Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Унук адыходзіў ад дзвярэй, як ад кратаў турмы, і каўтаў сліну зайздрасці. У такія хвіліны ён ненавідзеў дзеда і думаў, якую падлянку яму ўчыніць. А, можа, забіць кошку ды падкінуць яе, мёртвую, яму пад ложак?
Часта здаралася, што Алачка была не ў гуморы. Яна і кахала свайго Віціка, і раўнавала, і смерці яму жадала, і жыццё за яго аддала б. Яна чакала кожнай ночы, калі яны лягуць у ложак, калі ён пяшчотна дакранецца да яе белых грудзей. Ён згараў за нейкую хвіліну, а яна, толькі распачынала разгарацца ў тым трапяткім полымі... Граф, узмакрэлы, пакідаў яе і адварочваўся, а яна каменем падала ўніз са сваёй вышыні, куды яна ўзляцела з-за яго, але без яго, пляснулася праменька ў бруд, у гразь, у пекла...
– Што з табой?
Ён не адказваў. Віцік нічога не мог парабіць з сабой – у вачах усё стаялі яе крымінальныя даследванні і ў сярэдзіне ад адных думак усё абрывалася, прападала ўсялякае жаданне да пяшчоты.
Алачка ўтыкалася ў тварам падушку, калацілася ў немым плачы, адчуваючы неймаверны галаўны боль – яго нараджала няздзейсненае жаданне згарэць, спапяліцца ў полымі пажаднага жадання. І ляцелі тады ў яго адрас праклёны з яе вуснаў...
...Вечарам ён прыйшоў дадому не так і позна, але ж і не рана – а восьмай гадзіне.
– Зноў са сваімі шлюхамі час бавіў? – кідала пробны шарык жонка, чакала, стараючыся па яго голасе вызначыць – праўду кажа ці, як заўсёды, хлусіць.
– Манеты кляпаў. Пазвані ў рэгістратуру, спытай, калі я выйшаў з працы...
– І многа ж ты іх накляпаў?
Ён падышоў да стала, пачаў выварочваць кішэні. На сурвэтку ляцелі скамечаныя дваццацьпяткі, пяцідзесятныя, соценныя купюры. І расла цэлая гара банкнотаў. З усіх кішэняў павытрасаў. Яшчэ з-за запазухі выграб тры жмені... Яны, грошы, ужо ляцелі на падлогу, не умяшчаліся на стале.
– Гэта за дзень, Віцік? – перамяніла жонка каленкор гаворкі, у яе радасна бліснулі вочы.
– За дзень, Гэта ўсё табе, радасць мая. А ты кажаш, што я табе грошай не даю.
У Алачкі адразу ж пацяплела на сэрцы. Яна падслепавата зіркала на грашовую гару, як на кучу апалага восенню кляновага лісця, нават падышла, спаднізу ўсунула пальцы і падкінула іх над сталом – зрабіла залаты дождж і рассмяялася, падскочыла да мужа, абняла яго, расцалавала... Зноў падышла да стала, пачала ўжо складваць паперкі – адну да адной, уголас лічыла, суміравала... Голас у яе ўжо ціхі, затоены, з прыдыхам.
– Тры тысячы... І ты так можаш кожны дзень?
Віктар сеў на табурэтку, адкрыў халадзільнік, павярнуўся да яе:
– Ды не. Проста я падвёў вынікі-рахункі тыдня. Усё сабраў на адзін дзень. Выпіць у нас што-небудзь ёсць? Дзень выдаўся надта ж цяжкім, усё на нервах. Ды і абмыць багаты ўлоў ня шкодзіла б, га?
Алачка была ўлагоджана, яна цяпер што хочаш аддала б мужу – што б ні пажадаў. Ён наліў сабе поўную шклянку, выпіў адным махам, не перкрывіўся. Ала паставіла на стале перад ім дзве звараныя і абсмажаныя куры, аздобленые перцам, з цыбуляй і аджыкай. Ён з’еў адну, без перадыху, прыняўся за другую. Што-што, а паесці граф любіў – ён і па пяць курэй з’ядаў, як за сябе выкідаў. Алачка прыкідвала ўжо, на што патраціць грошы.
Ён жа думаў пра тое, ці ўдасца яму заваліцца раней ў ложак, і яшчэ – каб не прыставала жонка...
7.
У той вечар яны напіліся да страты памяці. Да свінячага віску, калі ўжо на тое. У іх, стаматолагаў, была такая традыцыя – збірацца раз-два ў месяц і правіць баль: піць столькі, колькі пажадае кожны, а кожны жадаў прыняць па тры, а то і па чатыры пляшкі на адно горла... Піць дык піць!.
Збіраліся, звычайна, утрох. Тры “паўторнікі”. Тыя, якія жаніліся паўторна. Мікола Абламейка, які працаваў у паліклініцы адлівальшчыкам – адліваў металічныя каронкі па тых формах, што давалі яму зубныя тэхнікі – з чырвонай пластмасы. Ён жа з іх будаваў адмысловую “елачку”, наклейваючы галінкі – адна да адной, потым усё засыпаў кварцавым пясочкам. Пасля заліваў у ствол елачкі расплаўлены метал. Калі ж метал астываў, ён аддаваў елачку назад, каб кожны тэхнік адпілоўваў алмазным дыскам “свае” зубы. Працэс складаны і адказны. Тут трэба далікатнасць і шанцаванне. Не паспяшацца, але і не празяваць.
Абламейка насіў вялізныя кучары – сівыя-сівыя. Як лютаўскі снег. Колькі разоў пад п’яную руку настаўляў у грудзі жонкі зараджаную стрэльбу, крычаў, што яна не любіць яго. І бацьку свайго адмяцеліў так, што той каля двух месяцаў правалэндаўся на бальнічным ложку – вылезла бокам, што ўступіўся за нявестку. І Зінаіда баялася яго, трывала здзекі і абразу. І так сталася, што на рабоце ён паклаў вока на танклявую, невысокага расточку, дробненькую з твару – увесь у рабацінні – Галку. “Завінціў”, як ён хваліўся потым сам, а потым і яна сама бегала ўжо за ім.