Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 16 17 18 19 20 21 22 23 24 ... 174
Перейти на страницу:

Оркава банда пачала спускацца па вузкай цясьніне, што вяла да туманнай роўнядзі ўнізе. Мэры й Піпін упарта караскаліся ўлучна з тузінам оркаў, а ўнізе раптам ступілі на траву, і настрой іх узьняўся.

– Цяпер прама! – гыркнуў Углук. – На захад і крыху на поўнач! Усьлед за Лугдушам!

– А калі засьвітае, што рабіць? – спытаў адзін з паўночнікаў.

– Бегчы, як і раней, – адказаў Углук. – А ты што думаў? Сесьці на траўку й пачакаць, пакуль бляднаскурыя зьявяцца на бяседу?

– Але мы ня можам бегчы пад сонцам!

– Куды ж падзенецеся – з мною за вашымі сьпінамі? – пакпіў Углук. – Шчэ як пабежыце! Давай хутчэй, а тое аніколі болей ня ўбачыш улюбёнай нары! Клянуся Белай Рукою – якая карысьць слаць на такую справу гэтых горных сьлімакоў, у іх на двох няма аднога глузду! Бяжы, халера! Бяжы, пакуль ноч яшчэ трывае!

I ўвесь гуф пабег няўклюдай, але ж размашыстай орцкай пабежкаю. Строю не трымалі, сутыкаліся, спатыкаліся, пхаліся й лаяліся, аднак беглі надзвычай хутка. Кожнага хобіта вартавалі трое. Піпін быў ля самага канца калёны. Бег, разважаючы, ці нашмат яго хопіць, бо не сілкаваўся з самай раніцы. Адзін з вартаўнікоў меў пугу. Хоць пакуль што оркаў напой саграваў Піпінава цела. I думкі таксама не спатыкаліся.

Раз-пораз уяўляўся яму ўважлівы твар Швэндала, чалавек нахіляўся над змрочным сьледам – і няспынна сьпяшаў уздагон. Аднак што сьледапыт пабачыць тут, апрача блытаніны адбіткаў орцкіх ботаў? Хобіцкія маленькія сьляды зьнішчаліся падкаванымі жалезам падэшвамі.

Аддаліліся ад скальнай сьцяны на вярсту ці каля таго, і наперадзе адкрылася шырокая лагчавіна зь вільготнай ды мяккай зямлёй. Туман ляжаў на ёй, пабліскваючы ў апошніх промнях маладзічка. Цьмяныя постаці оркаў наперадзе зацемрыліся, тады зьніклі ў тумане.

– Гэй! – загукаў Углук ззаду калёны. – Не разбрыдацца!

Раптоўная думка скокнула ў Піпінаву галаву, і ён адразу яе ажыцьцявіў. Кінуўся направа, паднырнуў пад хаплівыя рукі вартаўніка, галавою ў туман, пляснуўся на траву.

– Стаяць! – зароў Углук.

На момант усчаўся гармідар і валтузьня. Піпін ускочыў і кінуўся ўцякаць. Але оркі ўжо беглі да яго, і нехта сьцяною ўжо паўстаў наперадзе.

"Аніякай надзеі, – мільгнула ў Піпінавай галаве, – а можа, усё-ткі здолеў пакінуць ясныя адбіткі на мяккай глебе, якія оркі не папсуюць".

Схапіўся абедзьвюма зьвязанымі рукамі за каўнер, адчапіў фібулку. Выпусьціў яе, якраз калі доўгія кіпцюрастыя рукі ўхапілі яго. Падумаў: "Тут і ляжаць ёй да скону сьвету. Навошта гэта было рабіць? Калі астатнія выратаваліся, дык напэўна ж пайшлі разам з Фрода".

Пуга абвілася вакол ягоных ног, і ён ледзь утрымаўся, каб ня ўзвыць.

– Досыць! – загадаў Углук, падбегшы. – Яму яшчэ доўга бегчы. Няхай бягуць! Пугаю толькі нагадвай раз-пораз пра абавязак.

– Гэта ня ўсё, ня бойся, – дадаў, зьвярнуўшыся да Піпіна. – Я не забудуся, ня думай. Потым сплачу шматкроць. Пайшоў, ногі ў рукі!

Ані Піпін, ані Мэры не запомнілі амаль нічога пра далейшую вандроўку. Вусьцішныя сны й жудасная ява зьмяшаліся ў доўгі змрок пакутаў, і надзея гасла ў іх. Беглі й беглі, намагаючыся трымаць ровень з оркамі, трываючы раз-пораз удары пугаю, жорсткія й умелыя. Калі хобіты спатыкаліся ці прыпыняліся, іх падхоплівалі й пэўны час несьлі.

Цеплыня орцкага напою сышла. Піпін зноў пачуваўся хворым і зьмерзлым. Зьнянацку паваліўся тварам у траву. Цьвёрдыя рукі з вострымі кіпцюрамі падхапілі яго, закінулі на карак. Зноў панесьлі, бы мех, і змрок агарнуў яго: ці цемра яшчэ адной начы, ці смуга перад вачыма – ён ужо не адрозьніваў.

Праз туман у галаве данесьліся галасы, гукі сваркі. Падавалася, шмат оркаў патрабавалі прыпыніцца. Углук рыкаў на іх. Піпін адчуў, як яго груба шпурнулі на зямлю. Там ён і заснуў, упрост як упаў, і чорныя сны авалодалі ім. Але боль неўзабаве вярнуўся: бязьлітасныя кіпцюры зноў падхапілі яго. Пэўны час трасло й шкуматала, тады цемра павольна расступілася. Піпін вярнуўся да жывога сусьвету й пабачыў, што ўжо раніца. Прагучалі загады, яго зноў кінулі на траву.

Там і ляжаў колькі часу, змагаючыся з адчаем. Галаву муціла, але зь цеплыні, якая расьцякалася па целе, зразумеў: яшчэ раз давалі напой. Над Піпінам нахіліўся орк ды шпурнуў кавалак хлеба й абрэзак сырога падвяленага мяса. Чэрствы шэры хлеб хобіт згрыз прагна, мяса ж не крануў. Згаладнеў, але ж не ў такой ступені, каб есьці мяса, дадзенае оркамі, – і ўявіць страшна, якой істоце яно належала.

1 ... 16 17 18 19 20 21 22 23 24 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)