Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Ірад, супакоіўшыся ўжо, няўцямна глядзеў на галаву, якая ляжала ў тым ліпкім крывавым кіліме: расплюшчаныя вочы глядзелі на яго...
“Царства, усе хочуць царства... Не могуць пражыць без царства... – паспеў яшчэ падумаць Ірад, бо тут жа перад ім захістаўся палац, пачала ўцякаць з-пад ног зямля. Падалося яшчэ, у перадапошняе імгненне, што перад ім ажыў раптоўна сын, і яго браты моўчкі стаялі ў яго за спіной...
Ён яшчэ доўга хрыпеў, у беспрытомнасці ўжо чапляючыся за жыццё, упаў на падлогу – у цёмна-чырвоную лужыну, і сучыў, сучыў босымі нагамі па слізкай і ліпкай крыві сына, пакуль не скаціўся тварам безжыццёва ў чырвоную макрэчу – побач з адсечанай галавой ...
Пакуты цара Ірада скончыліся.
Бачачы тое, анёл выляцеў у расчыненае акно, паляцеў да Язэпа ў Ягіпет. Сеў каля главы, а потым і ўвайшоў у яго сон, прамовіў:
“Цяпер, Язэп, прыйшла пара. Уставай, бяры Немаўля і Яго Маці, і вяртайцеся ў Юдэю. Бо той, хто хацеў смерці Дзіцяці, сам сканаў побач са сваім ложкам...”
“Добра, анёл мой, дзякую табе! – адказаў Язэп, радуючыся, што бяда абмінула іх. – Заўтра ж мы выберамся ў дарогу...”
Але дачуўшыся, што замест Ірада будзе цараваць Архелай – апошні сын яго, – збаяўся ісці туды.
Ноччу зноў з’явіўся той жа анёл, супакоіў Язэпа, сказаў, што нішто не пагражае ім.
І толькі тады Святая Сям’я адправілася ў межы Галілейскія...
Дапісаўшы апошні радок, перагледзеў напісанае. Нябачны груз, што прыгнятаў, пакінуў мяне. Каб адпачыць, прылёг на ложак. Спаць не хацелася, стома авалодала мною.
Не ведаю, колькі прайшло часу, колькі ляжаў у ложку, але, калі адчуў аблягчэнне, захацелася прагуляцца.
Блукаў бязмэтна па калідорах, шукаў што-небудзь цікавае для сябе. Крокаў маіх не чуваць зусім, калі ногі дакраналіся да падлогі. Справа і злева – дзверы, дзверы, дзверы... Калідор бясконцы – колькі ні ішоў, канца няма. Сустракаліся і перакрыжоўкі, але і тыя, новыя перасячэнні, без пачатку і канца. Так, сапраўды я знаходзіўся ў нябачным кубе – спаміж шасці люстэркаў. Але я не паварочваў ні ўправа, ні ўлева, каб не заблудзіцца... Ну, хоць бы які ўказальнік, нумар дзвярэй, паметка, – анічога.
Прыхінуў вуха да адных дзвярэй, да другіх: музыка, і льга падумаць, што ідзе рэпетыцыя духавога аркестра. Зноў музыка – ці то твіст, ці то факстрот. Весела жывуць, танчаць. Але за наступнымі дзвярыма нешта грымела, – як быццам з вышыні скідвалі нейкі груз на зямлю. За суседнімі – ціха...
Далей пачуў гудзенне рухавікоў, – быццам працавалі друкарскія машыны. Друкарня “Алкеп”? А чаму б і не? Ледзьве прымусіў сябе не адчыніць тыя дзверы. А далей ужо чулася завыванне ветру, грымелі, як у траўні, грамы, бліскалі маланкі – праз шчылінкі дзвярэй прабіваліся бліскаўкі...
А то чуліся крыкі аб дапамозе. Некага катавалі. Хто катаваў? Інквізіцыя? Гестапаўцы? Сталінскія энкэвусаўцы?.. Ці сённяшнія эскадроны смерці? Дзіцячы жудасны плач. Крык аб дапамозе, працяглае “ма-маааааа!..” Я ўжо гатовы кінуцца на дапамогу, але нешта і спыняла мяне...
І ўвесь калідор напоўніўся крыкамі, выбухамі, стрэламі, стогнамі, рогатам, – як быццам дэманстраваўся ў кінатэатры фільм пра тэрарыстаў, ці шлі здымкі таго ж фільма ў павільёне студыі... Раз ёсць друкарня, то чаму не можа існаваць і кінастудыя? У акторах, на мой погляд, недахопу не існавала.
Ува мне разгаралася цікавасць, – карцела пастукацца ў дзверы, каб пераканацца ў сваіх здагадках. А калі і трэба, то прыйсці і на дапамогу.
Не падышоў, не расчыніў. Пабаяўся. Вярнуўся назад.
Ішоў і стараўся не надаваць значэння пачутым гукам і воклічам. А ў мазгу малаточкам пастуквала шкадаванне: “І чаго ж ты так напалохаўся? Калі ж няма ручак з гэтага боку, то яны маюцца з адваротнага... Не спадабаецца, дык ты ў любы момант можаш і выйсці адтуль... А можаш і зусім ад дзвярэй не адыходзіць, і ўбачыш усё праз прачыненыя... Дазвол жа на тое ты маеш...”
Невядомы голас спакушаў мяне, акурат як той гад Еву ці Адама...
Не ведаю, як яно атрымалася, але мая рука ўсё ж дакранулася да дзвярэй. Толькі дакранулася. Я яшчэ стаяў і вагаўся – адчыняць ці не, і тут жа незнаёмы голас зноў шапнуў затоена: “Ну-ууу... Смяле-ееей!..”
І я, (а, можа, і не я?) лёгенька яе піхнуў.
Я яшчэ нейкі час раздумваў, пераступаць парог ці не, як пачуў знаёмы голас: