Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Жонка сустрэла ласкава і ветліва, нават і задужа, як падалося яму. Пасадзіла за стол, чарку нават наліла, накарміла, шчыра здзівілася:
– А чаго ж ты, каханы мой, адненькі прыехаў?
Паглядзеў з недаўменнем на яе:
– А з кім жа яшчэ павінен быў прыехаць? Сяброў не запрашаў, – ён глядзеў на яе пяшчотна і замілавана – выглядала яна прывабна, прыцягвала да сябе, што і не кажы, прыгожая яна ў яго, і паказаць сябе ўмела. А дачушка якая! Кветачка, прыгажунька! Во дзе сапраўды ўцеха і шчасце!
– Як гэта – з кім? А з Алачкай?
У яе голасе ні крыўды, ні злосці, адно пасміханне. Яна як бы ўдала жартавала, і ўся размова не кранала сэрца. Гаварыла як з чужым, гаварыла, як здзеквалася, як помсціла сваёй дабрынёй і добрым настроем, сваёй жаночай даверлівасцю.
– З якой Алачкай? Хто табе наплёў такой лухты?
– Лухты? Яна сама і напляла... З’явілася раптоўна і заявіла, што спіць з табой даўно, што стала тваёй жонкай. Яшчэ сказала, што дзіцёнка чакае ад цябе, якое зачалі ў тваім жа пакоі. Ці не так?
Віктар нахмурыўся, твар запунсавеў, у голасе дрыготка:
– Хлусня! І ты паверыла гэтай аферыстцы? Гэтай блудніцы?
– І тое хлусня, што вадзіў у пакой не толькі яе? І прозвішчы яна называла ўсіх – Шклярэнка, Дубасава, Цяплакова, Гаркавая... Усіх я не запомніла, бо і пальцаў на руках не хопіць. А цябе, як яна прызналася, на гора сваё пакахала, і паабяцала, што такога, роднага і каханага, нікому не аддасць. Нават мне. Заявіла з усмешачкай, пры бацьках тваіх так і заявіла: “Ты з ім пажыла, нацешылася, а цяпер і мне трэба такога шчасця паспытаць...”
Ён яшчэ ніжэй апусціў галаву.
“Вось як яно ўсё павярнулася, – скрыгатаў ён зубамі. – Во сучка, во вядзьмярка...”
Напачатку думаў аблашчыць жонку, зацягнуць яе ў ложак і ў парыве экстазу нагаварыць ёй мільён пяшчотных слоў, тым самым адкінуць ад сябе ўсялякія падазрэнні і абвінавачванні... Такое памагала раней, калі ён у нечым правінавачваўся, калі падазравала яго ў здрадзе. Цяпер жа яго “каронны нумар” даў збой, страціў сілу і прыцягальнасць, таямнічую чароўнасць. Пра тое сведчыў голас жонкі, тэмбр яго голасу, ноткі агіды да яго і абыякавасці.
– Што цяпер? – ён з вялікай цяжкасцю выціснуў з сябе пытанне, адчуў, як узмакрэла ад хвалявання галава і дробненькія кроплі каціліся са шчок і капалі з падбароддзя...
Заўсёды, калі хваляваўся і баяўся нечаканай бяды, ён макрэў, абліваўся потам – у дадатак да ўсяго быў яшчэ і баязлівы, нерашучы.
Жонка адпіла глыток кавы, спакойна адказала:
– Тое, што і павінна быць. Я падаю на развод. Прычына ўважлівая. Суддзя, я думаю, доўга пытаннямі надакучваць не будзе. Ды і Алачка пацвердзіць на судзе, што яна маці твайго будучага дзіцяці...
Віктар выдыхнуў праз нос паветра, вінавата праказаў:
– Эльвіра, не ўсё тут так, як ты думаеш. Давай спакойна разбярэмся ва ўсім – я не хачу губляць цябе, маю дачушку: даражэй за вас у мяне нікога няма ў свеце. Ці мала якая аферыстка будзе патрабаваць, каб я стаў яе мужам. Даруй мне, Эльвіра, даруй, каханая! Давай спакойна ўзважым усё і абмяркуем, як нам выйсці з гэтай бяды.
Яна паднялася з-за стала, надрыўным голасам папыталася:
– Дык ты спаў з ёю ці не?! Прызнайся, хоць тут не крыві душой, як ты ўсё жыццё крывіў і падманьваў мяне.
– Эльвіра, дарагая, як табе сказаць...
– Значыць, было, значыць ты здрадзіў мне.
– Я не хацеў, павер...
– Цяпер ты вольная птушка, крылы ёсць – ляці, куды хочаш і з кім хочаш, – прапусціла жонка яго словы міма вушэй, як і не казаў ён іх, яшчэ раз даказваючы, што яна рашылася на ўсё, што для яе стала ўсё зразумела і яна не думае з ім нічога ні вырашаць, ні ўзгадняць. – Слёз не будзе. Істэрык таксама. Ні гора, ні скрухі. Я адчуваю нават аблягчэнне. Бо ведаю, колькі ваўка ні кармі, ён усё роўна мерыцца ў лес збегчы. Усё рашылася само сабой. Думаю, што сварак не будзе, як і папрокаў, з-за дачкі таксама спрачацца не будзем. Святланка са мною будзе. Табе ж аддаваць на выхаванне – значыць, загубіць яе.
Ён устаў з крэсла, стаў побач з ёю.
– Эльвіра, яшчэ раз прашу – падумай, не прымай так блізка да душы тое, што здарылася. Так, я памыліўся трохі, так, паслізнуўся, памажы мне выбрацца з гэтай ямы...
– Памажы? Віця, я ж ездзіла ў Мінск, ты таго і не ведаў. Да таго яшчэ, як была тут Алачка. Каб пераканацца ў сваіх прадчуваннях і снах. Вужакі мне сніліся, што віліся вакол цябе. Кажынную ноч сніліся. Не вытрымала, паехала. Тры вечары хадзіла каля твайго інтэрната, з пад’езда дома, што блізка ад вас, бачыла твой пакой. Ты яго і не занавешваў нават. Бачыла, каго ты прыводзіў да сябе, колькі прыходзіла дзяўчат да вас, як вы ўсе распраналіся, а потым тушылі святло... І аднаго вечара не вытрымала. Калі ты патушыў святло, уклаўшыся з чаговай каханкай у ложак, папусціла камянюку ў тваё акно. Брыдка, ведаю, але як я табе даказаць, што я і без Алачкі ўсё ведала...