Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 22 23 24 25 26 27 28 29 30 ... 174
Перейти на страницу:

4. Дрэвабарод

А тым часам хобіты з усёй магчымай у цёмным і густым лесе хуткасьцю беглі ўздоўж ракі – на захад і ўгару па схіле, усё глыбей у нетры Фангарну. Паціху забыліся на оркаў і запаволілі хаду. I адчулі, быццам нешта адбірае паветра з самай глоткі, прыдушвае, не дае аддыхацца.

Нарэшце Мэры прыпыніўся.

– Не, далей так немагчыма, – запыхкаў. – Дыхаць няма чым.

– Калі так, дык хоць пап'ем, – прапанаваў Піпін. – У мяне ўсё ссохлася.

Ускараскаўся па доўгім корані, які завісаў над плыньню, і, нахіліўшыся, зачэрпнуў рукою вады, чыстай і халоднай. Піў доўга, з асалодай. Таксама й Мэры. Вада асьвяжыла й узрадавала, і пэўны час хобіты ўпрост сядзелі на беражку, мятляючы ў вадзе зьбітымі нагамі, ды ўзіраліся ў бясконцыя шэрагі дрэваў навокал, якія блізка зьнікалі ў шэрым змроку.

– Ну як ты, яшчэ не пасьпеў згубіць нас у лесе? – спытаў Піпін, прыхіляючыся да таўшчэзнага ствала. – Заўжды можна рушыць уздоўж ракі, Энтуі ці як там яе, і выбрацца тым шляхам, якім прыйшлі.

– Магчыма, калі нас ногі панясуць ды калі дыхаць будзе чым,

– адказаў Мэры.

– Так, цемнавата тут і душнавата, – пагадзіўся Піпін. – Нешта яно нагадвае мне стары пакой Вялікай сядзібы Хватаў у нашых сьміялах у Хватавай Гародні. Вялізарная заля, дзе мэблю ані мянялі, ані нават перасоўвалі цягам пакаленьняў. Казалі: Стары Хват гадамі жыў у тым пакоі, і пакой старэў і трупехнуў разам зь ім. А як памёр, болей за стагодзьдзе таму, дык і не мянялі там анічога. А стары Геронціюс быў мой прапрапрабацька, во колькі мінула. Але гэтая пракаветчына – толькі ўчора ў параўнаньні з гэтым лесам. Глянь: якія цягучыя, даўжэзныя бароды моху! А большасьць дрэваў амаль на палову ў старым спарахнелым лісьці, якое, напэўна, і не зьмянялася аніколі. Неахайна тут. I ўявіць сабе не магу, як тут вясною ўсё выглядае, – калі вясна ўвогуле зазірае сюды. Чаго ёй сюды лезьці, у гэтакі бруд.

– Але ж сонца мусіць зазіраць сюды хоць калі, – запярэчыў Мэры. – I выгляд тут, і адчуваньні не такія, як, зь Більбавых расповедаў, у Ліхалесьсі. Там усё змрочнае й чорнае, там жытлуюць страхотлівыя пачвары. А тут усяго толькі сутоніста ды шчэ моцна дрэвіста. Немагчыма ўявіць, каб тут жылі якія зьвяры ці хоць бы заставаліся на доўгі час.

– I хобіты таксама, – дадаў Піпін. – Не падабаецца мне ідэя рушыць праз гэты лес. На сотню вёрстаў анічога прыдатнага для ежы ня знойдзем. А колькі ў нас там засталося?

– Няшмат, – уздыхнуў Мэры. – Пабеглі мы толькі з парай пакункаў лембасаў у кішэнях. Астатняе ўсё пакінулі.

Агледзелі рэшткі эльфскага печыва: невялічкія кавалачкі, дзён на пяць, і паўгалодных дзён да таго ж.

– I ані коўдры якой, ані посьцілкі, – уздыхнуў Мэры. – Зьмерзьнем уначы, куды ні рушылі б.

– А куды рушыць, трэба зараз жа вырашыць, бо раніца ўжо засьвятлела.

Насамрэч, жоўтае сьвятло разьлілося крыху далей па лесе: падавалася, промні раптоўна працялі лясны дах.

– Добрай раніцы! – узрадаваўся Мэры. – Напэўна, сонца хавалася за хмарай, пакуль мы беглі, а цяпер выйшла ці ўскараскалася высока й сьвятло ўжо трапляе на нейкую паляну. Тут недалёка – хадзем глянем!

Апынулася далей, чым падавалася. Схіл уздымаўся ўсё страмей ды рабіўся ўсё больш камяністым. Паступова сьвятлела, і нарэшце хобіты ўбачылі перад сабою скальную сьцяну – ці бок пагорку, ці канец надта доўгага адгор'я. Ані дрэўца не расло на ім, і сонца зьзяла проста ў каменны адхон. Сукі й карані цягнуліся да яго, нібы жадаючы ўхапіць болей цеплыні. Тое, што колькі часу таму выглядала струпехлым ды шэрым, цяпер заблішчэла глыбокімі, насычанымі фарбамі – бурае, рудое, цёмна-жоўтае, і гладкая кара адблісквала чорна-рудым, як апрацаваная скура. Ствалы дрэваў сьвяцілі мяккай зелянёю, нібы маладая трава. Насамрэч, раньняя вясна, ці мімалётны прывід яе, панавала навокал.

У каменнай сьцяне напаткалі нешта накшталт лесьвіцы – прыроднай напэўна, калі вада й вецер цягам часу крышылі й ламалі пакрысе каменьне, бо прыступкі былі надта крывыя й няроўныя. Вяла яна да шырокай паліцы пад адхонам. Там анічога не расло, толькі рэдкая трава, дый тырчэў абцінак старога дрэва, вялізны пень, на якім засталіся толькі два пахіленыя сукі, надта падобны да закарэлага старога лесавіка, які стаяў агаломшаны раптоўным сьвятлом.

– Ну-тка, узьберамося! – выгукнуў Мэры радасна. – Глынем паветра ды зірнем навокал.

Палезьлі на скале. Калі тое была насамрэч лесьвіца, то для ног, значна даўжэйшых за хобіцкія. Сьпяшаліся далезьці, і таму не зьвярнулі ўвагі й не заўважылі, як зь дзівоснай хуткасьцю ацаліліся драпіны й балячкі, атрыманыя падчас палону, як вярнуліся сілы. Хобіты сягнулі нарэшце краю паліцы амаль пад самым старым абцінкам. Ускараскаліся, павярнуліся сьпінамі да скалы, пазіраючы на ўсход і глыбока дыхаючы. Пабачылі, што паглыбіліся ў лес усяго вярсты на тры ці чатыры. Вершаліны дрэваў пад імі хвалямі спускаліся да роўнядзі. Там, побач з ускрайкам лесу, узьнімаліся вялікія слупы чорнага курчастага дыму, калыхаючыся, плынелі над лесам.

1 ... 22 23 24 25 26 27 28 29 30 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)