Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
У Крушніках жа любая хата магла абагрэць жабрака ці адзінотніка, накарміць, супакоіць. Ад кожнага вяскоўца выпраменьвалася такая цеплыня і дабрыня, што магла вярнуць да жыцця любога чалавека, які расчараваўся ў жыцці.
У горадзе займеў адукацыю, атрымаў пашпарт, уладкаваўся на працу. Але адчуваў сябе чужым сярод гарадскога люду.
І калі на сэрца насоўвалася чорная хмара, душу прыгнятаў цяжар і рабілася невыносна, – ішоў у царкву. Протаіярэй узносіў Хвалу Богу, заклікаў разам з ім прасіць помачы ў Госпада, уключаўся ў агульную малітву. І тады толькі адчуваў яднанне чалавечых душаў...
Мы ўсе аднолькава, нароўні з усімі, выглядаем перад Богам.
Толькі ў царкве я адчуваў радасць роўнасці з усімі людзьмі.
Стаяў, памятаю, раскормлены сучасны багацей, алігарх, якога я добра ведаў. Ён запанеў на падмане, крадзяжы і хабары. Маліўся, думаючы, што ачысціць сваю душу перад Вышнім.
Злева ад мяне стаяла грэшніца, нарадзіўшы невядома ад каго дзіця і пакінула яго ў радзілцы, – малілася, просячы ў Божай маці помачы. Не даравання грахоў, не парады, як стаць на шлях праведнасці і шанавання запаветаў Вышняга, а дапамогі... Якой, яна і сама не ведала, як і не ўмела маліцца перад абразамі...
І я таксама, хлусіўшы на старонках газеты, у якой часова працаваў, прасіў у Творцы дараваць мне мой грэх… І не толькі гэты...
Да Бога прыходзяць усе. Хто шчыра, а хто, аддаючы даніну модзе. Але ўсе накладалі на сябе крыж і чыталі малітву…
Я нікога не асуджаў. Бо не меў на тое аніякага права. Як і яны, людзі, не мелі права судзіць мяне. Тое права належала толькі Богу. Бо і я ж такі быў, як і яны, таксама меў грахі, і сёння маю... А грахі перад Вышнім не бываюць вялікія ці маленькія. Грэх – ён і ёсць грэх. Бязгрэшных людзей на зямлі не бывае...
За акном не відаць Навабеліцы. За ім увогуле нічога не бачна: суцэльная цемень. Ды і не ноч, мусіць, і не дзень. Бо ні зорак на небе, ні месяца, ні сонца...
А тут, у майстэрні, светла. І невядома толькі, адкуль цадзілася тое святло. І ценяў не было, як і казаў Анатас. Адсутнічала крыніца святла, а свяцілася ўсё само па сабе. Свяціўся стол, кнігі, сцены, падлога... Але нябачным святлом – не зыркім, а нейкім загадкавым, спакойным, не кідкім. Столь быццам бы і існавала, а быццам бы яе і не было зусім.
Адзначыў пра сябе, што, мусіць, адзінае адрозненне гэтай і той, маёй, сапраўднай, майстэрні, ў тым, што ў алкепаўскай адсутнічала люстра. А так усё астатняе супадала. Ды во, мусіць, яшчэ – Ясь і Яніна без мяне, тут не сварыліся, адвярнуўшыся адно ад аднаго, але ж і не кахаліся, – маркотнымі выглядалі: як не жывыя сядно. А, можа, мне тое толькі здавалася, не ведаю. Шмат чаго не ведаў яшчэ, што адбывалася круга мяне.
За шафкай, на якой стаялі закаханыя, зазваніў неспадзявана тэлефон – меладычна, як бы выбачальна.
“Тут і тэлефон, аказваецца, ёсць? – падзівіўся я. – Не заўважаў раней? Ці бачыў, ды забыўся зусім пра яго?”
– Алё, слухаю!
– Антон, добры дзень, гэта я!
Голас пазнаваў і не пазнаваў. Губляўся ў здагадках. І, каб не памыліцца, маўчаў, чакаў.
– Алё, Антон! Ты ўжо ў майстэрні? Вярнуўся з паездкі?
Гэта жонка, аказваецца, пазваніла мне ў маю майстэрню.
– Дзень добры! Ды не, Ліка, яшчэ не вярнуўся...
– Як не вярнуўся? А куды ж тады я, па-твойму, пазваніла? Мо няправільна набрала нумар тэлефона? Ты ж цяпер у майстэрні?
– І так, і не.
– Як гэта?
– Калі вярнуся, усё растлумачу.
– А цяпер ты дзе?
– На “Алкепе”...
Жонка маўчала, не верачы маім словам. Мусіць, думала, што я прыдурваўся, пад’южваў яе. І я так падумаў бы на яе месцы.
– Мо хопіць жартаваць, Антон?
– Я не жартую. Усё яшчэ выконваю заказ. А партрэт пакуль што не атрымліваецца. Ты мне скажы, колькі часу я адсутнічаю?
– А што ў цябе няма календара ці гадзінніка?
– Тут усё ідзе наадварот, час імчыць назад.
– Дзе гэта “тут”, і як гэта “наадварот”? Цябе няма ўжо амаль паўгода...
– Што?! – зароў у слухаўку, пачуўшы яе словы. Паўгода?! Я ж усяго адзін раз маляваў яго партрэт!..
– Роўна шэсць месяцаў, Антон, сёння. Быццам і не ведаеш?
– Не ведаю. Даруй... У нейкай багне апынуўся.
– Колькі яшчэ там прабудзеш?
– Я не...
І ў гэты ж момант перарвалася сувязь. Цішыня: ні трэску, ні шыпення ў слухаўцы, ні кароткіх гудкоў. Не паспеў сказаць жонцы пра галоўнае, што не ведаю, колькі прабуду тут. Не паспеў, ці мне нехта не дазволіў тое сказаць? Я і сапраўды не ведаў, колькі буду знаходзіцца на “Алкепе”, як і не ведаў, за які час я змагу выканаць заказ.