хадзіць. Такой і да мяне прыходзіла ў майстэрню. Мастак намаляваў і задні план, на якім Ван Гог і Леанарда – сядзелі, праўда, да нас спіной.
– Так, яна сярод нас, толькі пайшла некуды. Хутка вернецца. Яна любіць прагульвацца па беразе мора. Пазіруе мне...