Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Здаецца, учора ікра паступіла да вас... Вось пакуль я буду лячыць вашага мужа – а гэта яшчэ каля гадзіны будзе, бо у Віталія Цаплеевіча вельмі ўсё запушчана, – ці не змаглі б вы за гэты час прывезці мне тры-чатыры бляшаначкі. Вельмі трэба. Дзеці хворыя, на ўліку ў дыспансеры...
Ала – сама цнатлівасць, сама невінаватасць. Папрасіла яна такім няшчасным голасам, што хіба ж адмовіш гаротнай жанчыне, якая так клапоціцца пра сваіх дзетак, і во, яе мужа, што сядзіць у крэсле, палечыць добра...
– Добра, я пастараюся, – паднялася жанчына, паглядзела на мужа, які сядзеў да яе спіной – хацела пераглянуцца з ім, удакладніць нешта, але, уздыхнуўшы, адчыніла дзверы і выйшла ў калідор.
Алачка нахілілася як мага ніжэй да хворага, пачала пільна ўглядацца, вызначала, што будзе далей рабіць...
2.
– Ты куды сёння?
Пытанне для дзяўчыны прагучэла як чароўная незямная мелодыя, доўгачаканая, жаданая, і яна аж спалохалася свайго радаснага прадчування – ён, Віцечка, якога яна сніла, якім жыла, якога раўнавала да ўсіх дзяўчат усіх курсаў і патокаў, якіх ён вадзіў да сябе ў пакой, першы загаварыў нечакана з ёю. А то ж ніколі і не глядзеў у яе бок, колькі ні сілілася прыкаваць яго ўвагу да сябе, – як і не існавала яе на зямлі.
– Не ведаю...
Голас ціхі, затоены, з прыдыхам. Часцей забілася сэрца: “Чаго спытаў? Няўжо закадрыць мяне хоча?”
– У мяне ёсць выдатная бразільская кава. Ты любіш, Алачка, каву?
– Люблю. А дзе твае сябры?
– Сябры? – Віктар перапытвае і смяецца, глядзіць на яе сінімі вачыма – ведае, чаго цікавіцца дзяўчына, адзіноты хоча. – Гуляць пайшлі. І гуляць будуць да заўтрашняга вечара...
– Гуляць? Да заўтрашняга вечара?
Яна не разумела. Выгляд зрабіла, што не зразумела, хаця ўсё выдатна ведала наперад – і пра тое, што ў пакоі Віктара адначасова маглі знаходзіцца цэлую ноч па дзве, а то і па тры пары, займацца ў адкрытую каханнем, распрануўшыся дагала, не саромеючыся адно аднаго. Потым мяняліся дзяўчатамі і хлопцамі, і ніхто ні на кога не скардзіўся, не раўнаваў. Наладжваўся сапраўдны эдэм.
Перапытала здзіўлена-наіўна:
– Жартуеш?
– Ды не. Проста Колабаў з’ехаў дадому – з маці нешта там здарылася, а Макушнікаў падаўся ў Зялёны Луг на п’янку – дзень нараджэння свайго родзіча, сказаў, што начаваць там будзе, што п’яны праз увесь горад ехаць не хоча...
Яна нейкі час раздумвала, зазірнула наіўна яму ў вочы:
– А гэта нічога, што мы будзем адныя? Ты ж нічога не дазволіш сабе, праўда?
Ён зноў рагоча, у яго блішчаць роўныя зубы, пра якія так падрабязна гавораць на занятках і лекцыях, якія некалі прыдзецца ім лячыць, пламбіраваць, вырываць... Юнак упэўнены у сабе, ён атлетычна складзены, ходзіць пружыніста, бы кот. Яго і сапраўды празвалі за вочы катом, ды яшчэ і памыйным. З-за таго, што таптаў дзяўчат без разбору і сумневу, нават мог і не ведаць, як каторую і завуць. Але ж сілком да сябе ён іх не цягнуў – самі прыставалі да яго, навязваліся настойліва і бессаромна.
– Праўда, Алачка, як скажаш, так і будзе.
– Ну, глядзі. Я паверыла табе.
– Правільна, што паверыла. Праз гадзіну чакаю цябе.
... Яна зайшла ў пакой смела, як быццам і прыходзіла туды кожны дзень. Не здзівілася эратычнаму календару, які вісеў над ложкам Віктара – маладыя дзявочыя грудзі ўпірался ў валасатыя грудзі юнака. На ложку ляжаў такі ж часопіс, на вокладцы якога буйным планам у натуральных колерах было паказана інтымнае дзеянне... Ала з абыякавым выглядам, быццам стары “Огонёк”, узяла і пачала гартаць бліскучыя старонкі.
Спачатку ў яе ледзь прыкметна заружовіліся шчокі, потым адчула, як нешта соладка-мройна кальнула ў саскі грудзей і скроні, па целе разлілася млявасць і неадольнае жаданне патушыць пажар, які паміма яе волі разгараўся ў ёй...
Запахла кавай. Ён заварваў і назіраў за ёю, прасочваў яе рэакцыю ад фотаздымкаў. І не памыліўся – дзяўчына ела вачыма ў старонкі, у яе пачало забівацца дыханне, позірк абвалокваўся санліва-пажадным шалам... Госця перагарнула апошнюю старонку, калі гаспадар падсеў на табурэцік і падаў ёй кубачак кавы. Яна падзякавала, падкурчыла пад сябе ногі, уладкоўваючыся на яго ложку. Віця дастаў з тумбачкі пляшку каньяку і, не пытаючыся ў яе згоды, ладна лінуў у кубак. Яна і не пярэчыла, прымала ўсё так, як ён і дыктаваў.
Ад гарачай кавы і каньяку злёгку закружылася галава, пакойчык адразу падаўся маленькім і ўтульным, а хлопец яшчэ больш прывабным і жаданым. Ён дапіў каву, каньяк, сеў побач, глядзеў, не адрываючыся ад яе.
– Табе падабаецца наша логава?
Пытанне прашаптаў амаль нячутна, затоена, як бы запрашаючы да інтымнасці, яшчэ, каб пачуць яе адказ і пераканацца – ці “саспела”, ці не будзе марокі з ёю далей.