Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– А што? І гэта ты мне так сплочваеш за маё каханне?
Сыны прачнуліся і напалохана выглядвалі са спальні, не ведалі, каго вінаваціць у сварцы – бацька маўчаў, маці распалялася ўсё больш і больш.
Гаспадар стаяў каля халадзільніка, піў з бутэлькі кэфір. Ведаў, што са свайго пакоя слухаў іх звягу і цесць. За сваімі зарашочанымі дзвярыма ён, мусіць, натапырыў вушы і лавіў кожнае слова, гатоў быў кінуцца абараняць дачку ад знешніх і ўнутраных ворагаў. Пэўна ж, адарваўся ад свайго малявання. Быў ён чалавекам вялікага мастацтва: капіраваў партрэты правадыроў – Леніна і Сталіна, Хрушчова і Брэжнева, Андропава і Гарбачова...
– Супакойся, прашу.
– Ты мне рот закрываеш? Ты сваім падсцілкам закрывай, а не мне...
Алачка з графінам у руцэ паднялася з табурэта, пайшла ў калідор. Адчыніла дзверы і з надрывам закрычала на ўвесь пад’езд:
– Блядзям сваім указвай, а не мне! Ясна табе, калхознік?
Графін дрызнуўся аб цёмна-зялёную сцяну, разляцеўся на дробныя аскалёпкі разам з пырскамі вады – на пляцоўцы адразу ўтварылася лужына.
Расчыніліся адныя дзверы, другія. Людзі прачнуліся, здзіўлена выглядвалі з прачыненых дзвярэй, не разумелі, што адбывалася. Сусед, Міхал Аронавіч, баязліва высунуў галаву, ацэньваў абстаноўку. Убачыў, што Ала Антонаўна адна, падышоў бліжэй.
– Ала Антонаўна, што ў вас здарылася? Хто вас пакрыўдзіў? – пазяхнуў, прыкрываючы рот рукой – быў у трыко, у белай майцы, спіна зарасла чорнай шчэццю – як у малпы. – Час позні, вой-вой, людзі спяць даўно...
– Ну і няхай спяць, а мне што? Хто ім перашкаджае? А ты, жыд пархаты, чаго выпаўз? Паглядзець, як з мяне муж здзекваецца? Вунь ён стаіць, выглядвае з кухні... Стрэльба ў руках... Не хавайся, выйдзі, пакажы, які ты вылюдак...
– Ну, няхай я жыд, ну, няхай пархаты, але вам, паважаная Ала Антонаўна, пара спаць. Усе спяць. І мая дачка Рэня даўно спіць... Тры гадзіны ночы, вой-вой...
Выйшаў Віктар, узяў жонку за локаць:
– Не смяшы людзей, Алачка. Ты ператамілася на рабоце. А вы не звяртайце ўвагі, Міхал Аронавіч, і даруйце, нервы, разумееце... Пайшлі, Ала, спаць...
– Нічога, нічога, я разумею, нервы, час такі, ведаеце, вой-вой... Нічога.
Гаспадар амаль сілком зацягнуў жонку ў калідор, падаў шклянку вады.
– Супакоілася? А цяпер ідзі ў ложак. Кладзіся.
Ён адвёў яе у спальню да дзяцей. Амаль прымусам паклаў на ложак, накрыў коўдрай. Потым выключыў святло. Сам жа доўга курыў на кухні, пускаючы дым у прачыненую фортку. Курыў у цемры, каб лепей было бачыць начное неба і зоркі. На тэлевежы завісла поўня і ніяк не магла адчапіцца ад яе металічных карунак. Гледзячы на яе, прыходзіла нейкае супакаенне. Але пальцы зноў і зноў сціскалі чарговую цыгарэціну.
Дзіўна, але піць не хацелася. Мо таму, што пітва было з коптурам на паляванні – пілі да беспамяцтва. І да жонкі не цягнула. Наадварот, нешта адштурхоўвала ад яе. Бо і кахання на тым паляванні хапіла ўсім. Чацвёра дзяўчат аддаваліся з асалодай кожнаму, хто таго жадаў...
Кожны паспрабаваў чатырох, як і кожная столькі ж.
Але асалоды не помнілася – нейкае гвалтаванне самога сябе. Гэта было ўжо як нейкая помста. Жанчынам. З-за якіх Віцева жыццё рабіла непажаданыя віражы, правальвалася ў пекла...
Помсціў жа ў першую чаргу ёй, Алачцы...
...Ён тады не ведаў, што яна ездзіла да жонкі. Як і не ведаў, што чакала ад яго дзіця. Хаваўся ад яе, нават не начаваў у інтэрнаце, калі дазнаваўся, што Алачка вольная ад вучобы і будзе шукаць з ім сустрэч.
А яна і не шукала, знала: прывязала яго, як бычка на вяровачцы.
Калі стукалася вечарам у дзверы іхняга пакоя, перад ёю ўзнікаў Макуша, як яго празвалі сябры, недаўменна глядзеў на яе, чакаў пытання.
– Хлопчыкі, а Віцік дома?
Макуша адсылаў пытанне таўсматаму Калабку, які сядзеў за сталом і піў гарбату з булкай:
– Стары, ты не ведаеш, Віцечка наш дома?
Калабок доўга думаў, потым праспяваў у адказ:
– И кто его знает, где он бывает, с кем он бывает, кого обнимае-еет...
Макуша пасля таго разводзіў перад Алачкай рукамі, паціскаў плячыма:
– И кто его знает... А мо зойдзеш да нас. Мы – хлопцы мацакі, не тое, што твой граф... Слабак ён, калі ад такой дзяўчыны збягае. А мы не падвядзем цябе, слова даем...
Алачка з грукатам бразнула дзвярыма, а хлопцы заходзіліся ад смеху.
Тым часам граф Шарамецьеў ехаў дадому.
Дарогай ён склаў план, як пазбавіцца ад надакучлівай каханкі. Сведкаў, якія пацвердзілі б, што яна начавала ў яго, не было. А, значыць, з яго як з казла малака. Прыдзецца, праўда, ахвяраваць іншым... Трэба адваліць ёй тысячу, і няхай коціцца на ўсе бакі. А тая тысяча можа быць у бацькі. Застаецца толькі прыдумаць нейкую прычыну, каб бацька без шкадавання адшпіліў для яго партманэ. Нідзе не дзенецца, уважыць, толькі трэба з толкам правесці з ім падрыхтоўча-ідэалагічную працу.