Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Ірад не пачуў шчырасці ў яе словах, але папракаць у тым сястру не стаў, бо не для гэтага паклікаў яе да сябе.
– Дык вось, – працягваў Ірад, зрабіўшы доўгую паўзу, бо яго зноў пачаў адольваць невыносны боль, – слухайце мяне ўважліва... Не ў маіх сілах спыніць смерць. Але я яшчэ здольны прымусіць аплакваць сябе з жалобай, – і тым самым наладзіць мне сапраўдныя хаўтуры і царскае пахаванне... Слухайце маё апошняе распараджэнне…
Ірад падняў вочы ад падлогі, паглядзеў на іх. Зірнуў так, што ў іх пабеглі мурашкі па спіне.
– Выканаем тваё распараджэнне, наш салодкі цар! Загадвай! Але не хочам, каб яно было апошнім, – імкнулася паддобрыцца Саламея, старалася ўсміхнуцца, але ў яе тое не атрымлівалася, а толькі кіслая грымаса перакрывіла гожы твар.
На ёй блакітнае адзенне, праз плячо, да самай падлогі, звісаў шырокі, вышыты, золатам, пояс, – як і косы, што рассыпаліся па плячах і даходзілі да клубаў. Вочы вялікія, чорныя, разумныя.
– Устаньце. Падыдзіце да мяне бліжэй – мне цяжка гаварыць.
Яны падняліся з падлогі, падышлі да Ірада. У іх адразу забілася дыханне: ад цара патыхала, як з прыбіральні...
Ірад не здзівіўся іх хуткаму адказу. Ведаў, што яны баяліся яго, – як і іншыя, – жадалі яго смерці.
Але Ірад ведаў і другое: калі сястра і швагер дадуць слова, паабяцаюць выканаць яго загад, то так і будзе. Цар пакутліва ўсміхнуўся, як падзякаваў ім, – радаваўся, што на момант адступіў кашаль:
– Я быў ўпэўнены, што дамоўлюся з вамі. Дык вось... На іпадроме знаходзяцца запрошаныя і абраныя людзі з усёй Юдэі. Чакаюць маіх падарункаў. Вы ім і перадасце іх. Якія? Своеасаблівыя, прызнаюся вам, падарункі...
Ён схіліў галаву, глядзеў на свае ногі, якія спрэс пакрыліся вадзянкай. З іх аплывала долу шэра-жоўтая густая вадкасць. Часта дыхаў. І калі рабіў глыбокі ўздых, то ў горле нешта сіпела...
– Як толькі з маіх грудзей вырвецца апошні ўздых, то няхай ваяры ў той жа момант акружаць іпадром, і ўсіх людзей – да аднаго! – пасякуць мячамі. Тады ўся Юдэя, як і кожны дом, паміма сваёй волі, будзе аплакваць іх. А адначасова будуць аплакваць і мяне. Плач будзе чуцен па ўсёй Юдэі... І гэта будзе сапраўднае свята, апошняе свята для мяне. Так я жадаю. Такі мой загад. Так яно і павінна адбыцца.
Яны схілілі перад ім галовы, маўчалі. Мусіць жа, пашкадавалі, што паабяцалі Іраду, не ведаючы, што, тым самым, узялі на сябе вялікі грэх.
– Добра, мой салодкалюбівы цар, – прыйшлося сястры пацвердзіць раней дадзенае абяцанне, адчула, што ёй адразу стала блага...
– Выканаем тваю волю, наш наймудрэйшы цар! – следам за ёю прамовіў швагер, гледзячы аддана на Ірада – вышэй яго галавы. – Як загадаеш.
Цар сядзеў на адной палавіне азадка. Поўнасцю сесці не мог – пранізваў тады нясцерпны боль.
– А цяпер ідзіце, – прагнаў іх Ірад.
Трымаўся ўжо з апошніх сілаў, каб не асунуцца на падлогу.
Калі ж сястра са швагерам пакінулі яго, умольна паглядзеў на лекара, прашаптаў:
– Мне блага, Ляфарас!..
Ірад зноў ачуняў, пачаў роўна дыхаць.
Ляфарас прапанаваў:
– Мой цар, яшчэ раз хачу агледзець цябе. Стань на калені, сагніся...
Ірад не адразу падпарадкаваўся просьбе лекара – сядзеў нейкі час, збіраўся з сіламі. Абапершыся рукамі, устаў, паглядзеў на лекара. Той паказаў яму на тапчан, дзе павінен укленчыць хворы.
Сам не мог сагнуць калена, яму памагаў Ляфарас.
Цар упёрся локцямі рук, убачыў перад тварам крывавыя прасціны, адчуў ад іх невыносны смурод сыходзіць ад прасцін, – як тое і вытрымлівае лекар, не перакрывіцца нават. Але на тое ён і лекар...
Ляфарас вялікімі пальцамі адтуліў палавінкі ягадзіц, убачыў, што прамая кішка ўся ў гнойных струпах. Затрымаў дыханне, каб не ўдыхнуць у сябе атрутны пах...
– Досыць, уставай мой цар, – прамовіў лекар, ідучы да меднага таза з гарачай вадой – пачаў мыць рукі, шаруючы іх адначасова зялёна-жоўтай травой і лотацямі, што дызенфецыравалі рукі і давалі мыльную пену.
– Што там, Ляфарас? – лёгшы ўжо ў ложак, аддыхаўшыся, спытаў Ірад. – Што ты ўбачыў там? Пагібель маю, так?
Голас сіплы, слабы, а ў вачах слабая надзея на добрую вестку.
– Змен няма, мой цар, хаця перад гэтым вымываў кішэчнік патрэбным растворам... Струпы павялічваюцца, і нельга іх ніяк вывесці...
– А ногі, што стала з маімі нагамі, Ляфарас? Паглядзі на іх. Гэта ж не ногі, а крывавыя слупы...
– Не ведаю, аднаму Богу тое вядома, – не хацеў гэтага казаць лекар, – вырвалася само сабой.
– Зноў ты пра Бога! – крыкнуў Ірад, і тут жа зайшоўся ў кашлі.