Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Позіркам загадаў, каб лекар падышоў да яго бліжэй:
– Скажы, Ляфарас, толькі не хлусі, – колькі мне... засталося?
Лекар выпраміўся, бо больш ужо не мог трываць – кружылася галава ад едкага смуроду:
– Мала, мой цар... Мо з тыдзень, а мо і таго меней...
Ірад уздыхнуў і заплакаў, вялай рукой загадаў пакінуць яго.
Доўга сядзеў моўчкі, разважаў, успамінаў...
…Перад яго вачыма, як жывыя, мітусіліся, бегалі здані-прывіды, – і іх лік павялічваўся і павялічваўся; яны запоўнілі прасторнае памяшканне, дзе ляжаў Ірад. Таўкліся, піхаліся, нешта крычалі, крыўляліся…
Іх крык вырываўся вонкі, ляцеў некуды наверх, дзе былі расчынены вокны, ў двор... Ірад пазнаваў і не пазнаваў тыя здані. Яны здаваліся і знаёмымі, і незнаёмымі, то чужымі, а то роднымі...
Перад яго тварам сталі два яго сыны, якіх забілі па яго ж загадзе. Толькі яны маўчалі, зневажальна глядзелі яму ў вочы, як пыталіся: “Як ты мог аддаць смерці сваіх родных дзяцей? Няўжо упэўнены, што ніколі не будзеш цярпець пакуты за сотні і тысячы забітых невінаватых людзей. А за тых дзяцей, якіх ты забіваў, шукаючы Сына Божага, ты не чакаў кары? А за самога Хрыста?..”
Галасы мацнелі, шырыліся, і балелі ўжо вушы ў Ірада, – і ён затуліў іх далоньмі. Але тое не памагала пазбавіцца ад крыку зданяў.
І тады Ірад, нечакана для самога сябе, ускочыў з ложка з намерам ўцячы і са свайго пакоя, ад надакучлівых нябожчыкаў. І сам закрычаў, што было сілы...
Ступіў колькі крокаў ад ложка, паваліўся на падлогу.
Не чуў, як яго падняў лекар, як зацягнуў на ложак, накрыў прасцінай.
Ён страціў надоўга прытомнасць. Лекар падумаў ужо, што надышла ўжо тая пара, якой не мог мінуць цар...
Але ў ім яшчэ білася, хаця і слаба, кволае жыццё...
У той жа вечар, крыху ачомаўшыся, зразумеўшы, што яго чакае наперадзе, і што гэта нельга ні абысці ні аб’ехаць, – Ірад рашыў ураз скончыць з пакутамі і спыніць сваё існаванне на гэтым свеце.
Яго працінаў неймаверны голад – дрыжэлі рукі, кружылася галава. Пасцельнічы перамяніў прасціны і пялюшкі, засцяліў усё чыстае і свежае. Кожны дзень рабіў тое – ранкам і ўвечары. Маўлівы, сагнуты, пажылога веку чалавек.
Хацелася есці, узяў з вазы чырвонабокі яблык.
Папрасіў, каб яму прынеслі нож – парэзаць на долькі. Любіў так ласавацца з дзяцінства.
Просьбу яго выканалі.
Разрэзаўшы яблык, пачаў уважліва разглядаць нож. Доўга не выпускаў з рук. А потым рашыўся, адважыўся... Рашуча падняў правую руку, імкнучыся закалоць сябе...
Але нехта, Нябачны, не дазволіў яму тое зрабіць... Так і павісла рука ў паветры, – як усё роўна прывязалі яе. Той, хто назіраў за ім, не дазволіў яму такую раскошу – памерці імгненна.
На наступны дзень, пад вечар, калі спаўзла збольшага з зямлі духата, і калі стала вальней дыхаць, паклікаў Ірад да сябе свайго сына, каб развітацца.
Сына прывялі да яго, як сонца апусцілася за гарызонт.
У вачах сына не бачылася страху. Ён даўно ведаў і рыхтаваўся, што яго жыццё можа быць абарвана ў любое імгненне. Як абарвалася і ў братоў яго.
– Як будзеш жыць без мяне? – папытаўся Ірад у перадапошняга сына. Абодвух братоў яго па тайным загадзе бацькі забілі царскія ваяры.
– Як загадаеш, так і буду жыць, мой цар. Навучы... Я думаю, што ты пакінуў мяне ў жывых толькі таму, што хочаш перадаць мне кіраванне Юдэяй, ці не так? Я ж да гэтага не імкнуся, на ўсё твая воля. Ці гэтае жэрабя выпала Архелаю – майму малодшаму брату?
Ірад паглядзеў пільна і дапытліва на сына. Здзівіўся яго смеласці, яго разважлівасці, быццам бачыў яго ўпершыню.
– Не, сын, не яму выпаў гонар кіраваць дзяржавай, а табе... Думаю, што харошы цар з цябе атрымаецца, калі будзеш трымаць галаву на плячах...
Сын кісла ўсміхнуўся, не зыходзячы з месца, папытаўся:
– А калі не буду трымаць, то што атрымаецца, мой цар?
Ірад нічога не адказаў на пытанне сына. Апусціў галаву, прыкрыў даланёй вочы. Тым самым падаў ўмоўны знак свайму зброяносцу.
Царскі сын не чуў, як позаду яго, быццам пантэра, падкраўся ваяр, не бачыў, як той замахнуўся – з левага пляча – шырокім бліскучым мячом, і не паспеў адчуць, як ў імгненне аддзялілася галава ад тулава...
Цар адняў даланю ад вачэй – да самых яго ног падкацілася сынава галава... Губы яшчэ нешта шапталі, вочы глядзелі асуджальна і зневажальна, – цара нават працялі дрыжыкі, пацямнела ў вачах...
Але такое доўжылася не доўга. Абезгалоўленае цела таксама ўпала непадалёку, і білася ў канвульсіях, нараджаючы салодкую радасць у душы дыктатара...
Ірад з асалодай глядзеў, як уздрыгвала цела без галавы, бачыў, як расцякалася па падлозе вялізная лужына крыві, утвараючы кілім, – чырвоная пляма плыла да ног сыназабойцы... Ногі адчувалі ўжо цёплую кроў, і Ірад адзначаў пра сябе: “Во колькі багата крыві ў царова сына... Шкада толькі, што, адабраўшы жыццё ў яго, не магу ўсяліць у сябе... Няўжо душы трох сыноў не зажадалі перасяліцца ў мяне?!?”