Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 174
Перейти на страницу:

– Сонца чакаюць, трасца на іх! – прабурчэў адзін з хобіцкіх ахоўнікаў. – Чаму ж не сабрацца й ня рушыць усім разам? Што старына Ўглук думае, уявіць сабе не магу, калі ён увогуле думае.

– Мы зараз пабачым, хто тут думае, а хто – не, – гыркнуў Углук, падышоўшы ззаду. – Мяркуеце, у мяне ўвогуле галавы няма на плячох? Ну, дык вы ня лепшыя за астатнюю набрыдзь: сьлімакоў з-пад гор ды малпаў з Лугбургу. Якая карысьць прабівацца зь імі разам? Яны завішчаць ды адразу наўцёкі, а тут досыць гэтых паскудных канялюбаў, каб нас параструшчыць пасярод роўнядзі. Зь сьлімакоў адна карысьць: у іх каціныя вочы, бачаць у цемры. Але ж, як я чуў, у гэтых бляднаскурых начны зрок лепшы за звычайны людзкі, а шчэ й на коней не забывайцеся! Тыя здольныя бачыць начны ветрык, як гаворыцца. Аднак адной прыемнай рэчы яны ня ведаюць: Маўхур з хлопцамі сьпяшаецца па лесе й абвесьціцца з хвіліны на хвіліну.

Відавочна, Углукавы словы супакоілі ізенградцаў, хоць і не астатніх оркаў. Тыя непакоіліся, гаманілі й слухацца не жадалі. Выставілі вакол пагорку варту. Ды большасьць зь яе легла на зямлю, адпачываючы ў прыемным змроку. Неўзабаве насамрэч зрабілася надта цёмна, бо маладзік схаваўся на захадзе ў тоўстую шчыльную хмару, і Піпін нават за некалькі ступнёў ня бачыў анічога. Вершнікі ж тым часам не пажадалі ўпрост чакаць сьвітанку, дазваляючы ворагам адпачыць. Раптоўны выгук з усходняга боку пагорку адзначыў: адбылося нешта благое. Напэўна, некалькі людзей пад'ехалі бліжэй, зьлезьлі з коней, падабраліся да краю лягеру дый прыкончылі колькі оркаў, а тады бязгучна зьніклі. Углук адразу кінуўся сьцішваць паніку.

Піпін з Мэры паселі, азіраючыся. Іхнія вартаўнікі, ізенградцы, зьніклі разам з Углукам. Праўда, думкі пра ўцёкі вельмі хутка пакінулі хобітаў. Доўгія патлатыя рукі схапілі кожнага за шыю й прыцягнулі адзін да аднога. Жудасная вялізарная пыса Грышнаха ўціснулася паміж імі, патыхнула мярзотным подыхам. Орк пачаў мацаць іх, абшукваючы. Піпін уздрыгнуў, калі цьвёрдыя халодныя пальцы зашнарылі ўздоўж ягонай сьпіны.

– Файна, файна, маленькія мае, – прашаптаў Грыхнах ціхенька й лагодна. – Забаўляецеся адпачыначкам, так? Ці, можа, не? Вух, якое месца ўтульненькае для адпачынку: мечы з пугамі з аднога боку, востранькія дзіды з другога! Ня сьлед маленькім блытацца ў справы завялікія для іх, ня сьлед!

А пальцы ягоныя ўсё шнарылі. I вочы палалі блядным сьпякотным полымем прагі.

I раптам Піпіна працяла думка, нібы выхапленая прамютка з галавы ворага: "Ды ён жа ведае пра пярсьцёнак! Яго шукае, пакуль Углук заняты, хоча забраць сабе!" Халоднай жудою скавала Піпінава сэрца, але ў тое самае імгненьне ён скеміў, як выкарыстаць Грышнахаву хцівасьць.

– Ня думаю, што ты гэтак яго адшукаеш, – прашаптаў Піпін. – Тое няпроста.

– Адшукаю што? – выдыхнуў Грышнах, а ягоныя пальцы раптам спынілі шнараньне й кіпцюрамі ўпіліся ў хобітава плячо. – Што адшукаю, малеча? Пра што ты кажаш?

Піпін памаўчаў крыху. Тады зьнянацку нібы глынуў нешта: "Гл-лыкс, гл-лыкс". I дадаў:

– Ані пра шшто, мая кашштоўнась-сь-сьць.

Хобіты адчулі, як здрыгануліся Грышнахавы пальцы.

– Воххх, – прашыпеў гоблін. – Дык вось што, га, сапраўды? Х-хоо. Надта, надта небясьпечна, маленечкія мае.

– Магчыма, – буркнуў Мэры, здагадаўшыся ўмомант пра Піпінавы думкі. – Магчыма, і ня толькі для нас. Ты сваю справу ведаеш, ці ня так? Ты жадаеш яго? I што дасі замест?

– Я жадаю? Жадаю? – перапытаў Грышнах, быццам зьдзіўлены, але ягоныя рукі дрыжэлі. – Што дам за яго? Што гэта значыць?

– Значыць, – вымавіў Піпін асьцярожна, падбіраючы словы, – няма толку шнарыць у цемры. Мы можам захаваць табе высілкі й час. Толькі разьвяжы спачатку нам ногі, а тое мы анічога ня скажам і ня зробім.

– Даражэнькія мае, маленькія дураняты, – прашыпеў Грышнах. – Ды вы ўсё, што толькі маеце, пра што толькі ведаеце, у свой час выкладзеце за так. Усё! Дый пашкадуеце, што ня ведаеце болей, каб распавесьці й тое ды задаволіць Допытніка. Вуй, і хуценька той час надыдзе, хуценька. А мне навошта сьпяшацца? Не, ня трэба! Чаму ж, як вы мяркуеце, дурняткі мае, вас жывымі пакінулі? Не з дабрыні, мае маленькія, вы ўжо мне паверце. Дабрыня нават у ёлупню Ўглуку аніколі не назіралася.

– Вось у гэтае мне паверыць няцяжка, – сказаў Мэры. – Але ж ты сваю здабычу дахаты шчэ не прыцягнуў. I не прыцягнеш, як бы там ні павярнулася. У Ізенградку пашана надасца не вялікаму Грышнаху – Саруман забярэ ўсё, што знойдзе. Калі жадаеш тое-сёе прыдбаць сабе, дык цяпер сама час. Дамовімся?

Грышнах траціў цярплівасьць. Асабліва, падавалася, разьюшыла яго імя Сарумана. Час праходзіў, і гармідар цішэў. Напэўна, Углук, усталяваўшы парадак, ці ізенградцы вернуцца з хвіліны на хвіліну.

1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)