Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
Той гыркнуў, і падбегла яшчэ колькі оркаў памерам амаль зь яго. Тады зьнянацку, без аніякага папярэджаньня, Углук скочыў наперад і двума імгненнымі ўдарамі зьнёс галовы двум супраціўнікам. Грышнах адсунуўся прэч ды зьнік недзе ў цені. Астатнія парасступіліся, адзін спатыкнуўся аб Мэры й паваліўся, лаючыся. Хоць тое, верагодна, выратавала яму жыцьцё, бо Ўглукавы паплечнікі пераскочылі яго й пасеклі іншага шыракалёзымі мечамі. Той іншы быў жаўтаіклы ахоўнік. Ягонае цела бразнулася ўпрост на Піпіна, і ў руцэ мерцьвяка ўсё яшчэ быў заціснуты доўгі вызубраны нож.
– Зброю ў похвы! – выгукнуў Углук. – Досыць глупства! Адсюль бегма прама на захад, а тады ўніз. Пасьля да панізьзяў і ўздоўж ракі да лесу. Бегма ўдзень і ўночы. Усё ясна?
"Ага, – падумаў Піпін, – калі толькі гэтаму прыгажуну спатрэбіцца яшчэ час, каб навесьці парадкі, дык у мяне файны шанец".
Было з чаго ўзрадавацца – лязо нажа сьлізнула па руцэ ды спынілася ля пясьця. Па руцэ сачылася кроў, і хобіт адчуваў, як лязо кранае скуру. Оркі рыхтаваліся да выправы, але некаторыя з паўночнікаў падпарадкоўвацца не жадалі. Ізенградцам давялося забіць яшчэ двох, пакуль астатнія не супакоіліся, запалоханыя. Але праклёнаў ды суцэльнай блытаніны было досыць, і на пэўны час Піпіна пакінулі без дагляду. Ногі ягоныя зьвязалі шчыльна й надзейна, а рукі – толькі ў пясьцях ды наперадзе. Хоць вяроўкі ўпіваліся ў скуру, абедзьве рукі адначасова ўсё ж рухаліся. Піпін крыху адпіхнуў мёртвага орка ўбок, а тады, ледзь дыхаючы ад жуды, засоўгаў вузлом пясьцевых путаў па лязе. Тое было вострае, рука мерцьвяка сьціскала нож моцна. I хутка вяроўка перарэзалася! У момант Піпін падхапіў яе, зьвязаў зноўку дзьвюма свабоднымі петлямі, дый насунуў на пясьці. А тады лёг і сьцішыўся.
– Узяць палонных! – гыркнуў Углук. – І ніякіх гульняў зь імі! Калі данясем нежывымі, то хтосьці іншы таксама зьмярцьвее.
Орк падхапіў Піпіна, нібы мех, прасунуў галаву паміж зьвязанымі рукамі хобіта, узяўся за іх і кінуўся бегчы. Другі гэтаксама падхапіў Мэры. Оркавы пальцы, падобныя да кіпцюроў, учапіліся ў Піпінавы рукі, нібы жалезныя, пазногці ўпіліся ў скуру. Піпін заплюшчыў вочы ды сасьлізнуў зноў у вусьцішны сон.
Раптоўна яго зноў скінулі на каменьне. Была раньняя ноч, тонкі месячык хіліўся да захаду. Затрымаліся на краі скалы, якая ўзвышалася выспаю над морам бляднага туману. Недзе непадалёк цурчэла вада.
– Ну, і што выведалі? – прабурчэў Углук.
– Адзіны вершнік, і той уцёк на захад. Цяпер усё чыста.
– А, цяпер. Вядома. I на колькі часу чыста? Ідыёты! Трэ было падстрэліць яго! Ён падыме трывогу. Клятыя каняводы шчэ да раніцы вызнаюць пра нас. Цяпер давядзецца кульгаць удвая хутчэй.
Цень нахіліўся над Піпінам.
– Падымайся, – загадаў хобіту Ўглук. – Мае хлопцы стапталіся, цягнучы цябе на карку. Нам трэба спускацца. Давядзецца паварушыць уласнымі лапкамі. Давай працуй. Ня енчы, не спрабуй уцячы, зразумеў? За хітрыкі мы маем чым сплаціць. Скурку тваю для нашага гаспадара не пашкодзім, але ж табе мала ня будзе.
З гэтым пасек путы вакол ног ды пад каленкамі, ухапіў за валасы й рыўком паставіў Піпіна на ногі. Той паваліўся, а Ўглук зноў за валасы паставіў яго. Колькі оркаў зарагатала. Углук сунуў пляшку паміж Піпінавых зубоў дый уліў яму ў глотку нейкую палымяную вадкасьць. Хобіт адчуў, як буйная сьпякота цячэ па целе. Боль у нагах зьнік. Хобіт здолеў стаяць.
– А цяпер другому! – загадаў Углук.
Піпін убачыў: ён падышоў да Мэры, які ляжаў непадалёк, ды пхнуў нагою. Мэры застагнаў. Ухапіўшы Мэры, быццам анучу, Углук пасадзіў яго ды зьдзёр павязку зь ягонай галавы. Тады змазаў рану нечым цёмным з маленькай драўлянай скрынкі. Мэры застагнаў, замахаў рукамі, адбіваючыся.
Оркі запляскалі ў далоні, загікалі.
– Ну, дурань, лекаў ня хоча! Ня ведае, што яму на карысьць! Гэ, ну, пазабаўкаемся зь імі файна!
Але Ўглуку пакуль было не да забавак. Яму патрэбная была хуткасьць ды пільнасьць да неахвочых спадарожнікаў. Таму ён папросту вылекаваў Мэры на оркавы манер, і вылекаваў хутка. Калі гвалтам уліў хобіту ў глотку вадкасьці з пляшкі, перасек путы на нагах ды паставіў, Мэры здолеў трымацца на нагах, выглядаў бледным, але суворым і дзёрзкім, ды яшчэ даволі жывым і жвавым. Драпіна на лобе болей не балела, аднак руды шнар на тым месцы застаўся ў хобіта да скону.
– Дабранач, Піпіне! – павітаў ён. – Дык ты таксама вырашыў крыху пашпацыраваць? А калі нам зладзяць ложкі й вячэру?
– Цішэй! – гыркнуў Углук. – Чаго захацелі, га! Затыкніце пысы, адному з адным размаўляць забаронена! Калі ўчыніце турботы, пра ўсё давядзем, а гаспадар ведае, чым сплаціць за клопат. Там вам выдадуць вячэру. Шчэ й папросіце, каб меней было.