Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Ці ёсьць ён у каго з вас?! – рыкнуў Грышнах.
– Гллыкс, гллыкс! – адгукнуўся Піпін.
– Ногі разьвяжы, – нагадаў Мэры.
Адчулі, як моцна задрыжэлі рукі орка.
– Трасца на вас, пацукі недамерныя! – прашыпеў ён. – Ногі вам разьвязаць? Ды я кожную жылачку вашую папаразьвязваю. Да самых костак абшукаю! Вы што, думаеце, я не пасяку вас на апошнія дрыготкія кавалачкі, га? Ды мне вашыя ногі ня трэба, каб змыцца адсюль з вамі, – вось тады мы перамовім сам-насам!
Зьнянацку орк падхапіў іх. Моц ягоных доўгіх рук і плячэй была неверагодная. Сунуў пад пахі, па адным з кожнага боку, прыціснуў дый здаравеннымі далоньмі закрыў раты. I кінуўся наперад, нізка нахіліўшыся. Бег спрытна й бязгучна, пакуль не сягнуў краю пагорку. Тады, абраўшы прамежак між вартавымі вогнішчамі, кінуўся ліхім ценем праз ноч уніз па схіле, на захад, да ракі, якая выцякала зь лесу. У гэтым напрамку на шырокай роўнядзі між ім і лесам бачылася ўсяго адзінае вогнішча.
Прайшоўшы з паўтузіна сажняў, прыпыніўся, углядаючыся й прыслухоўваючыся. Анічога не было відаць і чуваць. Паціху крочыў наперад, перагнуўшыся амаль удвая. Тады выпрастаўся, нібы адважыўшыся нарэшце на імклівы кідок. I ў гэты момант перад ім узьнік вялізны цень ваяра на кані. Конь чмыхнуў, узьняўся на дыбкі. Ваяр загукаў.
Грышнах пляснуўся ніцма на зямлю, прыціснушы хобітаў сабою. Ды выцягнуў меч з похваў. Без сумневу, ён хацеў забіць палонных, каб не ўцяклі ці не патрапілі ў варожыя рукі, але тое яго й загубіла. Меч бразнуў ды бліснуў, адлюстраваўшы полымя вогнішча зьлева. I адразу зь цемры сьвіснула страла. Ці коньнікі трапна пацэлілі, ці так накіраваў лёс – яна працяла Грышнахаву правую руку. Ён выпусьціў меч і завішчэў. Пачуўся часты пошчак капытоў. Як толькі Грышнах ускочыў і пабег, вершнік апынуўся побач і праткнуў яго дзідай наскрозь. Орк вусьцішна залямантаваў, у дрыготцы бразнуўся долу й застаўся нерухомым.
Хобіты ж ляжалі, прыціскаючыся да зямлі, як і пакінуў іх Грышнах. Яшчэ адзін вершнік прымчаў на дапамогу. Ці праз асаблівую вастрыню зроку, ці празь нейкае іншае адчуваньне, але конь пераскочыў праз хобітаў, а вершнік так іх і не заўважыў – загорнутыя ў эльфскія плашчы, стомленыя ды зьнясіленыя, хобіты не адважваліся й дыхаць.
Нарэшце Мэры паварушыўся й прашаптаў ціхенька:
– Пакуль усё добра. А вось як жа самім уцячы, каб не нанізалі на дзіду?
Адказ прыйшоў амаль адразу ж. Грышнахаў лямант устрывожыў оркаў. Зь ляманту й віскату, які даляцеў з пагорку, хобіты зрабілі высновы: Углук убачыў, што яны зьніклі, і цяпер заняты сечкай галоваў. Зьнянацку оркавы галасы загукалі ў адказ з-за кольца вартавых вогнішчаў, зь лесу. Відавочна, зьявіўся чаканы Маўхур ды напаў на абложнікаў. Пачуўся часты пошчак мноства капытоў. Вершнікі шчыльней абкружылі пагорак, наблізіліся, каб прадухіліць вылазку, пакуль асобны шыхт ад'ехаў разабрацца з Маўхурам. Мэры зь Піпінам усьвядомілі, што й ня рухаючыся патрапілі ўжо за кольца аблогі й анічога не ляжыць паміж імі й іхнім ратункам.
– Каб толькі цяпер былі вольныя ногі-рукі, маглі б і ўцячы. Але ж да вузлоў не дацягнуцца, і не пракусіш іх, – роспачна паскардзіўся Мэры.
– I намагацца ня трэба, – папярэдзіў Піпін. – Я якраз зьбіраўся табе распавесьці: я ўжо вызваліў рукі. I петлі начапіў толькі для віду. Ты лепей спачатку крыху лембасу пажуй, падсілкуйся.
I скінуў вяроўку зь пясьцяў ды выцягнуў з кішэні пакунак. Печыва пакрышылася, але не папсавалася й заставалася ў абгортцы зь лісьця. Кожны з хобітаў зьеў па два-тры кавалкі. Смак нагадаў сьветлыя, добрыя твары, сьмех, файную ежу цёплымі лагоднымі днямі – такімі далёкімі! Пэўны час хобіты сілкаваліся задумліва й засяроджана, не зьвяртаючы ўвагі на выгукі й гвалт бойкі непадалёк. Піпін першы вярнуўся да рэчаіснасьці.
– Бегчы трэба! – прашаптаў ён. – Пачакай хвілінку!
Грышнахаў меч ляжаў побач, але быў надта цяжкі й нязручны. Таму Піпін прапоўз наперад да цела гобліна, дый выцягнуў з похваў на ягоным пасе доўгі востры нож. Хутка перарэзаў путы.
– А цяпер – ходу! – вымавіў нарэшце. – Калі разагрэемся крыху, можа, здолеем стаяць і йсьці. А пакуль лепей паўзком.
I папаўзьлі. Па мяккім глыбокім дзёрне паўзьці было няцяжка. Ды ўсё адно марудна. Вартавое вогнішча абпаўзьлі далёка, і, выгінаючыся, нібы чарвякі, цаля за цаляю дабраліся да ручаіны, што цурчэла ў чорным цені пад глыбокім берагам. Там азірнуліся.
Усё сьціхла. Відавочна, Маўхура зь ягонымі "хлопцамі" альбо забілі, альбо прагналі ў лес. Вершнікі вярнуліся да сваёй маўклівай злавеснай варты. Ужо няшмат ім засталося пільнаваць. Ноч сканчалася. На ўсходзе, дзе нябёсы заставаліся бяз хмараў, распальваўся сьвітанак.