Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Размова толькі на імгненне ўзрушыла мяне. Але не ўстрывожыла і не насцярожыла, напомніла, што знаходжуся ў незнаёмым, і невядомым мне, свеце, і павінен падпарадкоўвацца яго патрабаванням. Але, галоўнае, нехта падказваў мне, – мо і мой унутраны голас, – тут свае правілы, і мне застаецца толькі прытрымлівацца іх, не зважаць увагі на якія б там не было праблемы, а навучыцца кіраваць сваімі эмоцыямі... Кіраваць, не кіруючы, хвалявацца, не хвалюючыся...
А галоўны клопат, з-за чаго і аказаўся-апынуўся на субмарыне, стаяў на месцы, не зрушваўся з мёртвай кропкі. Партрэт яшчэ толькі ў накідзе, у зародышы. Прайшло паўгода ўжо, калі верыць жонцы, а ўсё яшчэ толькі на першай прыступцы.
Рука ўзяла пэндзаль. Загадаў сабе не расслабляцца, а аддавацца з усяе сілы працы. Пачаў вымалёўвацца шэры касцюм, прайшоўся пэндзаль і па капелюшы.
Да твару чамусьці не хацелася дакранацца. Сам не ведаў, чаму. Мусіць, ад таго, што не запаміналіся яго рысы, хаця з Анатасам мы правялі ні адну гадзіну разам... Выветрываліся. То ўяўляўся строгім, то хітрым і хцівым, а то і пяшчотным... І таму губляўся, не ведаў, які ж узяць за аснову.
Нават не ведаў, якія буду маляваць яму вочы. У час нашай першай сустрэчы мне яны падаліся карычневымі, як каштаны ці кара сасны, а як прыйшоў на “Алкеп” – блакітнымі. А калі пазіраваў мне апошні раз – жоўта-зялёнымі... Ніколі не заўважаў такога ні за адным чалавекам... Але ж ніколі і не атрымліваў такога незразумелага заказу, і не сустракаўся з такой загадкавай асобай, як Анатас.
Канчаткова вымаляваўся пінжак. Ён пераліваўся, зіхацеў. Свяцілася кожная нітачка, а капялюш, быццам скура балотнай гадзюкі, блішчэў трывожна луской.
Больш нічога не мог ні дадаць, ні адняць да яго прыкіду. А вось твар. Ён то ўспыхваў у маім уяўленні, то знікаў. У нейкае імгненне ўдалося зафіксаваць яго ў памяці, думкава сфатаграваць, – рашыў цвёрда такім яго і паказаць...
Не стома авалодала мною, а абыякавасць. І аніякага жадання працаваць…
І пайшла-пакацілася зноўку па ўсім целе, так бы мовіць, агульная млявасць і абыякавасць да жыцця...
Агульная млявасць і абыякавасць да жыцця...
На “Алкепе” пастаянна стаяў дзень – ні ў адным пакоі не
ўбачыў ўключальнікаў святла, як і лямпачак ці люмінісцентных трубак. Святло ўсюды аднолькавае і нябачнае.
За вокнамі незразумеласць – ці то вечар, ці то ноч... Колькі ні выглядваў, ніводнага разу ні на чым не спынялася вока, хіба толькі тады, як з Анатасам глядзелі на Навабеліцу. Дык і то ўсё выглядала неяк ненатуральна, – як у хворым маім уяўленні... Мо ён такі фокус паказваў мне, дражнячыся...
На тумбачцы каля галавы расла і расла куча “зеляніны”. Хто іх клаў і калі, не ведаў, як, безумоўна, і сумы. Нават кранацца грошай не меў жадання. Прапала да іх усялякая цікавасць...
Перабіраў у памяці першую з Анатасам размову і дамову. Мы абгаварылі тады адзін пункцік, які сам Анатас і прапанаваў – мая творчая камандзіроўка будзе доўжыцца да тае пары, пакуль не скончу маляваць яго партрэт. І было вызначана, што для гэтага дастаткова будзе пяць сеансаў. Залежала ўсё ад майго імпэту і настрою... А ў нас усяго, як і памятаю, адбыўся адзін сеанс... Значыць, засталося яшчэ чатыры. Ну, мо пяць-шэсць... Але ў якім, праўда, вымярэнні?
І тут жа на памяць прыйшла вытрымка з Бібліі, калі Бог сказаў: “У мяне дзень як тысяча год, а тысяча год, як адзін дзень…”
За акном ці то падаў снег, ці кружылася, таўклася машкара пад млявым святлом, – не зразумець. Не меў жадання ўставаць і рассоўваць шторы, каб пераканацца ў чым-небудзь, – усё роўна нічога не ўбачу і не зразумею... Нылі ногі і спіна. Анямела правая рука.
Ляжаў, раскінуўшы рукі, выдаўжыўшы ногі, прагнаўшы ад сябе думкі і жаданні, развагі і перажыванні...
Падалося, што не ў ложку, а над ім вісеў у паветры, – і ахутвала мяне прахалоднае паветра.
Хіліла ў сон... І скарыўся яму...
Прачнуўшыся, адчуў незвычайную лёгкасць і ўзрушанасць.
Рука міжволі ўзялася за паркераўскую ручку з залачоным пяром – не ведаю, хто яе і паклаў на стол... Але ж каля ручкі ляжаў і аловак Хурса.
Мне захацелася напісаць пачатак рамана, які назваў “Якаў – брат Хрыста”. Якаў – першы архіепіскап праваслаўнай царквы ў Ерусаліме, з’яўляўся братам Хрыста. То яго язычнікі і юдэі зацягнулі на вяршыню Храма і сказалі: “Калі ты сапраўды брат Хрыста, то Ён, калі мы цябе скінем, павінен цябе ўратаваць і не даць разбіцца...” І скінулі на зямлю. Ён яшчэ дыхаў, калі падышоў да яго прахожы абутнік. “Не памог табе Хрыстос, значыць, ты не Яго брат, ці Ён не твой...” І цяжкай калатушай ударыў колькі разоў па галаве...