Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– І таму ты не можаш не пагадзіцца са мною, што яе неабходна даследаваць ва ўсіх пласкасцях дзейнасці Homо Sapiens, ці не так? – падхапіў маю думку капітан Ной.
– Так. Згодзен. Разумнаму чалавеку гэта не толькі інфармацыя для роздуму, а кірунак яго жыцця – паводзінаў, дзеянняў, учынкаў.
– Што і патрабавалася даказаць! – пляснуў у далоні Анатас. – Во як мы паразумеліся!
– Хіба? Тое ж агульнавядома!
– Так, ды не так... Ісціну таксама можна павярнуць у любы бок, а то і перавярнуць...
– Я не пераварочваў яе.
– А сказаў жа – “можна”...
Далей з ім спрачацца ці даказваць што, не было ўжо сэнсу.
– Ну, што, мо на сёння разумовай размінкі і хопіць? Мусіць, стаміўся і ад малюнка, і ад размоў са мной, ці не так? Адпачываем, Антон?
Зазірнуў у самога сябе – дзівячыся, няўжо гэта гаварыў я? Ці хто іншы за мяне? Хто развязаў мне язык, хто ўклаў у галаву такія думкі?
“Наеўся, напіўся, лёг спаць – коўдрай накрыўся...”
Гэта выслоўе майго сябрука Міколы Пушкара. Гэта ён спаў на адкрытым паветры ў канцлагеры, накрываючыся халодным небам. Першы раз нямецкім небам, а другі – савецкім, сталінскім...
Яго танк падбілі фашысты. Параненага, беспрытомнага, узялі ў палон. А на радзіме адседзеў за тое, што выжыў ў тым палоне...
Ляжу ў ложку, абдумваю сваё жыццё, падзеі апошніх дзён і гадзінаў.
Сказаць, што задаволены прапанаваным мне Анатасам, будзе няпраўдай. Адгаворвацца, што не прымаў яго, супраціўляўся, – таксама не. Душа і Голас пакуль таксама маўчалі, – значыць, і яны не пратэставалі. А чаго, спытайце, пратэставаць? Супраць таго, за што ўзяўся – маляваць? Дык гэта ж асноўнае ў маім жыцці, чым займаюся. За гэта бяру грошы , ды і не абы якія… Не вымагаю, мне плату прапанаваў капітан Ной, Нэма, Заказчык, – ці як яго яшчэ інакш называць...
Усё ж нехта другі ўва мне гаварыў са мною крышку інакш. Нешта падсвядома мяне ўсё ж грызла, непакоіла, а што, не мог даўмецца. Нейкая дробязь, стрэмка. Як іголачка ад ажынніку ўелася, дробненькая-дробненькая, і я не мог яе ніяк разгледзець, каб выцягнуць...
Мо хіба размовы, балабольства з Ноем пра Біблію непакояць мяне? Дык і што тут такога? Ён гаворыць, я слухаю... Недзе згаджаюся, а недзе і не... Што ж тут супраць Бога? Гэта ж не сумненні, гэта ж не недавер да Бібліі, а, наадварот, – спроба асэнсаваць яе. Ці не таго ж хацеў і сам Бог, дасылаючы гэты дакумент нам? Я ж асабіста ніколі не ўсумнюся ў тым, што Свяшчэнны пастулат вучыць нас дабру і справядлівасці. І таму ніколі не народзіцца ў мяне недавер да той ісціны, што ёсць Бог, ёсць Хрыстос і Святы Дух, што існуе свяшчэнны і патаемны ўплыў на кожнага чалавека, як і на кожную жывую істоту.
Спаць не хацелася. З’явілася зноў жаданне пазваніць жонцы, але гадзіннік паказваў зноў недзе за дзве гадзіны. Ці мне толькі тое падалося? Нейкі пагнуты цыферблат і стрэлкі перакручаны... Як на малюнку Далі. Няўжо і ён знаходзіўся ў такой сітуацыі, у якой аказаўся я? Гадзіннік, здавалася мне, зроблены з цеста ці з пластыліну. А мо і з пластмасы, якая аплавілася ад агню і дэфармавалася... А той гадзіннік, што ў мяне на руцэ – “Прамень” менскага завода – дык і зусім выглядаў з перавернутым цыферблатам, секундная стрэлка рухалася ў адваротным кірунку...
Не, тое мяне не напалохала, і нават не здзівіла, – быццам падрыхтаваўся да... Да чаго? Да – выпрабавання? Ці да такога жыцця? У галаве вінігрэт ці каша... Нічога пэўнага адказаць самому сабе не магу.
Міжволі падумалася: “А колькі часу тут знаходжуся? Два, тры, пяць дзён? Неяк незразумела бяжыць час – то здаецца, што ён паўзе марудна, а то раптоўна пачынае імчаць з шалёнай хуткасцю, і невядома, наперад ці назад...”
Анатас казаў, што за кожны дзень, праведзены на “Алкепе”, будзе адлічваць па дзесяць тысячаў і складваць грошы на тумбачцы, што стаяла побач з ложкам. У кожнай пачцы па дзесяць. Палічыў іх. Налічыў васемнаццаць. Гэта азначала, што столькі дзён правёў на караблі? Здаецца ж, прыходзіў сюды начаваць усяго тры разы, ну, няхай чатыры, не болей. Тады я роспачна пытаюся ў самога сябе – як такое магло адбыцца?! Незразумела. І час, і дні, і думкі – усё неяк наперакасяк, шыварат-навыварат...