Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Воляй абраны. Дамова на спакусу
Воляй абраны. Дамова на спакусу - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Воляй абраны. Дамова на спакусу

Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:

У першую кнігу аўтар уключыў два раманы – “Воляй абраны” і “Дамова на спакусу”. Першы раман – пра падзеі 1863-га года, пра вызвольнае паўстанне супраць расійскага царызму, якое ўзначаліў Кастусь Каліноўскі. Пра каханне кіраўніка паўстання і яго нарачонай – Марыі Ямант. Аўтар паспрабаваў з вышыні сённяшняга часу паглядзець на супярэчлівую і выбітную асобу Вікенція Канстанціна Каліноўскага, спроба разабрацца ў тым, чаму паўстанню з самага пачатку была наканаваная параза... І чаму духоўны подзвіг дыктатара Каліноўскага застанецца ў памяці нашчадкаў на вякі. “Дамова на спакусу” – раман-фантасмагорыя. Пра тое, што побач з намі штодзённа крочыць спакуса, патойбаковыя сілы падсцерагаюць нас, калі мы “паслізнемся”, калі захочам атрымаць прывідную асалоду жыцця, спакусіцца на багацце. Пра тое, што для чалавека азначае Біблія і вера ў Бога. Як пазбегнуць спакусы, як разабрацца ў тым, якой дарогай мы павінны крочыць у заўтра і ад каго чакаць дапамогу, калі нас нечакана засмокча багна хлусні і падману, – аўтар паспрабаваў адказаць на гэтыя і іншыя пытанні. Кніга разлічана для чытачоў рознага ўзросту.
1 ... 223 224 225 226 227 228 229 230 231 ... 332
Перейти на страницу:

– Не! Не хачу! – крыкнуў Ірад, скінуўшы з сябе блакітнае баваўнянае пакрывала, сеў на ложку. – Я адмяняю свой загад аб падарунках для лекараў. Другі мой загад будзе такі. Вялікі цяжар ляжыць на плячах простых воінаў, якія за свайго цара аддадуць і душу, і нават жыццё. Таму кожны воін няхай атрымае з царскай казны па пяцьдзесят драхмаў. У тры разы больш павінны атрымаць начальнікі над маімі воінамі і насельніцтвам. І каб не пакрыўдзілі маіх сяброў. А хто ў мяне сябры, ведае мой прыдворны летапісец...

Летапісец Нафантаіл пакорліва схіліў галаву, паказаўшы, што зразумеў словы свайго цара. Замітусіліся служкі, імкнучыся трапіць на вочы шчодраму валадару.

Ён жа глядзеў на іх, міргаў вачыма, сплюшчваў чырвоныя, з запаленнем, вейкі, каб пазбавіцца ад слёз, якія цяклі і цяклі, пакідаючы на грудзях цёмныя кропкі...

– Я вяртаюся ў Ерыхон! – раптоўна ціха прамовіў Ірад.

Прыбыў ён у Ерыхон у настроі прыгнечаным.

Ім авалодаў адчай і журбота.

Ірад не хацеў прызнаваць, што з яго выцякае жыццё, як вада з дзіравай бочкі. Не прывык, калі нешта выходзіла паміма яго волі і жадання. Заўсёды ўсё і ўсе падпарадкоўваліся яму. Ён мог купіць палову зямнога шара... А вось каб вярнулася здароўе, – гэтага не мог...

Прыйшоў да яго ў пакой Ляфарас, паглядзеў з дакрорам на свайго правіцеля. І, як усё роўна не было паміж імі разладу, спытаў ціха і пакорліва:

– Ну, як мой цар, ці памаглі табе серныя ванны?

У голасе не было ні падначкі, ні здзеку.

Цар Ірад не адказаў на пытанне, загаварыў, як просячы прабачэння:

– Ты не злуй на мяне, Ляфарас. Хвароба даконвае мяне, і ад таго я такі злы і жорсткі. Не крыўдуй...

Лекар падышоў да Ірада, дакрануўся да запясця рукі, – пачаў услухоўвацца, як б’ецца сэрца.

Цар загадаў яму гаварыць толькі праўду. Няхай і самую страшную.

Калі агляд скончыўся, папрасіў Ляфараса, каб той паклікаў прыдворных начальнікаў і ўправіцеляў.

Яны, адзін за адным, прыйшлі і сталі перад Ірадам. Дапытліва глядзелі на яго, не ведаючы, што чакаць цяпер – добрага ці кепскага.

– Я загадваю, каб вы і вашы падначаленыя прайшліся па ўсёй Юдэі, і каб да мяне прывялі з кожнага паселішча па аднаму знакамітаму і ўплывоваму чалавеку. Я ўзнагароджу іх царскімі падарункамі. А сабраць іх я загадваю на іпадроме, там, дзе вы наладжвалі спаборніцтвы сваіх лепшых коннікаў і вознікаў...

Прыдворныя чакалі, што яшчэ скажа Ірад. Бо ён не махнуў рукой, не загадаў, каб яны ішлі прэч. А Ірад не мог падняць рукі, яна зусім аднялася ў яго.

– Я хачу пакінуць пра сябе добрую памяць. Гэта застанецца ў гісторыі... Нафантаіл, запішы слова ў слова, што я сказаў. А цяпер можаце ісці і выконваць маю волю.

Волю Ірада прыдворныя выканалі бездакорна. Не адразу, не хутка, як жадаў таго цар, але з кожнага паселішча на трэці дзень з’явіўся прадстаўнік знакамітага роду, – у багатым, дарагім адзенні. Прыбылі і бедныя, але паважаныя людзі.

Калі Іраду далажылі пра тое, заківаў галавой, паспрабаваў усміхнуцца:

– Добра, добра... Значыць, вы любіце свайго цара. Усіх, хто паслухаўся і прыйшоў, я ўзнагароджу так, што ім і не снілася. А цяпер паклічце да мяне маю сястру – Саламею. І мужа яе – Аляксандра. Зараз жа!

Боль зноў выклікаў прыступ незадаволенасці і раздражнення. Ён стараўся прыглушыць гэта, не паказваць на людзях, але тое яму цяжка ўдавалася.

Праз нейкі час з’явіліся перапалоханая сястра і швагер, схіліліся ў паклоне.

Цар усміхнуўся задаволена, спытаў:

– А вы чаго так баіцеся? Быццам збіраюся вас забіць. Не вас хачу забіць, а іншых...

Абодва са страхам уперыліся ў Ірада.

– Я ведаю, людзі будуць святкаваць маю смерць. Вялікае свята. Але я не магу дапусціць таго, каб яны радаваліся. Хаця мне і не кажа ўсёй праўды адданы лекар, дні мае ўжо палічаны на пальцах, так што вам доўга чакаць не прыдзецца...

– Усемагутны цар, нельга так гаварыць! – упала на калені Саламея, а за ёй бухнуўся на падлогу і Аляксандр. – Жыві і яшчэ сто гадоў!

– Ліслівіце, хлусіце, – кісла перакрывіўся Ірад, адвярнуўся ад іх, пачасаў мокрае падбароддзе, паздзіраў струпы і фурункулы. Яны пачалі крывяніць і чырвоныя струменьчыкі папаўзлі ўніз – як маленькія гадзючкі, якія толькі што нарадзіліся... – Усемагутны? Дык чаму ж я не магу вярнуць сабе здароўе, чаму?!?

– На ўсё... – сястра хацела сказаць “воля Божая”, ды спатыкнулася, збаялася прагневаць брата, дагаварыла: – На ўсё ты здольны, мой цар, на ўсё... Ты – як сонейка для нас. Захочаш, і здароўе сабе вернеш. Вунь які лекар у цябе знакаміты, з другіх краін прыязджаюць да яго, перакупіць яго хочуць, ды ён не згаджаецца ні на якае багацце...

1 ... 223 224 225 226 227 228 229 230 231 ... 332
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)