Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 174
Перейти на страницу:

– Трэба шукаць сховішча, – прапанаваў Піпін, – а тое нас убачаць. Малое суцяшэньне, калі, знайшоўшы нас сярод трупаў, вершнікі зразумеюць, што мы ня оркі.

Падняўся й тупнуў нагою.

– Гэтыя вяроўкі, як дрот, у мяне ўпіліся, але ногі паціху ажываюць. Ужо магу кульгаць. А ты, Мэры?

– Так, – устаў Мэры. – I я спраўлюся. Лембасы грэюць сэрца, дый ногі таксама! I пачуцьцё ад таго здаравейшае, цалкам ня тое, што ад орцкай мікстуры. Цікава, з чаго яе вырабляюць? Не, напэўна лепей ня ведаць. Давай глынем вады, каб змыць нават успаміны!

– Ня тут, – запярэчыў Піпін. – Тут берагі надта стромыя. Рушым пакуль наперад.

Хобіты павярнулі й павольна крочылі поплеч уздоўж ракі. За іхнімі сьпінамі распальвалася на ўсходзе раніца. Ідучы, абменьваліся меркаваньнямі, па-хобіцку легкадумна, узгадвалі, што адбылося за час палону. Аніякі слухач цяпер не западозрыў бы, што ім давялося цяжка пакутаваць, рушыць без надзеі на ратунак зь небясьпекі ў небясьпеку, на катаваньне і сьмерць. Нават цяпер, як абодва добра ведалі, невялікі быў шанец адшукаць сяброў ці сягнуць якога сховішча.

– Файна справіўся, спадару Хваце, – адзначыў Мэры. – Табе адному цэлую частачку ў Більбавай кнізе трэба аддаць, калі толькі здолею да яго дабрацца й распавесьці. Добрая праца, а асабліва калі разгадаў хітрыкі таго валасатага паскудніка ды згуляў зь ім. Цікава, аднак, ці знойдзе хто твой сьлед ды ці падбярэ фібулку? Мне сваю дужа страціць не хацелася б. А ты, падаецца, згубіў яе назаўсёды задарма. А мне трэба яшчэ патупацець, каб цябе дагнаць. Насамрэч, сваяку Бронь-Бычу цяпер час рушыць наперад, бо ён жа сьвядомы хобіт. Ты, падаецца, ня шмат ведаеш пра тое, дзе мы. А я свой час у Долым Яры правёў лепей. Мы кіруемся на захад уздоўж Энтуі. Апошні хвост Туманных гор перад намі й лес Фангарн.

Пакуль прамаўляў, цьмяная сьцяна лесу ўзьнялася наперадзе. Ноч яшчэ чаплялася за камлі вялізманых дрэваў, павольна адпаўзаючы прэч, ратуючыся ад сьвітанку.

– Вось дык правадыр, сваяк Бронь-Быч! – абвесьціў Піпін. – Уперад, а мо й назад. Бо нас жа папярэджвалі наконт Фангарну. Такі дасьведчаны спадар хобіт, напэўна, на гэткае не забыўся.

– Не, – пацьвердзіў Мэры, – але ж нават у такі лес патрапіць – лепей, чым павярнуць назад ды апынуцца пасярод бойкі.

I рушыў першы пад вялізарныя галіны, якія падаваліся неверагодна старымі. Даўжэзныя чэпкія бароды моху зьвісалі зь іх, калыхаліся й варушыліся на ветры. Схаваўшыся ў цені, хобіты азірнуліся – маленечкія зьляканыя істоткі ў паўзмроку, рыхтык маляты-эльфы з пракаветных глыбіняў часу, што ў зьдзіўленьні вітаюць зь Дзікага Лесу першае Раньне.

Далёка за Вялікай ракой, за Бурымі пустэчамі, за бясконцым шэрагам бляклых міляў распаліўся золак, пунсовы, бы полымя. Гучна зараўлі паляўнічыя рогі, вітаючы яго. Вершнікі Рохану рушылі наперад, і зноў перагукнуліся рогі.

Мэры й Піпін пачулі ў ясным халодным паветры ржаньне ваярскіх коней, мноства чалавечых галасоў узьнялося ў песьні. Край сонца паўстаў вогненнай аркаю над межамі сьвету. Тады з аглушальным ровам вершнікі рушылі з усходу, і барвовае сьвятло зазьзяла на бронях і дзідах. Оркі загаласілі, выпусьцілі апошнія стрэлы насустрач ім. Колькі вершнікаў бразнулася долу, але шыхт не парушыўся. Пракаціўся па пагорку й празь яго, разьвярнуўся й атакаваў зноў. Тады ўжо большасьць ацалелых оркаў кінулася ўцякаць уроссып у розныя бакі. За імі гналіся й аднаго за адным бралі на дзіды. Але ж засталіся тыя, што, згуртаваўшыся ў шчыльны чорны клін, упарта прабіваліся да лесу. Кінуліся ўніз па схіле на вартавых. I няшмат заставалася ім да лесу, падавалася – абавязкова дабяруцца. Пасеклі ўжо трох вершнікаў, якія спрабавалі паўстаць на іх шляху.

– Мы надта загледзеліся, – заўважыў Мэры. – Гэта Ўглук! Нешта мне не карціць зноў зь ім павітацца.

Хобіты павярнуліся й пабеглі ў глыбіні лесу, Таму й ня ўбачылі апошнія хвіліны Ўглука, калі ягоную банду перахапілі ля самага ўзьлеску. Там самога Ўглука забіў Эямэр, трэці маршалак Маркі, які сьпешыўся й секся зь ім на мечах. I паўсюль па шырокім стэпе вастравокія вершнікі палявалі на тых нешматлікіх оркаў, якія ўцякалі й у якіх яшчэ заставаліся сілы, каб бегчы далей.

Калі ўпалявалі ўсіх, вершнікі пахавалі загінулых таварышаў у кургане дый песьнямі ўхвалілі іх мужнасьць і моц. А тады расклалі вялізнае вогнішча, спалілі ворагаў ды раскідалі попел. Так скончыўся орцкі набег, і аніякія навіны пра яго не сягнулі ані Мордару, ані Ізенградку. Аднак дым таго вогнішча ўзьняўся высока, і шмат чые пільныя вочы заўважылі яго.

1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)