Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Сьлімакі! – рагаталі ізенградцы. – Падсмажыла вас, га? Рыхтуйцеся на сьняданак бляднаскурым! Яны ўжо даганяюць!
Лямант Грышнахавай банды паказаў, што гэта не пустая кпіна. Ужо заўважылі імклівых вершнікаў. Яшчэ далёкія, яны набліжаліся надзвычай хутка, накатваліся, нібы прыліў на небаракаў, якія захрасьлі на глейкім беражку.
Ізенградцы, на Піпінава зьдзіўленьне, раптам пабеглі з падвойнай хуткасьцю, жудасным рыўком напрыканцы гонкі. Тады хобіт пабачыў: сонца ўжо садзілася, хавалася за Туманныя горы. Цені пацягнуліся па зямлі. Жаўнеры Мордару паднялі галовы й таксама паскорылі крок. Блізкі лес наперадзе стаяў змрочным мурам. Ужо й колькі асобных дрэваў мінулі. Оркі беглі ўгару па схіле, які ўсё страмеў, але ж не спыняліся. I Ўглук, і Грышнах галасілі, падганяючы сваіх на апошні рашучы высілак.
"Яшчэ пасьпеюць. Яшчэ дабягуць", – думаў Піпін. Тады выкруціў шыю, налаўчыўся адным вокам зірнуць назад, за плячо. I ўбачыў, што вершнікі з усходу ўжо параўняліся з апошнімі бегунамі, шалёна нясуцца па роўнядзі. Захад залаціў іхнія дзіды й шаломы, апошнія промні блішчэлі на доўгіх сьветлых валасах, што віліся па ветры. Вершнікі заганялі оркаў, нібы статак быдла, каб не паразьбегліся, дый накіроўвалі ўздоўж ракі.
Цікава стала: што ж гэта за народ? Хоць бы парупіўся болей даведацца, пакуль адпачывалі ў Долым Яры, часьцей пазіраў на мапы. Але ў тыя дні ўсе пляны, падавалася, зьберагаліся ў надзейных руках. Як можна было ўявіць сабе, што застанесься бяз Гэндальфа, бяз Швэндала ці нават бяз Фрода. Усё, што мог узгадаць пра Рохан, – Гэндальфаў конь, Цяняр, адтуль. Хоць і няшмат, але абнадзейвае.
"Як жа яны адрозьняць нас ад оркаў? – падумаў хобіт. – Наўрад ці яны тут чулі пра хобітаў. Напэўна, трэба радавацца, што гэтых мярзотных оркаў папанішчаць, Толькі ж лепш самому, жыўцом, адчуць тую радасьць, уратаваўшыся".
А найверагодней, што роханцы й яго, і Мэры заб'юць разам зь іхнімі ворагамі, нават і не заўважыўшы, каго забіваюць.
Сярод вершнікаў былі й стральцы, майстры ўлучыць на скаку. Пад'яжджалі на стрэл і цэлілі ў адсталых оркаў. У некаторых патрапілі. Спусьціўшы стралу, імгненна адсоўваліся, каб да іх не даляталі варожыя стрэлы. А оркі стралялі на бягу абы-куды, не адважваючыся прыпыніцца. Наяжджалі лучнікі шматкроць, і аднойчы дастрэлілі ажно да ізенградцаў. Адзін зь іх, якраз перад Піпінам, спатыкнуўся й больш не падняўся.
Надышла ноч, а вершнікі ў бойку ня ўвязваліся, не набліжаліся. Мноства оркаў ужо загінула, але яшчэ заставалася дзьве сотні з гакам. У сутоньні оркі сягнулі невысокага пагорку. Узьлесак быў надта блізка, ня болей за паўтузіна гоняў, аднак далей ходу не было. Вершнікі абкружылі пагорак. Кучка нязгодных не паслухалася Ўглука й кінулася да лесу. Вярнуліся толькі тры.
– Ну й патрапілі, – пакпіў Грышнах. – Так вось пад магутным правадыром Углукам! Ну, спадзяюся, вялікі ваяр Углук выведзе нас зноў!
– Паўросьлікаў – долу! – загадаў Углук, не зьвяртаючы на Грышнаха ўвагі. – Ты, Лугдуш, бяры яшчэ двох і трымай над імі варту. I не забіваць, пакуль бляднаскурыя не прарваліся. Зразумелі? Покі я сам жывы, мне яны патрэбныя. Але каб ляжалі моўчкі, і сачыце, каб іх не адбілі! Зьвяжыце ім ногі!
Апошні загад выканалі бязьлітасна. А Піпін вынайшаў, што ён упершыню апынуўся побач з Мэры. Оркі вакол гаманілі, лямантавалі й бразгалі зброяй, і хобіты здолелі колькі часу пашаптацца бесьперашкодна.
– Думаю, мяне ўжо амаль даканалі, – прызнаўся Мэры. – Здаецца, і адпаўзьці далёка ня здолею, нават разьвязаны.
– Лембасы! – прашаптаў Піпін. – У мяне ж яны засталіся. А ў цябе? Оркі анічога не забралі, акрамя кордаў.
– Так, у мяне ёсьць колькі ў кішэні, хоць яны, напэўна, параскрышыліся, – адказаў Мэры. – Але ж ротам у кішэню не залезеш!
– Навошта ротам? У мяне... – пачаў быў Піпін, але жорсткі штурхель нагою перарваў яго, паказаўшы, што гоман сьцішыўся й вартавыя зноў пільнуюць вязьняў уважліва.
Ноч выдалася халодная й спакойная. Паўсюль вакол пагорку з оркамі загарэліся маленькія вартавыя вогнішчы, золата-барвяныя ў цемры, – суцэльнае абложнае кола. Паўспыхвалі на адлегласьці добрага стрэлу, але самі вершнікі побач з вогнішчамі не зьяўляліся, і оркі змарнавалі мноства стрэлаў, цэлячы па агнёх, пакуль Углук не спыніў іх. Вершнікі не выдавалі сябе ані гукам. Крыху пазьней, калі маладзік выплыў з-за туманоў, раз-пораз праблісквалі ў прывідным сьвятле іх постаці-цені, рухаючыся ў бяссоннай варце.