Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
“І нікуды вы, родненькія, не падзенецеся... Прыдзецца, ой прыдзецца вам прымаць мяне ў сваю сям’ю. І тады ты, дэкан, пень стары, прызнаеш з цягам часу мяне жонкай графа, што паробіш – се ля ві, як кажуць французікі. Так што я стану графіняй, стану!..”
Не паварочваючыся да яе, глуха прамовіў:
– Ідзіце. Разбярэмся з ім...
“Во-во, разбірайцеся і разбярыцеся, – усміхулася Алачка, – мне няма калі, мяне клопаты чакаюць...”
Яна асцярожна прычыніла за сабою дзверы.
...Калі ж Алачка праз колькі дзён пастукалася ў іх пакой, дзверы адчыніў граф.
– Добры дзень, Віцік! Чаго ж пазбягаеш мяне? Няўжо разлюбіў?
Замест адказу граф з усяго размаху заляпіў ёй аплявуху. Яна адляцела ад яго на некалькі крокаў і стукнулася аб сцяну. Упала і ўдарылася галавой аб выступ дзвярэй – адразу ж страціла прытомнасць.
Праз колькі хвілінаў яе забрала “хуткая дапамога”.
Граф не суправаджаў Алачку – пакрыўдзіўся і ўзлаваўся на яе.
Адтуль ужо, праз колькі дзён, сяброўкамі перадала канверт з кароткім пасланнем дэкану: “... калі ж ваш студэнт Шарамецьеў яшчэ будзе ўпарціцца, я падаю на яго ў суд. У першую чаргу пішу заяву ў міліцыю, каб пераканаліся, якія мне нанесены маім будучым і цяперашнім мужам пабоі. Сатрасенне мозгу – такі дыягназ у мяне. Тое пацвердзяць медыкі. А тое, што ён ударыў мяне, бачылі студэнты, яны выступяць у якасці сведкаў. Так што выбірайце...”
Граф ад бяссілля скрыгатаў зубамі, калі дэкан паклаў перад ім допіс Алачкі.
– Ну, што, пляменнічак-стаеннічак, даскакаўся? – свідраваў ён злым позіркам графа праз шкельцы акуляраў. – Сорам які, ганьба... Быў бы бацькам, збіў бы цябе на горкі яблык...
Віктар маўчаў, глытаючы маўкліва пякучы папрок свайго дзядзькі. Да яго пакрысе даходзіла ўсведамленне свайго безвыходнага становішча. Тупіковага становішча.
– Калі ж міліцыя і суд уключацца ў гэта, то табе не толькі не відаць дыплома ўрача, а і зноў за кратамі можаш апынуцца, – падвёў вынік размовы дэкан.
– Дык што, выходзіць, здавацца ў палон гэтай аферысткі? – раздражнёна спытаў будучы дантыст.
– Ты заварыў гэтую кашу, табе яе і расхлёбваць. Тут табе ніхто не дапаможа, не пасобіць. Я – таксама.
– Я кіну інстытут, але не жанюся з ёй, з гэтай сцервай...
– Давай, давай, кідай... Тады і ў турме апынешся. Другі раз. Алачка ведае, што робіць. Яна, як агент ЦРУ, перад тым, як легчы з табой у ложак, усе даведкі пра цябе навяла. Пастку расставіла яна прафесіянальна. І папаўся ты, як сом у сак.
Граф абхапіў галаву рукамі.
– Шарамецьеў, у карцэр! – пачуўся за спіной патрабавальны голас, і Віктар уздрыгнуў, завыў, як воўк, пускаючы слязу, біўся галавой аб сценку.
– М-ммм, м-ммм... – мычэў ён з заплючанымі вачыма, хістаючыся з боку на бок.
– Давай, давай, – падахвочваў дэкан, – мо дурное выб’еш са сваёй галавы... От кабан ненаедны. Як цяпер мне брату ў вочы глядзець, бацьку твайму?
6.
Калі яшчэ ў сям’і было неяк па-добраму, Віця з Алай жылі ў двухпакаёўцы, непадалёк ад рэчкі, на самым, можна сказаць, яе беразе. Алін бацька, Антон Сідаравіч, адстаўнік, былы лётчык, выхоўваў сваю дачку са сваёй другой жонкай – кандыдатам хімічных навук Палінай Пятроўнай, дабрачай жанчынай, якая, па-сутнасці, замяніла двум сёстрам родную маці.
Святлана – малодшая сястра, па характары мяккая і памяркоўная, шчырая і даверлівая. Алачка ж мела бацькаў характар і лічылася любімай дачкой. Бацька быў жорсткі і педантычны, ніяк сантыментаў ці жартаў не прызнаваў. Гэтаму ж прывучыў і Алачку, гаварыў ёй не адзін раз:
– Ніколі не раздумвай, калі намерылася нешта зрабіць. І ніколі ні аб чым не шкадуй. Ніколі не кажы людзям праўды, бо яны заўсёды будуць зайздросціць табе... Хавай усё ў сабе, і дабівайся перамогі ўсімі сродкамі... Тады цябе будуць паважаць. І – баяцца...”
Калі падраслі Сярожа і Ціма, стала цеснавата ў кватэры. Бацька неяк прапанаваў дачцы:
– Рабі, Алачка, абмен-размен... Дзве мяняй на чатыры. І маю аднапакаёўку прыплюсуй. Шукай яшчэ адну. Колькі мне жыць яшчэ, а вам чатыры пакоі акурат спатрэбяцца.
Алачка ўвяла размову-прапанову з бацькам у вушы Віктару. Той доўга раздумваў, узважваў і прыкідваў, пагадзіўся:
– Добра. Грошай для даплаты хопіць. Зорка мая, а ты хораша з бацькам прыдумала. Паліклініка і праз сто гадоў той кватэры не выдзеліць, гэта факт, ад якога нікуды не падзенешся.
Антон Сідаравіч стварыў такія невыносныя ўмовы ў сваёй кватэры, што Паліна Пятроўна маўкліва пакінула яго. А ўклала ж у яго і дачок сваю душу і здароўе. Апошнія гады былы лётчык часцей прападаў па шпіталях, марнеў з кожным днём. Паліна падняла на ногі лепшых сваіх сяброў-урачоў, з-пад зямлі і за вялікія грошы расстаралася дэфіцытных лекаў. І вярнула амаль з таго свету адстаўніка, паставіла на ногі.