Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– А вы праходзьце, даруйце мне, – спахапілася Эльвіра, адчыніла дзверы, а самую не пакідала няўцямная трывога і недаўменне, адчула нешта нядобрае, нават агіднае, калючы халадок пашыўся пад грудзі. – Тут і бацька Віктара, у госці прыйшоў да мяне.
– Гэта добра, – адобрыла Алачка ўпэўненым голасам – яна адразу ўхапіла сітуацыю ў свае рукі, цяпер ужо ведала дакладна, што ёй рабіць, як ісці ў наступ: усё абарочвалася як нельга лепей, нават не так, як яна планавала.
Госця прайшла ў залу, дзе на канапе сядзелі хударлявы мужчына пажылога веку – у ім пазнала Віцевы рысы, і круглатварая жанчына з касой, заплеценай на спіне.
– Добры дзень вам!
– Дзень добры!
Агледзелася. Звычайная абстаноўка, якая бывае ў кожнай хаце. Кожная сям’я купляла тое, што прадавалі, што “прабівалі” ці то на гандлёвых базах, ці ў крамах. А прадавалі адно і тое ж – выбару не было ніякага. Сервант, кніжная шафа, “сценка”, люстра, дыван на сцяне...
– Дык я слухаю вас, – адарвала Эльвіра госцю ад агледзін, села побач з бацькамі на канапу. – З-за нечага ж вы ехалі ў такую далеч... Прысядзьце.
Госця не спяшалася з адказам, не спяшалася і сесці, як шкадавала ўсё роўна сваю ахвяру, адцягвала тую хвілінку, калі запусціць вострыя кіпцюрыкі ў яе сэрца, пад крамяныя грудзі, якімі выхваляецца. Запусціць без жалю, без шкадавання, як не шкадуе яе Віцік, пасміхаецца і здзекваецца з яе. Адыграюцца яму яе слёзы. А ў гэтым жыцці толькі так: альбо ты, альбо цябе... А што?
– Так, сапраўды такая далеч ад Мінску, намучылася. А магла і не ехаць. Як вам сказаць, як прызнацца, з-за чаго прыехала... – Ала села на крэсла, што было прыткнута да серванта, ёмка ўселася ў ім, як мела на тое поўнае права, адначасова падбірала неабходныя і патрэбныя словы. – Аднойчы мы рахтаваліся да экзаменаў і Віктар зацягнуў мяне ў пакой, каб я яму расказала пра тэму, лекцыі па якой ён прапусціў. Ён скруціў мне рукі, паваліў на ложак і ссільнічаў, згвалтаваў...
Ала апусціла скрушна галаву, уздыхнула.
– Гэта б нічога, я стрывала б абразу, але ў мяне будзе дзіця. У нас з ім будзе дзіця. Вось я і прыехала да вас, каб расказаць, каб параіцца, што нам цяпер рабіць... Па-людску ўсё трэба зрабіць, як дыктуюць абставіны...
Эльвіра збялела, нахмурылася. Да яе усё яшэ не даходзіў сэнс сказанага, пачутага ёю. Жарт? Дык няўдалы. Нагавор? Дык для чаго?
– Хм... Абставіны... – заўсміхалася кісла Эльвіра, зразумеўшы недарэчнасць абставінаў. – У яго ж сям’я. І вам не сорамна было класціся з жанатым мужчынам у ложак, і потым разбіваць яго сям’ю. Вы гэтага хочаце, так?
– А што? Я не вінаватая ў гэтым.
– Хто ж вінаваты? Як можна згвалціць жанчыну ў інтэрнаце, калі вакол людзі, і ўсё чуваць, што робіцца наўкола?
Алачка прапусціла яе словы, не адрэгавала, толькі зрабіла здзіўленыя вочы і паціснула плячыма:
– Ён кляўся мне ў каханні і таму я паверыла яму. А цяпер напрошваецца такі вывад – пажыла ты, а цяпер я з ім пажыву. А што?
– Гэта ж нахабства, Алачка! Не па-чалавечы неяк. Няўжо табе няма халастых хлопцаў, свабодных, прыгожых? Я нават не веру, што ты была з ім у ложку. З некім іншым пераспала, а на Віктара дзіця хочаш павесіць?
– З іншым, Эльвіра? Спытай у яго сама. Ён усю праўду табе раскажа. Прызнаецца, нідзе не падзенецца.
Пелагея Арцёмаўна, маці Віктара, пачуўшы размову, перамянілася ў твары, папрасіла нявестку прынесці вады. Бацька яшчэ нічога не разумеў, да яго ніяк не даходзіў сэнс пачутага.
– Можна я ў вас застануся начаваць, бо я тут нікога не ведаю, – папрасіла нясмела Ала, павесялеўшы, што пераступіла парог няпэўнасці, што яна выбілася на роўную дарогу ў задуманым клопаце. Як душэўны груз з сябе скінула, палёгку адчула. А ў душы смяялася – во які канцэрт наладзіла ўсім.
– Што ж з табой паробіш, нахабства, бачу, табе не займаць, – уздыхнула Эльвіра Шарамецьева, зразумела, як звязваў Віця ёй рукі – сама найперш каму хочаш звяжа, але то ўжо дэталі, што здарылася, тое здарылася, калі яно і сапраўды адбылося...
– Сітуацыя, – заўсміхалася прыезджая студэнтка, – як з яе і выбрацца...
– З-за цябе ўсё...
“Нічога, – падумала пра сябе студэнтка, – выцерпяць адну ноч, нікуды не падзенуцца, я ўжо як-ніяк і родзічкай ім даводжуся... Свёкар і свякруха прызнаюць мяне, усё яшчэ наперадзе... А што?..”
– Ды не з-за мяне, Эльвіра. З-за яго...
4.
Жонка хворага прыехала праз сорак хвілінаў. Зайшла ў кабінет, паставіла на крэсла побач з доктарам цэлафанавы пакет з бляшанкамі чырвонай ікры.