Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
І скончылася ўсё тым, што ён прапанаваў ёй стаць жонкай.
Зінаіда, дачуўшыся пра тое, абрадвалася, уздыхнула, на абразы перажагнулася, што нарэшце скінула з плячэй сваіх непасільны груз, паверыла, што цяпер у яе жыццё нашмат аблегчыцца і паспакайнее...
На работу пасля прыходзіў да Абламейкі хваравіты Міколка. Ён заўсёды прастужваўся, кашляў, у яго слязіліся вочы, бы плакаў. Сын нясмела таптаўся ў калідорчыку, чакаў, калі выйдзе бацька – клікаць яго сам саромеўся і не асмельваўся, баяўся, што пападзе не пад настрой і той накрычыць на яго, насварыцца, а то і адлупцуе пад п’яную руку...
– Табе што? – убачыў сына каля дзвярэй, глянуў незадаволена, не хацеў, каб малога бачылі калегі па рабоце і тым больш новая жонка.
– Добры дзень, бацька. У мяне чаравікі парваліся, а ў мамкі грошай няма іх купіць...
– То яна падаслала цябе?
– Не, я сам... Каб не адарвалася падэшва, я не прыйшоў бы...
З раззяўленай пашчы чаравіка выглядвала мокрая чорная шкарпэтка. Бацька выняў з кашалька пакамечаны траяк, сунуў у руку. Адышоў, не бачыў, як выступілі на вачах у сына слёзы, як ён пракаўтнуў крыўду і абразу, і не мог зрушыцца з месца...
Праз колькі гадзінаў Абламейка падышоў да рабочага стала зубнога тэхніка Галі, сваёй маладой жонкі, паклаў перад ёю стосік соценных і пяцідзесятных купюр, радасна шапнуў:
– Вось, трымай. Прабяжыся па магазінах, купі сабе што-небудзь...
Яна свяцілася шчасцем – вельмі ж любіла грошы. Не проста любіла, а малілася на іх, як на Бога, хаця ж і ў Бога яна не верыла. Усё жыццё яна вымярала рублём – калі чалавек пры грашах, то з ім смела можна быць побач, адчуваць сябе як за каменнай сцяной. Калі ж не, то...
А быў жа Абламейка старэйшы за яе на дваццаць пяць гадоў. У іх з цягам часу нарадзілася дачка – Зіначка.
Другі паўторнік, ці трэці, – Гена Кухалёў. Жонка ў яго была выкладчыцай. Бацька, працуючы ў аблвыканкаме, расстараўся дачцы кватэру – як мяняў сабе на прасторнейшую, дачцы з зяцем пакінуў сваю. Аднойчы жонка з’ехала ў Маскву на тыдзень – па выкладчыцкіх клопатах, а Генадзь прывёў на ноч Наталлю, з якой даўно дзялілі не толькі каханне... Засталіся начаваць. А ў жонкі ў той Маскве перамяніліся планы – на два дні раней прыехала, без папярэджання. Так іх, голенькіх, і ўбачыла ў ложку, калі ўключыла святло. Яны нават і не чулі, як яна зайшла ў кватэру.
– Прэч! – загадала спакойна Наталлі.
Калі ж тая, паўголая, выскачыла на лесвічную пляцоўку, такім жа тонам загадала і яму:
– І ты таксама ідзі вон. І каб болей твая нага не пераступала гэты парог. Будзеш сустракацца з дачкой, напамінаць пра сябе, то скажу бацьку – ён управу на цябе знойдзе. Вон! І неадкладна!
Наталля стала другой жонкай...
І, далучыўшыся да іх Маскалёў і Бісераў – Бісер Кіраў, так называлі яго, лічыліся за лепшых сяброў. Яны не належалі да “паўторнікаў”. Хоць якімі хлопцы не прыходзілі ці прыпаўзалі дадому, хоць як на іх і сварыліся жонкі, пагражаючы разводам, на памыйку сваіх мужоў не выкідвалі, суседзям языкамі не мянташылі, адзін на адзін ім крыўду сваю выказвалі.
Бо кожны дзень з кішэні выглядвала ці то дваццацьпятка, ці то соценка. О, няхай хто скажа благое слова пра Нікадыма Маскалёва ці Бісера – вочы выдзеруць таму пляткару...
Дык вось – гарэлкі ў той вечар набралі столькі, што ад зямлі адарваць нельга гаспадарчую сумку. Тут талоны нельга атаварыць, а то іх і зусім няма, а хлопцы лавачку сабе адкрылі – хоць ты іх на Нобелеўскую прэмію вылучай.
Хлопцы ўжо разоў з дзесяць жаніліся. Адзін за адным. Правільней сказаць, падавалі заявы ў ЗАГС. Падгавораць дзяўчыну, купяць ёй добры падарунак або “натурай” разлічацца – той жа гарэлкай, якую выдзяляюць у спецкраме – калі ёсць запрашэнне з ЗАГСа. Сорак пляшак даюць. Хочаш каньяком бяры, хочаш – “шампанскім”. І бралі. І гудзелі то пад коркавую кананаду, то з грузінскім ці армянскім каньяком.
У магазіне загадчыца дзівілася:
– То ж, здаецца, хлопцы, вы ўжо бралі для вяселля, і не так даўно.
– То мы для сябе, а цяпер для сяброў...
Калі тая ж загадчыца спецмагазіна Клара Адамаўна больш прычапілася да іх, то прыйшлося падзяліцца і з ёю. Тады яна аціхла, уздыхнула, калыхнуўшы грудзьмі над сталом:
– Мне то што – было б запрашэнне...
Па традыці адзін з іх павінен быў браць гарэлку, а другі – закусь. Бралі ў рэстаране, за любы кошт. Маглі ж баляваць і ў сутарэнні паліклінікі, у той жа ліцейцы Абламейкі, зачыніўшыся. Але апошнім часам стала рабіць тое рызыкоўна – баяліся указа Лысага з плямінкай. Ішлі на бераг ракі. І пасля ўсяго, калі кожны выліваў у сябе па тры пляшкі гарэлкі, Абламейка сядаў на свой “Жыгуль” і гнаў яго праз увесь горад. Дзіву даваліся хлопцы, назіраючы за яго яздой – на знакі ён не глядзеў, і перакрыжоўкі празджаў так, быццам на дарозе была толькі яго адна машына...