Гэта самотная зорка Венера
- Автор: Аляшкевіч Аляксандр
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Гэта самотная зорка Венера». Краткое содержание книги:
– Прывітанне, – нягучна кінуў ён.– Вось нарэшце выбраўся за год да сваякоў ў госці. Збіраемся ў лес на шашлыкі. Мо пойдзеш разам з намі? – зірнуў ён на жанчыну запытальна.
Таццяна адмоўна захітала галавою.
– Мо ты крыўдуеш за той вечар у кафэ? – вінавата апусціў вочы Антон. – Прабач, так недарэчна ўсё тады атрымалася…
– Ва ўсім вінавата толькі я адна, – ціха прамовіла Таццяна.– І больш ніхто.
– Значыцца, сумуеш усё яшчэ па ім, – падняўшы галаву, згадаў Антон пра Аляксея.– Але ж ён нават ніводнага разу не пацікавіўся пра цябе ні ў мяне, ні ў Зінаіды.
– Я пайду, – ціха прамовіла Таццяна.– І, калі ласка, больш ніколі не турбуй мяне.
– Чакай! – прыпыніў яе Антон.– Думаў не казаць табе, але цяпер бачу, што трэба.
– Што, што– небудзь з Аляксеем? – павярнуўшы галаву, устрывожана зірнула Таццяна на хлопца.
Антон адступіў пад яе пранізлівым позіркам крыху назад.
– Ён учора трапіў у аўтамабільную аварыю. Зараз у 9–й клінічнай бальніцы ляжыць, пакуль без памяці. Гэта ўсё, што я ведаю, – вымавіў ён няскладна. – Ну я, мусіць, пайду, – ціха дадаў ён.
Ступіўшы ў калідор, Таццяна прыхінулася да сцяны, заплюшчыла вочы. Колькі хвілін яна стаяла нерухома, твар яе быў белы што палатно.
“Але што ж гэта я стаю, – раптам страпянулася яна. – Трэба ехаць. Неадкладна ехаць да яго! Толькі напісаць запіску Васільку. І патэлефанаваць Надзеі Пятроўне, каб паназірала сёння за ім. Яна ж былая настаўніца – не адкажа.”
…Апоўдні Таццяна была ўжо ў Мінску. У бальніцы яна атрымала даведку, што Аляксей ляжыць у аддзяленні траўматалогіі, у аднамеснай палаце, пад пільным наглядам урачоў і ахоўнікаў. Ён па– ранейшаму ў непрытомнасці. Таму, каб наведаць яго, нельга было нават і думаць. Але Таццяна вырашыла хоць пабыць побач з палатай Аляксея. Можа, штосьці даведаецца пра стан яго здароўя ад тых жа ахоўнікаў ці медсястры… Яна пайшла на невялічкую хітрасць – запісалася наведвальніцай да першай жанчыны, якую прачытала ў спісе хворых. Атрымаўшы халат, Таццяна паднялася на ліфце на сёмы паверх, нясмела пайшла па шырокім калідоры, па якім туды–сюды хадзілі заклапочаныя ўрачы. Палата Аляксея была амаль у канцы аддзялення. За некалькі крокаў да яе Таццяна ў нерашучасці прыпынілася. Уваходныя дзверы засланяў высокі шырокаплечы ахоўнік, збоку ад яго стаяў у чорным касцюме ягоны начальнік і вёў гаворку з хударлявым пажылым урачом. Таццяна прыслухалася да іх размовы, паколькі яна ішла пра Аляксея.
– Не ведаю, што вам нават сказаць… Стан яго пакуль вельмі цяжкі. Зробім усё магчымае, каб уратаваць, – суха прамовіў урач.
– І ўсё–ж, скажыце шчыра, надзея ёсць?..
– Надзея? – паціснуў урач плячамі. – Усё, як кажуць, у руках у Бога. Таму будзем спадзявацца. Галоўнае, вывесці яго з комы. Таму паспяшайцеся з лекамі, якія я пазначыў у спісе, і падбярыце для хворага на гэты тыдзень начную санітарку, такую, каб і на хвіліну не зводзіла з яго вачэй.
– Сёння ж знойдзем. А лекі, – зірнуў мужчына на гадзіннік, – даставяць праз поўгадзіны.
– Тады ўсё, – кіўнуў урач і пайшоў у ардынатарскую.
Таццяна вагалася не больш за хвіліну. Убачыўшы, што начальнік аховы збіраецца пайсці, яна рашуча ступіла да яго.
– Прабачце! Можна вас на адну хвілінку, – прымусіла яна мужчыну павярнуцца. – Даруйце, але я міжволі падслухала вашу размову з урачом. Вам, здаецца, патрэбна начная санітарка. Не магі б вы ўзяць мяне? – Яна ўмольна зірнула на субяседніка. – Я абяцаю, што буду наглядаць за хворым вельмі ўважліва…
Мужчына акінуў Таццяну дапытлівым позіркам.
– Скажыце, мо з год таму гэта з вамі танчыў наш гаспадар у кафэ?
Таццяна хітанула галавою.
– Так, і зараз я прыйшла да яго.
Начальнік аховы хвіліну маўчаў, бы вагаўся. Відаць, яго падкупіла адкрытая шчырасць Таццяны, але, з другога боку, ці мог ён дапусціць да свайго гаспадара незнаёмую маладую жанчыну? Нарэшце ён вымавіў:
– Пашпарт у вас з сабою? Наша фірма заключыць з вамі дагавор…
Уладкаваўшы ў горадзе неадкладныя справы – найперш патэлефанавала дамоў, каб не чакалі сёння, Таццяна вярнулася ў бальніцу. Калі атрымала ў медсястры інструктаж, пайшла да палаты Аляксея. Паказала ахоўніку пропуск, з хваляваннем увайшла ў прасторны белы пакой. Аляксей ляжаў на доўгім шырокім ложку, да яго цела апускаліся тонкія капіляры медыцынскіх апаратаў, ногі і правая ягоная рука былі ў гіпсе. Сэрца Таццяны ахутаў жаль. Яна ў роспачы апусцілася ў крэсла, што стаяла побач з ложкам. Працягнуўшы руку, ласкава датыкнулася да лба любага. Вейкі Аляксея нават не ўздрыгнулі. Таццяна ледзь стрымала слёзы, паклала ў шырокую мужчынскую далонь сваю маленькую руку…